Идеологический актив Кореличского района подвел итоги 2019 года и озвучил задачи на будущее
Данесці асноўныя каштоўнасці і прыярытэты ў дзяржаўнай палітыцы да шырокіх мас, наладзіць эфектыўны дыялог калектыву з мясцовай вертыкаллю ўлады і стварыць камфортны і спрыяльны працоўны клімат для работнікаў – кола абавязкаў ідэолага надзвычай шырокае. І як паказаў падчас выніковага паседжання савета аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама дэтальны агляд вынікаў дзейнасці ідэалагічнага актыву Карэліччыны за 2019 год, нам ёсць кім і чым ганарыцца на гэтай ніве.
Леташнія поспехі ідэолагаў раёна адзначыла ў сваім дакладзе і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыня РА ГА “Беларускі саюз жанчын” Іна Санчук. Адначасова яна зрабіла акцэнт на тым, што 2020 год ставіць перад кожным прысутным шэраг важных і абавязковых да выканання задач, у тым ліку і дзяржаўнага значэння.
– Разам з вамі летась мы прайшлі праз многія маштабныя і нават эпахальныя падзеі, – засяродзіла ўвагу залы кіраўнік аддзела. – Сярод іх варта ўзгадаць 75-годдзе вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, перапіс насельніцтва краіны, ІІ Еўрапейскія гульні, 25-годдзе інстытута Прэзідэнцтва і Канстытуцыі дзяржавы. Карэліцкі раён на высокім узроўні прыняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь падчас яго візіту на ААТ “Карэлічы-Лён”, а таксама працягам года шэраг дэлегацый, як з розных куткоў нашай краіны, так і замежжа. Важнай падзеяй у жыцці ідэалагічнага актыву Карэліччыны стаў семінар па абмене вопытам з удзелам ідэолагаў і прафсаюзных лідараў з Баранавіч. 2020 год мы сустракаем таксама з грандыёзнымі планамі. Наперадзе – святкаванне 75-годдзя Вялікай Перамогі і 80-годдзя Карэліцкага раёна, выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Упэўнена, што мы належным чынам падрыхтуемся да гэтых падзей. Але варта памятаць і пра надзённае, а дакладна пра тое, што ідэолаг з’яўляецца неабходным звяном ва ўзаемаадносінах паміж калектывам і ўладай. Яго задача заключаецца ў тым, каб паміж простым чалавекам і кіраўніцтвам не заставалася нявырашаных пытанняў ці нейкіх непаразуменняў. У гэтым разрэзе вялікі плён дае практыка правядзення адзіных дзён інфармавання з выездам у розныя куткі раёна інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. У 2019 годзе на Карэліччыне прайшлі 72 такія сустрэчы, дзе прагучалі 54 пытанні ад насельніцтва (з іх 37 былі вырашаны, на 17 дадзены тлумачэнні). Добрыя вынікі дэманструе і штомесячнае наведванне прадстаўнікамі мясцовай вертыкалі ўлады працоўных калектываў. Летась адбылося 49 такіх сустрэч.
Пры гэтым, падкрэсліла Іна Санчук, ідэалагічная работа павінна быць наладжана не толькі ў рэальнай, але і віртуальнай прасторы: “Інтэрнэт адкрывае перад кожным з нас вялікія магчымасці, якімі неабходна максімальна карыстацца. На сёння ў нас у раёне дзейнічаюць 29 сайтаў арганізацый і прадпрыемстваў. На кожным з іх найперш неабходна рэгулярна абнаўляць рубрыку “Навіны” і размяшчаць анонсы падзей. Да таго ж, варта выходзіць у сацыяльныя сеткі”.
Асобна начальнік аддзела спынілася на афармленні нагляднай агітацыі: “Банэры, куткі і стэнды з дзяржаўнай сімволікай і важнай інфармацыяй, дошкі пашаны – усё гэта мусіць быць пад пільным кантролем ідэолага, каб неабходная інфармацыя была заўжды пад рукой у кожнага работніка”. Таксама Іна Санчук пазітыўна ацаніла тэндэнцыю стварэння буклетаў, фотаальбомаў і нават кніг па гісторыі і сучаснасці мясцовых арганізацый і прадпрыемстваў. Яшчэ адно плённае пачынанне – выхад калектываў у свет падчас раённых святаў і мерапрыемстваў са сваімі фотазонамі, інсталяцыямі і прэзентацыямі.
Шмат гаварылі на паседжанні савета аддзела таксама пра арганізацыю належных санітарна-бытавых умоў і стварэнне спрыяльнага псіхалагічнага клімату на працоўных месцах, закранулі тэмы аховы працы і павышэння матывацыі ў работнікаў, прыяднання іх да здаровага ладу жыцця і заняткаў спортам, а больш дэтальна спыніліся на кадравым пытанні. Тут размова зайшла пра маладых спецыялістаў. “Раёну патрэбны свежыя сілы. І наша з вамі задача зрабіць усё, каб маладыя спецыялісты заставаліся на Карэліччыне і пасля размеркавання. А гэта не толькі добрыя ўмовы на працы, але і арганізацыя цікавага вольнага часу”, – заўважыла Іна Санчук і ўзгадала ўдалы вопыт раённага клуба “Малады спецыяліст”.
Абвестку дня склала і абмеркаванне дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў і арганізацыйных структур (іх, дарэчы, на Карэліччыне 22) і дзвюх партый і іх актыўнага ўдзелу ў жыцці раёна. Таксама ў пытанні прафілактыкі і папярэджання правапарушэнняў высокую адзнаку атрымалі добраахвотныя дружыны (іх у нас 5), у працы з падрастаючым пакаленнем – студэнцкія атрады і валанцёрскія рухі, “вопыт якіх неабходна пашыраць”, канстатавала кіраўнік аддзела.
Яшчэ адным прыярытным накірункам у далейшай працы, асабліва ў юбілейны год Вялікай Перамогі, названы і працяг работ сродкамі арганізацый і прадпрыемстваў па ўвекавечванні памяці загінуўшых пры абароне Айчыны і іншых бязвінных ахвяраў войнаў, а таксама асабліваму клопату належаць малалетнія вязні і ветэраны вайны і працы.
Завяршыла свой даклад начальнік аддзела наступнымі словамі: “Усе прысутныя ў гэтай зале, як адзначыў наш Прэзідэнт, з’яўляюцца ідэалагічным фундаментам Беларусі. І ваша праца – гэта значны ўнёсак у дабрабыт нашай краіны. Увогуле, у сучасных умовах кожны працоўны калектыў з’яўляецца суб’ектам эканамічнай палітыкі дзяржавы. Менавіта ад яго патэнцыялу ў значнай ступені залежыць эфектыўнасць вырашэння задач прадпрыемства, арганізацыі і ўсяго раёна. Таму сістэма ідэалагічнай работы ў 2020 годзе будзе накіравана на рашэнне прафесійных і сацыяльных праблем кожнага жыхара Карэліччыны”.
Таксама ў межах выніковага паседжання савета аддзела шматгадовым вопытам з прысутнымі падзяліліся намеснік старшыні КУСП “Чарняхоўскі-Агра” па ідэалагічнай рабоце Алена Макар і галоўная медсястра УАЗ “Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца”, адказная за ідэалагічную работу ў дадзенай установе, Ганна Радзецкая. Цікавыя парады па працы з моладдзю прагучалі ў выступленні выконваючага абавязкі першага сакратара РК ГА “БРСМ” Аксінні Ждан, а актуальная інфармацыя па падпісцы – у дакладзе начальніка Карэліцкага раённага вузла паштовай сувязі Таццяны Самец.
Прыемным і ўрачыстым момантам сустрэчы стала ўзнагароджанне: Ганаровай граматай Галоўнага ўпраўленя ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама – загадчыка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце УА “Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж” Канстанціна Петрымана, майстра дапаможнай вытворчасці ААТ “Карэлічы-Лён” Наталлі Доська, тэхнічнага рэдактара ўстановы “Рэдакцыя газеты “Полымя” Аксаны Чачотка; Ганаровай граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама – галоўнай медсястры УАЗ “Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца” Ганны Радзецкай; Дыпломам ІІ ступені абласнога этапа конкурса “На лепшую пастаноўку ідэалагічнай работы ў арганізацыях Гродзенскай вобласці” намесніка старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК “Маяк-Заполле” Вольгі Грыгаровіч.
Таксама старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, фельчар-валеолаг Карэліцкай ЦРБ Святлана Санцэвіч уручыла Ганаровыя граматы Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа майстру дапаможнай вытворчасці ААТ “Карэлічы-Лён” Наталлі Доська і намесніку дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП “Лукі-Агра” Наталлі Мардзіловіч.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара