На профориентационном часу с учащимися аграрного класса Циринского УПК детский сад-средняя школа шла речь о бонусах целевого обучения в сельхозвузах

Не сакрэт, што ў сельгаспрадпрыемствах Карэліччыны існуе пэўны дэфіцыт кадраў, асабліва ў жывёлагадоўчай галіне. Вырашаецца гэтае пытанне рознымі шляхамі, адным з якіх з’яўляецца заключэнне мэтавых дагавораў гаспадарак раёна і ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама з будучымі абітурыентамі. Аб усіх бонусах мэтавага навучання даведаліся вучні аграрнага класа Цырынскага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа падчас прафарыентацыйнай гадзіны.

 

 

 

У сустрэчы з цырынскімі школьнікамі прынялі ўдзел прадстаўнікі Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская, галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Таццяна Новік і дырэктар Цырынскага ВПК дзіцячы сад-СШ Наталія Адамушка.

Вучні 9, 10 і 11 класаў даведаліся аб плюсах навучання ў Навагрудскім аграрным каледжы, сярод якіх атрыманне запатрабаванай у сельскай гаспадарцы спецыяльнасці і адначасова дадатковай прафесіі, практычныя заняткі на базе СВК “Нягневічы” і асабістай вучэбнай гаспадаркі, стыпендыя ў залежнасці ад поспехаў у навучанні і забяспечанасць інтэрнатам, насычанае культурнае і спартыўнае жыццё.

– Калі вы вырашыце заключыць мэтавы дагавор з адной з гаспадарак раёна альбо ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, вас чакае дадатковая стыпендыя ў памеры ад двух да пяці базавых велічынь, – звярнулася да вучняў Таццяна Новік. – Да таго ж усе вытворчыя практыкі вы будзеце праходзіць на базе таго ці іншага сельгаспрадпрыемства раёна, куды потым прыйдзеце на работу. Памятайце, што ваша працоўная энергія і запал неабходны на Карэліччыне.

Намерамі звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай падзяліўся вучань 11 класа Цырынскага ВПК дзіцячы сад – СШ Аляксей Качкарык. І гэта зусім нядзіўна, бо ў хлопца перад вачыма найлепшы прыклад працавітасці – бацька Сяргей Міхайлавіч, перадавік КСУП “Цырын-Агра”.

– Сённяшняя сустрэча для мяне аказалася вельмі карыснай, – дзеліцца Аляксей. – Даведаўся шмат новага аб перспектывах навучання ў сельскагаспадарчых вышэйшых, сярэдне-спецыяльных навучальных установах і далейшай працы ў гаспадарках раёна. Дома ўважліва прачытаю інфармацыйныя буклеты, якія нам сёння раздалі. Упэўнены, што яны будуць карысныя.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара