Активная молодежь из Красного познакомилась с азами армейской жизни

Традыцыйна люты лічыцца самым мужным месяцам з сапраўдным мужчынскім характарам. Таму і завяршыць яго вучні 8-11 класаў ДУА “Красненскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа” вырашылі сустрэчай на тэму “Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь: на варце бяспекі і суверэнітэта” ў межах інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа Актыўнага Грамадзяніна”.

Пытанне юныя красненцы выбралі няпростае, таму на дапамогу – разабрацца ва ўсіх нюансах жыцця беларускай арміі – запрасілі ў госці прадстаўнікоў адасобленай групы (Карэліцкага раёна) ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў – яе начальніка Сяргея Шаліна і вядучага спецыяліста Канстанціна Зарубайку. Мадэратарам пасяджэння выступіла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Юлія Скварада. Да таго ж, ініцыятыўная група школьнікаў разам з настаўнікамі падрыхтавалі спецыяльна да сустрэчы мультымедыйную прэзентацыю, відэаролікі і выставу малюнкаў да 75-годдзя Вялікай Перамогі.

Першая частка мерапрыемства складалася з двух крокаў на шляху знаёмства з тэмай пасяджэння. Падчас першага з іх вучні даведаліся шмат новага пра Узброеныя Сілы нашай краіны. Карыснай інфармацыяй з юнымі актыўнымі грамадзянамі з Краснага падзяліўся Сяргей Шалін, а важнымі дапаўненнямі, асабліва наконт прызыву, – Канстанцін Зарубайка.

Другі крок у раскрыцці тэмы сустрэчы быў інтэрактыўны. Моладзь не толькі адказвала на пытанні мадэратара і гасцей, але і сама фармулявала свае, дзялілася ўласнымі меркаваннямі па найбольш хвалюючых момантах размовы. Усе прысутныя адзначылі, што пасяджэнне мела выключна пазітыўны характар і змусіла на многае ў беларускай арміі паглядзець з іншага боку.

А тым часам красненскіх школьнікаў на вясновых канікулах чакаюць другая частка мерапрыемства і, адпаведна, трэці крок. Яны накіруюцца на экскурсію ў воінскую часць у Навагрудак і ў рэальнасці пазнаёмяцца з армейскім жыццём.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара