К 110-летию Бориса Кита. Почему кореличская земля оставила особый след в судьбе гениального ученого с мировым именем?
Лёс выдатнага вучонага, акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, заслужанага прафесара Мэрылендскага ўніверсітэта, доктара філасофіі ў галіне матэматыкі Барыса Кіта цесна звязаны з карэліцкай зямлёй.
Няпростыя першыя крокі да навукі
Бацька будучага вучонага, селянін з вёскі Агароднікі (пазней увайшла ў склад Карэліч як вуліца Кастрычніцкая), яшчэ да рэвалюцыі паехаў у Санкт-Пецярбург на заробкі. Там ён пасля заканчэння спецыяльных курсаў працаваў тэлеграфістам. Неўзабаве ажаніўся з Ксеніяй Зуравай, сялянкай з Цвярской губерні. А 6 красавіка (па новым стылі) 1910 года ў пары нарадзіўся хлопчык, якога шчаслівыя бацькі назвалі Барысам. Калі яму споўнілася 8 гадоў, сям’я зведала цяжкія выпрабаванні. Пасля рэвалюцыі ў Санкт-Пецярбургу пачаўся голад, і бацька адправіў жонку з сынам на сваю радзіму, мяркуючы, што ў вёсцы пражыць ім будзе лягчэй. Праўда, не ўлічыў той важнай акалічнасці, што Агароднікі зусім нядаўна знаходзіліся ў прыфрантавой паласе, таму голад панаваў і тут. Пакінуўшы хлопчыка ў сваякоў, маці вярнулася да мужа, але жыццё без сына бацькі сабе не ўяўлялі, таму праз некаторы час пераехалі з Пецярбургу, і разам з Барысам, які вельмі сумаваў і часта хварэў без іх, пасяліліся ў Карэлічах. Хатка на ўскраіне вёскі была вельмі маленькая, з глінабітнай падлогай. Працаваць бацьку давялося ў панскім маёнтку. Пабыла сям’я разам нядоўга, потым здарылася вялікае няшчасце – памерла матуля, якую хлопчык вельмі любіў. Ксенія Зурава адышла ў вечнасць зусім маладой, пакінуўшы сіратой дзесяцігадовага сына.
Першым настаўнікам Барыса быў бацька, які вучыў яго грамаце зімовымі вечарамі. У 1924 годзе хлопчык пайшоў у мясцовую польскую школу, бо беларускай у Карэлічах тады не было. Вучыўся ён выдатна, вельмі любіў маляваць, але асаблівыя поспехі праяўляў у матэматыцы. Настаўнік матэматыкі Сцяпан Рамановіч дапамог здольнаму вучню падрыхтавацца да паступлення ў Навагрудскую беларускую гімназію.
Першы раз бацька адвёз сына на заняткі на кані, а потым хлопчыку не раз даводзілася пераадольваць шлях ад Навагрудка да Карэліч пехатою, каб дапамагчы бацьку па гаспадарцы.
У 1928 годзе Барыс Кіт паспяхова здаў выпускныя экзамены і паступіў вучыцца на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, які скончыў у 1933 годзе са ступенню магістра матэматыкі.
Настаўнік вялікага таленту і сэрца
Ужо на трэцім курсе Барыс Кіт стаў выкладчыкам матэматыкі ў Віленскай беларускай гімназіі, дзе працягваў працаваць і пасля заканчэння ўніверсітэта. Калі ў 1934 годзе польскімі ўладамі была закрыта Навагрудская беларуская гімназія, малады чалавек паехаў у Навагрудак і ўсіх вучняў, якія хацелі працягваць навучанне на беларускай мове, перавёз у Віленскую гімназію, якую пазней узначаліў. У 1939 годзе ён вярнуўся ў Навагрудак, дзе стаў дырэктарам адноўленай беларускай гімназіі.
Былыя вучні Барыса Кіта ведалі яго як добрага, руплівага, самаадданага выкладчыка, які не раз дапамагаў сваім падапечным. На ўсё жыццё запомніў навучэнец Віленскай беларускай гімназіі Віктар Максімук спагадлівыя адносіны Барыса Кіта, які аднойчы наведаў яго ў бальніцы і, даведаўшыся, што прычынаю хваробы хлопца стала пастаяннае недаяданне, дапамог яму знайсці прыватныя ўрокі. Вучаніцаю Барыса Кіта была наша зямлячка з вёскі Палужжа Ніна Макоўская, якая вучылася спачатку ў Карэліцкай “паўшэхнай” школе, а потым у Навагрудскай беларускай гімназіі. Дзякуючы Барысу Кіту, які не пакінуў сваіх землякоў пасля закрыцця гімназіі ў Навагрудку, яна змагла працягваць вучобу ў Вільні. Яе нашчадкі і сёння захоўваюць фотаздымак выпускнікоў Віленскай беларускай гімназіі 1938 года, дзе сярод настаўнікаў ёсць Барыс Кіт.
Ураджэнец вёскі Лясок, акадэмік Алесь Раковіч, якому давялося вучыцца ў Навагрудскай беларускай гімназіі, успамінаў, як зачароўваў Барыс Кіт настаўнікаў і вучняў сваёй інтэлігентнасцю, прыгожай беларускай моваю, грунтоўнымі ведамі і высокім прафесіяналізмам выкладчыка.
Калі ж Барыс Кіт часам наведваў Агароднікі, аднавяскоўцы, назіраючы праз вокны за незнаёмцам, што размерана крочыў да бацькоўскай хаты, не маглі адразу пазнаць у ім таго басаногага падлетка, які некалі па той жа вуліцы гнаў статак у поле, трымаючы пад пахай кнігу.
У 1940–1941 гадах Барыс Уладзіміравіч працаваў інспектарам аддзела народнай адукацыі Баранавіцкай вобласці і выкладаў матэматыку ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце. У гэты час яму давялося займацца адкрыццём шматлікіх школ з роднай моваю навучання, паколькі да 1939 года польскія ўлады паспелі іх закрыць. У час вайны таленавіты педагог працягваў займацца выкладчыцкай дзейнасцю, бо лічыў, што дзяцей трэба вучыць заўсёды, што б ні здарылася. Многія яго вучні пасля працавалі ў беларускіх школах.
Скараючы навуковыя галактыкі
Другая палова жыцця Барыса Кіта прайшла за мяжой. Пасляваенны час – гэта шлях узыходжання нашага земляка да вышынь у навуцы. У 1956 годзе грунтоўныя веды прывялі таленавітага беларуса да працы ў галіне касмічных даследаванняў. Праўда, да таго, як ён уладкаваўся на працу ў славутую фірму, што займалася важнейшымі амерыканскімі касмічнымі праектамі, дзе пачаў працаваць матэматыкам і сістэмным аналітыкам, яму давялося пабыць і чорнарабочым на фабрыцы, і хімікам на фармацэўтычных фірмах. Заняўшыся навуковымі распрацоўкамі, наш зямляк напісаў першы ў гісторыі падручнік па выкарыстанні ракетнага паліва, які выйшаў з друку ў 1960 годзе, і якім карысталіся ўсе, хто займаўся праблемамі касмічных даследаванняў. Пазней вучоны працаваў экспертам па развіццю міжнароднай касманаўтыкі, неаднаразова ўдзельнічаў у міжнародных кангрэсах і ў 1964 годзе выдаў у сааўтарстве з Фрэдэрыкам Ордвеем кнігу па гісторыі савецкай касманаўтыкі, якая сёння знаходзіцца ў многіх бібліятэках свету. Ён браў удзел у першых гістарычных перамовах паміж ЗША і СССР па супрацоўніцтву ў галіне касманаўтыкі. У час падрыхтоўкі падарожжа амерыканцаў на Месяц займаўся даследаваннем і развіццём метадаў сувязі з астранаўтамі.
Дзякуючы нястомнай працы над пастаянным удасканальваннем сваіх ведаў, падымаючыся па прыступках навуковай кар’еры ўсё вышэй і вышэй, наш таленавіты зямляк змог поўнасцю рэалізаваць свой інтэлектуальны патэнцыял і стаць аўтарытэтным вучоным у сферы амерыканскай астранаўтыкі.
Біяграфія Барыса Кіта змешчана ў прэстыжных навуковых даведніках свету і ўкладзена ў “капсулу часу” выдатных вучоных астранаўтыкі, якая знаходзіцца ў бібліятэцы Роберта Годарда (ЗША) і будзе адчынена праз 500 гадоў. Навуковая дзейнасць Барыса Кіта па заслугах ацэнена ў многіх краінах свету. Яго прыналежнасць да Амерыканскага і Нямецкага астранаўтычных таварыстваў, Брытанскага міжпланетнага таварыства, абранне яго акадэмікам Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі ў Парыжы (1994), узнагароджанне залатым медалём Германа Обэрта за ўклад у развіццё астранаўтыкі (1995) – гэта прызнанне неацэннага ўкладу выдатнага вучонага ў скарбонку сусветнай тэхнічнай думкі. Актыўная праца вучонага ў Нацыянальным бюро стандартызацыі і міністэрстве камунікацыяў у 1960–1970-я гады – сведчанне таго, што наш зямляк заўсёды знаходзіў прымяненне сваім матэматычным ведам у навуцы і жыцці.
Назаўсёды ўпісаўшы сваё імя ў гісторыю астранаўтыкі, няўрымслівы вучоны не спыніўся на гэтым.
Пераехаўшы ў Германію, ён стаў прафесарам матэматыкі Еўрапейскага аддзела амерыканскага Мэрылендскага ўніверсітэта і ў 72-гадовым узросце абараніў доктарскую дысертацыю, атрымаўшы навуковую ступень доктара філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі.
Педагагічную дзейнасць Барыс Кіт спалучаў з навуковай, выступаючы з дакладамі на міжнародных астранаўтычных кангрэсах у розных краінах свету. У 1973 годзе на адным з такіх кангрэсаў ён пазнаёміўся з беларускімі касманаўтамі У. Кавалёнкам і П. Клімуком і радаваўся магчымасці размаўляць з імі на роднай мове.
Беларус да глыбіні душы
Вяртанне Барыса Кіта на Бацькаўшчыну адбылося амаль праз паўстагоддзя. У 1992 годзе ён сустракаўся з беларускімі вучонымі ў Акадэміі навук, яго шчыра віталі студэнты і выкладчыкі шэрагу вышэйшых навучальных устаноў Беларусі. Праз два гады ён быў запрошаны на адкрыццё Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, якое адбывалася ў Мінску, дзе быў абраны яе віцэ-прэзідэнтам.
У час гэтага прыезду Барыс Кіт наведаў мясціны свайго дзяцінства. Я памятаю хвалюючую сустрэчу карэліччан з вядомым вучоным у Карэліцкай музычнай школе, яго сціпласць і інтэлігентнасць, яго прыгожую беларускую мову без аніякага акцэнту, які часам набываюць людзі, калі доўга жывуць за мяжой, яго задавальненне ад магчымасці вярнуцца зноў туды, дзе прайшлі дзіцячыя гады, сустрэцца з сястрой, наведаць магілу бацькі. Было зразумела, што сустрэча з роднымі мясцінамі ўскалыхнула ў яго сэрцы шмат успамінаў пра дарагіх і блізкіх людзей. На пытанне, ці змяніліся Карэлічы з той пары, ён, усміхнуўшыся, адказаў, што не бачыць цяпер дамоў з саламянай страхой, якіх раней было тут вельмі шмат. Далей шлях вучонага ляжаў у Навагрудак, дзе яму ўручылі Дыплом ганаровага грамадзяніна горада, з якім у яго было звязана шмат цёплых успамінаў. Завяршылася вандроўка наведваннем Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, дзе вучонаму прысвоілі навуковую ступень Ганаровага доктара навук.
Пазней, атрымліваючы лісты ад Барыса Уладзіміравіча, чуючы яго мяккі, прыязны голас па тэлефоне, я думала аб тым, што, пражыўшы шмат гадоў за мяжой, ён захаваў і любоў да Бацькаўшчыны, і мілагучную родную мову, збярог у сабе беларуса з яго найлепшымі рысамі характару, якія дазволілі выжыць у складаных абставінах, не згубіцца на чужыне і, стаўшы вядомым вучоным, заставацца ўсё жыццё асветнікам, настаўнікам, якому ўдалося перадаць свае веды не аднаму пакаленню вучняў. У свой час дакументы, якія Барыс Уладзіміравіч перадаў у музей, дапамаглі стварыць экспазіцыю і шэраг выстаў. Яны расказалі пра імклівы ўзлёт у навуцы нашчадка сялянскага роду, дзіцячыя і юнацкія гады якога прайшлі на Карэліччыне.
Памяць мусіць жыць у справах
Барыс Кіт адышоў у вечнасць 1 лютага 2018 года, пражыўшы 107 гадоў. І хочацца, каб памяць пра вялікае жыццё выключнага чалавека, які пакінуў адметны след у сусветнай навуцы, на нашай зямлі жыла не толькі ў музеі і на старонках кніг і перыёдыкі. Справа ў тым, што ў Карэлічах захаваўся будынак школы, у якой у 1920-я гады вучыўся будучы вучоны. Тут сёння знаходзіцца Карэліцкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Было б цудоўна, каб на гэтым будынку з’явілася памятная дошка з іменем Барыса Кіта і іншых выдатных дзеячаў, якія выйшлі са сцен гэтай школы. Да таго ж, маці Барыса Кіта пахавана на Руціцкіх могілках, але, на жаль, з цягам часу магіла яе згубілася. Дзякуючы намаганням прафесара А. Майсяёнка, сябры вучонага ў 2010 годзе ўстанавілі на могілках сімвалічны помнік у выглядзе крыжа Ефрасінні Полацкай. Ён быў створаны сынам былых вучняў Барыса Кіта Ю. Фурсам і асвечаны святаром Карэліцкай царквы А. Мірановічам. Помнік патрабуе дагляду, а паколькі блізкіх сваякоў вучонага ў Карэлічах няма, то хацелася б прапанаваць мясцоваму сельсавету і вучням карэліцкіх школ устанавіць шэфства над ім. Гэта тое нямногае, што мы можам зрабіць дзеля памяці нашага славутага земляка, пра якога напісаны кнігі і створаны дакументальныя фільмы.
Святлана КОШУР
Фота прадастаўлена С. Кошур