Торжественная встреча с руководством района стала душевным подарком для кореличчанок накануне Международного женского дня

? Вясновы букет пяшчотных слоў, музычных віншаванняў і прыемных падарункаў атрымала 21 абаяльная і паспяховая карэліччанка падчас традыцыйнай сустрэчы напярэдадні 8 Сакавіка з кіраўніцтвам раёна.

Кожная з карэліччанак прыйшла на ўрачыстасць са сваёй жыццёвай гісторыяй. Прыгожыя жанчыны, клапатлівыя матулі, і нават бабулі ды прабабулі, прафесіяналы сваёй справы ў самых розных абласцях ад сельскай гаспадаркі, прамысловасці і сферы абслугоўвання да медыцыны, адукацыі і культуры, чароўныя госці падзеі перад афіцыйнай сустрэчай у фае РЦКіНТ дзяліліся між сабой надзённым і рабілі здымкі на памяць у вясновай фотазоне.

Карысталіся папулярнасцю і выставы. Тут удзельніцы сустрэчы з цікавасцю гарталі кнігі таленавітых зямлячак, дзівіліся на вырабы работнікаў Дома рамёстваў, а таксама майстроў Аляксандра Маклюка, Наталлі Манкевіч і Марыі Басцюк, з замілаваннем разглядалі карціны юных мастакоў з Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў. Гідамі па краіне мастацтва і хараства сталі дырэктар РЦКіНТ Наталля Гароднік і загадчык Дома рамёстваў Юлія Баярэнка.

Захапляльнае падарожжа па свеце кніг падрыхтавала і дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Арцюх, падчас якога жанчыны пазнаёміліся са структурай установы, а таксама з выставамі, у тым ліку з рамантычнымі выцінанкамі Алены Лісоўскай.

Асаблівым святочным настроем была пранізана і афіцыйная частка мерапрыемства. З цёплымі віншаваннямі да карэліччанак завіталі старшыня райвыканкама Генадзій Шатуеў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў, намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан. Мадэратарам сустрэчы выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыня РА ГА “Беларускі саюз жанчын” Іна Санчук.

Адкрыў урачыстасць з экскурсу ў гісторыю Міжнароднага жаночага дня кіраўнік раёна Генадзій Шатуеў, а працягнуў пажаданнямі: “Хочацца, каб не толькі 8 Сакавіка, а ва ўсе дні вы былі агорнутыя клопатам і любоўю з боку блізкіх, заўжды адчувалі ў іх надзейную апору. Ды і на працы зычу вам толькі значных дасягненняў. Вы – гонар Карэліччыны, і менавіта вам адрасуюцца шчырыя словы захаплення, пашаны і падзякі!”

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў таксама быў шчодры на кампліменты для карэліччанак: “Мы, мужчыны, не так часта гаворым, як вы гэтага заслугоўваеце, што вас вельмі цэнім і любім. Столькі ўскладзена на жанчын: сям’я і дзеці, парадак і ўтульнасць у доме ды яшчэ на працы хапае турбот. І неверагодна, як вы ўсё паспяваеце. Гэта, сапраўды, талент, дадзены толькі вам. Вы надаеце гэтаму свету выключнае хараство і прыносіце лад і гармонію”.

Падкрэсліў значную ролю жанчын і намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан: “Здаўна дзеля вас мужчыны былі гатовыя на самыя неверагодныя подзвігі. І сёння вы матывуеце нас скараць алімпы і вашы сэрцы. Асабіста ад сябе скажу, што я не ўяўляю жыццё без сваіх жанчын. І хачу пажадаць, каб вашы мужчыны часцей вам нагадвалі, якія вы дзівосныя, і радавалі добрымі словамі, кветкамі і падарункамі”.

Такія душэўныя віншаванні адразу настроілі прысутных на вясновы лад, як і музычныя сюрпрызы ад работнікаў РЦКіНТ і Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў: Аляксандра Чарапанава, Вольгі Несцер, Алесі Рачынскай, Аляксандра Каляды і Ігара Арцімені. Прыемным сюрпрызам сталі і падарункі ад кіраўніцтва раёна.

А мы, у сваю чаргу, даведаліся сакрэт жаночага шчасця ва ўдзельніц сустрэчы. Для маці шасцярых дзетак і тэхніка па штучным асемяненні КСУП “Племзавод “Карэлічы” Жанны Нарбутовіч ён найперш у траіх сынах і траіх дачушках. А для душы жанчына знайшла радасць у кветкаводстве. Толькі фуксій у яе больш за 280 гатункаў. І, між іншым, летась на Дзень адкрытых дзвярэй да яе на майстар-клас прыязджалі кветкаводы з Расіі. Бухгалтару і казначэю прафкама ТАА “Райца” Тамары Сак – 77 гадоў, а энергіі і жыцця столькі, нібы ўсе 17. Галоўнае яе багацце – двое дзяцей, чацвёра ўнукаў ды праўнук. Але і на працы яна надзвычай запатрабаваная, карыстаецца ў калектыве аўтарытэтам, а ўсім жанчынам жадае дабрыні, цеплыні, зычлівасці ад іншых ды ўвагі да сябе і навакольных. 46 гадоў аддала прафесіі ўрач-стаматолаг-тэрапеўт Карэліцкай ЦРБ Марыя Далідовіч. За справу жыцця хварэе сэрцам, нездарма наша стаматалогія ўжо ў чацвёрты раз прызнана лепшай у вобласці. Ганарыцца і сваімі дзецьмі з унукамі, а вольны час любіць праводзіць у агародзе. Ужо сямнаццаць гадоў на пасадзе ўпраўляючай фермай выдатна сябе зарэкамендавала Жанна Балейка, зараз яна кіруе МТФ “Цырын” КСУП “Цырын-Агра”. У жывёлагадоўлі, кажа, прайшла ўсе ступені. Таму якую бы ферму ёй не даручылі, умее ўсё наладзіць належным чынам. Яе дэвіз: заўжды імкнуцца да лепшага, тым больш, “да пенсіі яшчэ ёсць час”. Бібліятэкар Райцаўскай сельскай бібліятэкі Алена Захарчук таксама лічыць, што жанчына ў сілах ажыццявіць шмат: і дзяцей выгадаваць, і дом пабудаваць, і дрэва пасадзіць. Менавіта так яна і зрабіла. Галоўнае, лічыць Алена, верыць у сябе, у любой сітуацыі захоўваць баланс і заставацца чалавекам. І так можна распавядаць безліч гісторый пра лёс кожнай з прысутных на сустрэчы карэліччанак і захапляцца моцай іх характару і талентам быць заўжды сапраўднымі жанчынамі, якія змяняюць наш раён да лепшага.

? Даведка “Полымя”

? Па выніках перапісу насельніцтва ў Беларусі пражывае 5,06 мільёнаў (53,8%) жанчын.

? У 2019 годзе ў Карэліцкім раёне 123 жанчыны выйшлі замуж.

? На 1 сакавіка 2020 года колькасць шматдзетных сем’яў на Карэліччыне складае 232, дзе выхоўваюцца 750 дзяцей. У 187 сем’ях – па трое дзяцей, у 32 – па чацвёра, у 7 – па пяцёра, у 2 – па шасцёра, у 2 – па сямёра.

? З 2015 па 2020 гады ў нашым раёне прынятыя 158 рашэнняў аб прызначэнні сямейнага капіталу.

? Ордэнам Маці на Карэліччыне ўзнагароджаны 19 жанчын, якія нарадзілі і выхавалі 5 і болей дзяцей.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара