Студентка ГрГУ им. Янки Купалы Надежда Хвасько из Кореличей мечтает развивать международный туризм

З чаго пачынаецца малая радзіма? З гісторыі! У гэтым мяне пераканала сустрэча з юнай карэліччанкай Надзеяй Хвасько.

Выпускніца сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы, а сёння – студэнтка 1 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый” Надзея Хвасько марыць пра тое, што ў будучым зможа падзяліцца сваёй любоўю да гісторыі не толькі на прасторах малой радзімы і нашай краіны, але і за яе межамі. Таму і абрала такі цікавы напрамак для будучай прафесійнай дзейнасці, як міжнародны турызм.

– У пачатковых класах мяне цікавіла ўсё, кожны прадмет зачароўваў новымі ведамі, – дзеліцца Надзея. – Затым у старэйшых класах я літаральна захварэла біялогіяй і нават планавала паступаць у медыцынскі ўніверсітэт. Але ж яшчэ адна мая любоў – гісторыя – перамагла. Мне пашанцавала з настаўнікам. Зоя Аркадзьеўна Бакей так выкладала свой прадмет, што немагчыма было застацца да яго раўнадушным. Ды і дадатковыя заняткі з Марыяй Уладзіміраўна Беляновай прынеслі свой плён. У выніку цэнтралізаванае тэсціраванне па гісторыі я здала на 99 балаў.

А маглі быць і ўсе 100 балаў, каб не адна акалічнасць: Надзея напісала правільны адказ на пытанне, але ж не ў тым склоне. Таму ўсім выпускнікам і абітурыентам дзяўчына раіць вельмі ўважліва чытаць заданні, а яшчэ абавязкова пачынаць падрыхтоўку загадзя, быць самадысцыплінаваным і не адкладваць усё на апошнія месяцы.

– І, вядома, ЦТ пройдзе без стрэсу, калі ты любіш прадмет. З гісторыяй у мяне якраз усё так і атрымалася, – дадае Надзея.

Асабліва ляжыць душа дзяўчыны да такіх знакавых перыядаў у айчыннай гісторыі, як часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

– Хаця я заўважыла, што большасці маіх знаёмых па школе і па ўніверсітэту падабаецца паглыбляцца ў савецкую эпоху, мне ж бліжэй тыя шляхетныя стагоддзі, – працягвае Надзея. – З гістарычных персанажаў вылучаю Бону Сфорцу – міланскую прынцэсу, якая стала каралевай польскай і вялікай княгіняй літоўскай. Наконт асаблівых месцаў, усё проста – велічны Мірскі замак і ўтульныя, са сваёй непаўторнай атмасферай мястэчка Карэлічы. За дух даўніны і еўрапейскі настрой люблю яшчэ і Гродна, таму, дарэчы, і паступіла сюды вучыцца.

Быць студэнткай Надзеі вельмі падабаецца:

– Шчыра кажучы, думала, што будзе больш складана. І, магчыма, гэта яшчэ наперадзе. Але пакуль усё складваецца добра. Адаптавалася хутка, улілася ў студэнцкае брацтва, у рытм вучобы. Да таго ж, мяне выбралі старастай. Жыццё насычанае, але мне пашанцавала і з выкладчыкамі, і з аднагрупнікамі, ды і веды, закладзеныя ў роднай карэліцкай школе, вельмі дапамагаюць. Нездарма, і паўгода вучобы, і першая сесія прайшлі спакойна і паспяхова.

Свой вольны час Надзея прысвячае кнігам. Аддае перавагу творам у жанры “фэнтэзі”, але з задавальненнем чытае і класікаў – любіць Льва Талстога і Фёдара Дастаеўскага. Кажа, што для яе іх кнігі – нібы ўнікальныя і займальныя падручнікі гісторыі, дзе тонка, мастацкім словам перадаецца сапраўдны дух тых далёкіх эпох.

Да таго ж, Надзея зараз актыўна паглыбляе веды па англійскай мове, а на другім курсе плануе выбраць дадатковую – нямецкую, іспанскую ці кітайскую. Бо самая вялікая мара дзяўчыны – шмат падарожнічаць. Але, дадае Надзея, жыць толькі тут, у Беларусі.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара