К 75-летию Великой Победы. Читаем фронтовое письмо Василия Радюка от 2 марта 1945 года своей семье
За гады Вялікай Айчыннай вайны савецкая ваенна-палявая пошта даставіла каля 6 мільярдаў экзэмпляраў паштовай карэспандэнцыі. Лісты з фронту вельмі простыя і шчырыя. Некалькі скупых, але бадзёрых радкоў пра сябе: жывы-здаровы, і абавязковыя пытанні аб дзецях, побыце, родных. Навучанні і рэкамендацыі аб вядзенні гаспадаркі. Часцяком вестачкі адрасаваны маці, бо бацькі таксама былі забраны ў войска, жонкам, каханым. Лісты з фронту — неад’емная частка гераічнай гісторыі нашай Радзімы.
Шлях франтавога трохвугольніка быў няпростым. Ліст перадаваўся ваеннаму паштальёну або на ваенна-паштовую станцыю воінскага злучэння. Затым пошта накіроўвалася на ваенна-паштовую базу арміі, пасля чаго паступала на ваенна-паштовы сартавальны пункт фронту, а адтуль — на ваенна-паштовы сартавальны пункт адной з зон, на якія падзялялася ўся тэрыторыя СССР. Адтуль лісты адпраўляліся на абменны пункт. Там іх грузілі ў паштовыя вагоны, на самалёты або параходы Наркамата сувязі. Толькі пасля гэтага ліст пачынаў свой звыклы шлях да аддзяленняў грамадзянскай паштовай сувязі.
З пісьма ўраджэнца маёнтка Адамова Некрашэвіцкага сельсавета, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны казака Васіля Радзюка жонцы Клаўдзіі:
«Добры дзень, дарагая жонка і дзеці!
У першых словах майго ліста спяшаюся паведаміць, што я жывы і здаровы, чаго і вам жадаю. Я знаходжуся цяпер у Венгрыі. У хуткім часе выйдзем на фронт. Хацеў бы атрымаць хоць адно пісьмо і даведацца, як вы жывяце, як тваё здароўе, дзяцей, бацькоў і сястры Марусі. Дзе знаходзіцца Коля і як жывуць лукскія: твая маці хросная Маруся і Марусін бацька? І яшчэ напішы, ці дома Амелька і хто яшчэ з дваровых. Перадай прывітанне Вацю Камароўскаму, як яго здароўе? Мы пакуль разам са сваімі хлопцамі: з Шурай Цыпрусевым, Валодзікам Зініным, Гэлікам Міхалёвым. Але і з Валодзікам Шыраном часта бачымся. Кума свайго пакінуў яшчэ ў Астрагожску і цяпер не ведаю, дзе ён. Перадай дзядзьку Івану Радзюку, што я прашу, калі будзе магчымасць і ёсць у цябе кабыла, дык няхай апрацуе зямлю табе і сваю. Калі буду жывы, то я яго аддзячу.
Канчаю ліст. З тым да пабачэння. Прывітанне табе і дзецям, і ўсім родным і знаёмым. Чакаю адказу, як ластаўка лета.
2 сакавіка 1945 года
Казак Радзюк Васіль, палявая пошта № 12945. Б.»
Гэты франтавы ліст, датаваны 2 сакавіка 1945 года, трапіў у рэдакцыю дзякуючы Уладзіміру Матусевічу, кіраўніку ваенна-патрыятычнага клуба «Віцязь» пры Лукскай сярэдняй школе. Уладзімір Уладзіміравіч шмат гадоў займаецца даследчай працай, вяртае з нябыту падзеі Вялікай Айчыннай і імёны яе герояў. Ён расказаў, што казаку Васілю Радзюку не наканавана было вярнуцца дадому да любімай сям’і. Ён загінуў у гэтым жа 1945-м у Чэхаславакіі. У адным з наступальных баёў Васіль атрымаў цяжкае раненне і застаўся ляжаць на полі бою. Выканаўшы баявую задачу, яго землякі вярнуліся за ім і знайшлі знявечанае цела свайго таварыша. З цяжка параненага салдата жорстка паздзекаваліся недабітыя эсэсаўцы: выкалалі вочы, адрэзалі вушы…
Падрыхтавала Іна ЛЕЙКА