8 марта, 15 лет назад, кореличчанка Анна Скворода получила лучший подарок — дочку Викторию

8 сакавіка 2005 года карэліччанка Ганна Скварада атрымала лепшы падарунак у сваім жыцці – дачушку Вікторыю.

? – Тэрмін быў 7 сакавіка, але Віка вырашыла з’явіцца на свет 8 сакавіка ў 1.10. Усё прайшло спакойна, мы да раніцы нават паспелі адпачыць, а пасля цэлы дзень прымалі віншаванні. Лепшага падарунка я не магла сабе і пажадаць, – усміхаецца Ганна.

? – А для мяне самы цудоўны падарунак – гэта ты, – падхоплівае размову Вікторыя. – А яшчэ тое, што мой дзень нараджэння заўжды выхадны, і можна насалодзіцца адразу двума святамі. Звязана з 8 Сакавіка ў нашай сям’і і асаблівая традыцыя. Звычайна я рана ўстаю, каб прыгатаваць матулі з любоўю сняданак.

? – Так, Віка ў мяне такая – сонечная, добразычлівая, пазітыўная і з вялікім сэрцам, – з пяшчотай распавядае Ганна. – У маёй дачушкі вясновы характар. Але пры сваёй лёгкасці яна – вельмі мэтанакіраваны чалавек, калі нешта вырашыць, то абавязкова здзейсніць.

? – Зараз па-іншаму нельга, бо я вучуся ў 9 класе сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы, наперадзе – экзамены ды яшчэ паступленне, хачу звязаць сваё прафесійнае жыццё з замежнымі мовамі, расслабляцца няма часу, – адзначае Вікторыя. – А так для душы мне падабаюцца танцы, акцёрскае майстэрства, заняткі пра працоўным навучанні, увогуле, што-небудзь майстраваць, ствараць рэчы сваімі рукамі. Люблю праводзіць час на прыродзе, асабліва вясной, калі ўсё навокал квітнее, а побач – матуля.

? – Сапраўды, мы з маёй дачушкай сяброўкі і вельмі прывязаныя адна да адной. За гарбатай дзелімся патаемным, можам паплакаць над фільмам ці проста пайсці пагуляць па райцэнтры, – дадае Ганна. – Таму хочацца пажадаць напярэдадні свята ўсім жанчынам сямейнага шчасця, цёплых узаемаадносін з блізкімі, міру, дабрабыту і спакою.

? – А яшчэ мы нядаўна на класнай гадзіне абмяркоўвалі тэму мацярынства, – дзеліцца на развітанне Вікторыя. – І я ў нейкі момант усвядоміла, што, так, сучаснай жанчыне важна дасягнуць поспеху ў прафесіі, але самае вялікае шчасце – стаць мамай і дарыць сваю любоў дзецям. Хочацца бачыць вакол як мага больш вялікіх і дружных сем’яў, дзе пануюць радасць, разуменне і падтрымка.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара