У Дзень роднай мовы ў Карэлічах прайшла акцыя «Пераходзь на беларускую»
Сёння, у Міжнародны дзень роднай мовы, на пешаходным пераходзе каля мемарыяльнага комплекса «Зорка» ў Карэлічах прайшла акцыя пад назвай «Пераходзь на беларускую». Вучні 10 класа СШ №1 г.п. Карэлічы Паліна Юрэвіч, Арына Шавейка і Мікіта Ляўковіч, апранутыя ў беларускі строй, нагадвалі карэліччанам аб святкаванні Дня роднай мовы і заклікалі пачаць размаўляць на мілагучнай беларускай мове.
Месцам правядзення акцыі пешаходны пераход быў выбраны зусім невыпадкова. Калі вучні заклікалі жыхароў раёна пераходзіць на родную мову, начальнік міжраённага аддзела Дзяржаўтаінспекцыі Навагрудскага РАУС Дзмітрый Аскерка нагадаў удзельнікам акцыі аб неабходнасці пераходзіць праезную частку толькі па пешаходным пераходзе.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара