В честь Дня защитников Отечества волонтёры Кореличчины подарили тепло и внимание ветеранам и участникам Великой Отечественной войны
Штогод напярэдадні важных і значных свят, якія адзначаюцца па ўсёй краіне, дзясяткі і сотні ветэранаў як ніколі чакаюць нашага клопату і ўвагі. Яны – жывыя сведкі тых страшных падзей – заслужылі бязмерную падзяку і нізкі паклон за тое, што змаглі, выстаялі і адваявалі для сваіх дзяцей і ўнукаў доўгачаканую Перамогу.
З нагоды Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь нераўнадушныя ўдзельнікі валанцёрскай групы “Напоўнім міласэрнасцю сэрцы” на чале з загадчыкам аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна Вольгай Жук, а таксама валанцёрскі атрад “Спагадлівае сэрца” разам з выконваючым абавязкі першага сакратара РК ГА “БРСМ” Аксінняй Ждан наведалі ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, каб яшчэ раз выказаць ім цёплыя словы ўдзячнасці за спакой на зямлі.
Так, шлях неабыякавых да лёсу герояў Карэліччыны пралягаў праз дамы Уладзіміра Буя і Паўла Бычко з гарадскога пасёлка Мір, Пятра Шэўкі з аграгарадка Краснае, Вольгі Хіневіч з вёскі Кожава. Не абышлі ўвагай валанцёры і дамы Міхаіла Харуты з аграгарадка Аюцавічы, Зінаіды Ляшчынскай з вёскі Загор’е, Таццяны Валуевіч з аграгарадка Жухавічы і дзвюх жыхарак райцэнтра – Анастасіі Грышынай і Надзеі Кужалевіч.
Удзельнікі і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны гасцінна запрашалі нас ў хату, іх родныя дзякавалі валанцёрам за ўвагу, а апошнія не толькі дзякавалі за здабытую потам і кроўю Перамогу, але і радавалі герояў падарункамі, якія яшчэ не раз нагадаюць аб тым, што кожны з нас памятае аб іх подзвігу.
Даведка «Полымя»
На тэрыторыі Карэліцкага раёна жывуць 10 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, 9 інвалідаў і ўдзельнікаў, 4 сям’і загінулых, 27 вязняў нацызму, 3 інваліды з дзяцінства ў выніку ранення.
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара