Ко Дню Победы кореличские ветераны получат единовременную выплату
30 снежня 2019 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 491, у адпаведнасці з якім у сувязі з 75-годдзем Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ветэранам вайны і асобным катэгорыям грамадзян, якія сталі ахвярамі наступстваў ваеннага ліхалецця, будзе выплачана аднаразовая матэрыяльная дапамога. Аб тым, хто стане атрымальнікам грашовых выплат, расказала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Іна БОГУШ.
– Матэрыяльная дапамога ў памеры 2,5 тыс. рублёў будзе аказана Героям Савецкага Саюза. Інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, асобы, якія прымалі ўдзел у абароне Айчыны да 3 верасня 1945 года атрымаюць па 1,7 тыс. рублёў кожны.
На сённяшні дзень на тэрыторыі Карэліцкага раёна пражываюць 4 інваліды і 5 удзельнікаў вайны. Выплату ў памеры 900 рублёў атрымаюць тыя, хто ўзнагароджаны медалём «За абарону Ленінграда», і асобы, якія ўзнагароджаны знакам «Жыхару блакаднага Ленінграда». Гэта адзін жыхар Карэліцкага раёна. Па 700 рублёў атрымаюць грамадзяне, якія пацярпелі ад наступстваў вайны: члены сем’яў ваеннаслужачых, партызан і падпольшчыкаў, якія загінулі (памерлі), прапалі без вестак у гады вайны (жонка (муж), не заключылі новы шлюб, дзеці (у тым ліку ўсыноўленыя) і іншыя ўтрыманцы, якім устаноўлена павышэнне пенсіі па названых падставах у адпаведнасці з заканадаўствам. Калі гаварыць пра наш раён, то такую аднаразовую матэрыяльную выплату атрымаюць тры чалавекі. 27 жыхароў Карэліччыны, якія адносяцца да катэгорыі былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады вайны (у выпадку калі для гэтай катэгорыі ўстаноўлена павышэнне пенсіі па названай падставе ў адпаведнасці з заканадаўствам), атрымаюць таксама па 700 рублёў. Такая ж сумма будзе выплачана інвалідам з дзяцінства ў выніку ранення, кантузіі, калецтва, якія звязаны з баявымі дзеяннямі ў перыяд вайны або з наступствамі ваенных дзеянняў. Гэта трое карэліччан.
Выплата аднаразовай матэрыяльнай дапамогі будзе праводзіцца па месцы пенсіянавання грамадзян у перыяд з 1 красавіка да 1 мая 2020 года ў парадку, устаноўленым для выплаты пенсій.
Аксана ЯНУШ