Таисия Мухина из агр. Райца делится с читателями «Полымя» жизненной историей о детской непосредственности
Сёння кожная хата, кожная сям’я мае нейкія свае цікавыя гісторыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, часам змяняюцца і дапаўняюцца новымі фактамі. Сумныя і вясёлыя, смешныя і недарэчныя, але цікавыя сваёй памяццю і павучальнасцю. Калі прайсціся па вёсцы, то іх можна назбіраць цэлы куфэрак. Гэта калі збіраць, а калі не?.. Сыходзяць людзі – жывыя сведкі гэтых гісторый, мяняецца і сама гісторыя. Вельмі шкада страціць такі скарб, таму я спяшаюся перадаць пачутае чытачам раённай газеты.
На прыступках, якія вядуць да храма святой вялікапакутніцы Варвары, што ў аграгарадку Райца, да свята Раства Хрыстова размясцілі аб’ёмны і маляўнічы вярцеп. Днём ён добра віднеўся ўсім, бо стаяў на ўзгорку, а ноччу звяртаў на сябе ўвагу сваёй ілюмінацыяй. У калядныя святы вернікі і дзеці маглі паглядзець, як выглядалі яслі ў Віфліеме. Кожны жадаючы меў магчымасць падысці да вярцепа, памаліцца, пакласці немаўлятку пачастунак.
Маленькі Ісус у драўлянай калысцы, над якім сціпла схіляецца Маці Божая, а побач святы Іосіф з драўляным посахам мужна ахоўвае сваю сям’ю. Над імі – анёлы, а разам з імі пастушкі з авечкамі, вослікамі ды іншымі жывёлінамі. Вельмі кранальная і душэўная карціна Божага Нараджэння…
Неяк у другой палове дня сабраліся на прагулку тата з двума дзеткамі і бабуля. Падышлі да храма, а тут такое прывабнае замілаванне для дзяцей. Меншая дзяўчынка стала прасіць дазволу ў таты, каб узяць сабе хоць адну з пакладзеных цукерачак. Але ў адказ пачула: “Гэта не для цябе паклалі, а для маленькага Ісуса. Твае цукеркі цябе чакаюць дома”.
Не вельмі спадабалася дзяўчынцы бацькава тлумачэнне, а паспрабаваць Ісусавых цукерак хацелася проста нясцерпна. Падышла яна бліжэй да вярцепа, зазірнула ў сярэдзіну, а там – і шакаладкі, і розных сартоў смакоты… Як тут не спакусіцца? Залезла яна глыбей і давай па-дзіцячы прасіць. У гэты ж самы момант яе старэйшая сястрычка, якая чула ўсю размову бацькі з малой, зайшла ззаду, каб не было відаць, і давай гаварыць змененым голасам: “Не тваё гэта! Не для цябе пакладзена! Не чапай!”
Выскачыла малая, вочы – па пяць капеек, і, паказваючы пальчыкам у бок вярцепа, кажа бабулі: “І яны не далі! І праўда, што не для мяне гэта…” Бацька з бабуляй пераглянуліся і толькі ўсміхнуліся дзіцячай непасрэднасці. Пытанне вырашылася само сабою.
Таісія МУХІНА, агр. Райца