К 80-летию Кореличского района. Чем жил наш край в 1940-1941 годах?
З ГІСТОРЫІ ЎТВАРЭННЯ КАРЭЛІЦКАГА РАЁНА (Частка 2)
Спасылка на частку 1: «К 80-летию Кореличского района. Директор мельницы Павел Железнякович был избран кандидатом в депутаты Мирского райсовета»
Трэба адзначыць, што ў 1940 г. з тэрыторыі Карэліцкага і Мірскага раёнаў былі дэпартаваны прадстаўнікі польскай адміністрацыі і паліцыі, асаднікі, леснікі, памешчыкі і чыноўнікі, — усе тыя, хто, па меркаванню новых уладаў, мог перашкодзіць пераўтварэнням, якія адбываліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
Пачатак сацыялістычным пераўтварэнням у эканоміцы паклала нацыяналізацыя прамысловасці і банкаў, якая адбылася ў лістападзе – снежні 1939 г. Так, згодна з рашэннем Мірскага райвыканкама ад 18 лютага 1940 г. былі нацыяналізаваны аптовы склад, млыны і электрастанцыі, у тым ліку млын і электрастанцыя фабрыканта Ліхцінгера.
У гэты час ставілася задача развіцця і рэканструкцыі старых прамысловых прадпрыемстваў і будаўніцтва новых. На рэканструкцыю Мірскага спіртзавода дзяржава выдаткавала 200 тысяч рублёў, што значна павялічыла выпуск прадукцыі і павысіла яе якасць. Рамесныя і саматужныя майстэрні пачалі аб’ядноўвацца ў прадпрыемствы прамысловай кааперацыі (райпрамкамбінаты). На пачатак 1941 г. у Карэліцкім раёне налічвалася (акрамя калгасных) 53 прадпрыемствы, на якіх працавала 97 чалавек. У Мірскім раёне дзейнічала 7 прадпрыемстваў, дзе працавала 134 чалавекі. Дырэктарамі як правіла, назначаліся спецыялісты з усходніх абласцей або былыя падпольшчыкі.
У першай палове 1941 г. у Мірскім раёне працавала 15 прадпрыемстваў, якія падпарадкоўваліся райпрамкамбінату. Сярод іх 2 лесазаводы, торфазавод, 2 маторныя і 7 вадзяных млыноў, электрастанцыі ў Міры і Турцы, сталярна-мэблевая і аўчынна-футравая майстэрні ў Міры. Столькі ж прадпрыемстваў аб’ядноўваў і Карэліцкі райпрамкамбінат. Тут працавалі 2 цагельныя і 2 вапнавыя заводы, лесазавод, электрастанцыя і слясарны цэх, 9 вадзяных млыноў, маслабойня. Планавалася адкрыць кавальскі, бандарны і ганчарны цэхі ў Міры і харчасмакавае прадпрыемства ў Карэлічах. Баранавіцкая абласная газета “Чырвоная Звязда” ў нумары ад 24 жніўня 1940 г. паведамляла аб тым, што з кожным днём павялічваецца прадукцыйнасць працы на торфапрадпрыемстве “Крышылоўшчына” Мірскага раёна, дзе на той час працавала больш за 30 рабочых, якія здабывалі па 45 тыс. цаглін торфу ў дзень.
У 1940 г. былі нацыяналізаваны гандлёвыя ўстановы, у прыватнасці ў Міры нацыяналізавалі дамы буйных гандляроў, бакалейны і мануфактурны магазіны, аптэку. Пачалі стварацца таварыствы спажывецкай кааперацыі. Райспажыўсаюзы адкрывалі сталовыя, чайныя, хлебапякарні. Наладжвалася забеспячэнне гандлёвых устаноў таварамі. На пачатак 1941 г. у Карэліцкім раёне налічвалася 25 памяшканняў для рознічнага гандлю, 2 сталовыя, працаваў нарыхтоўчы пункт.
У сельскай гаспадарцы пасля канфіскацыі памешчыцкіх зямель і падзелу іх паміж малазямельнымі сялянамі ў вёсцы пачалі арганізоўвацца розныя формы кааперацыі. Праз спажывецкую кааперацыю сяляне куплялі па дзяржаўных цэнах сельскагаспадарчы інвентар, сартавое насенне, а нарыхтоўчым кааператыўным арганізацыям прадавалі прадукцыю сваёй гаспадаркі. Вясной 1940 г. у час падрыхтоўкі і правядзення сяўбы сяляне Валеўкаўскага і Мірскага раёнаў пачалі аб’ядноўвацца ў калгасы. Як сведчаць дакументы, калгасы арганізоўваліся ў першую чаргу на месцы былых маёнткаў, дзе былі неабходныя пабудовы і рыштунак. Першыя 5 калгасаў уВалеўкаўскім раёне былі арганізаваны ў вёсках Варонча, Асташын, Дуброва, Баяры і Ятра.
З дакладной запіскі сакратара Валеўкаўскага райкама партыі ў абкам ад 28 лютага 1940 г. даведваемся, што ў в. Асташын у той час налічвалася 122 двары, падпісалі заяву аб жаданні ўступіць у калгас 110 гаспадароў, у якіх было ў карыстанні 1034 га зямлі (318 га размеркаваны з былога маёнтка Асташын). Працоўнай сілы налічвалася 256 чалавек, коней было 133, кароў – 221. За паўкіламетра ад вёскі Асташын знаходзіўся былы маёнтак, дзе меліся ўсе неабходныя пабудовы. Патрэбныя пабудовы і сельскагаспадарчы рыштунак былі і ў былых маёнтках Варонча і Ятра, дзе падалі заявы ў калгас адпаведна 31 і 62 сям’і.
12 сакавіка 1940 г. Баранавіцкая абласная газета “Чырвоная Звязда” паведамляла, што ў вёсцы Лукі арганізавана сельскагаспадарчая арцель, у якую ўступілі 170 гаспадарак. Трэба нагадаць, што ў Луках яшчэ ў 1919 г. была арганізавана камуна “Праца” імя У.І. Леніна, якую ўзначаліў Васіль Бучацкі, але праіснавала яна нядоўга, а старшыня яе трагічна загінуў падчас белагвардзейскага мецяжу. Цяпер жа сельгасарцель зноў назвалі іменем Леніна, як некалі камуну, а ўзначаліў яе Міхаіл Крапіўніцкі. 15 сакавіка ў Баранавіцкім гарадскім тэатры адбылася першая абласная нарада сялянскага актыву, каб абмеркаваць пытанне падрыхтоўкі да веснавой сяўбы, намеціць мерапрыемствы па барацьбе за высокі ўраджай і высокую прадукцыйнасць жывёлагадоўлі. На нарадзе выступіла сялянка в. Лукі Мірскага раёна Зося Крапіўніцкая, якая дзесяць гадоў захоўвала сцяг камуны “Праца”.
Калгас імя 17 верасня Жухавіцкага с/с аб’яднаў 66 бядняцка-серадняцкіх гаспадарак. Цэнтр гэтай гаспадаркі таксама знаходзіўся ў былым маёнтку. У калгасе на час уборачнай кампаніі былі арганізаваны яслі, якія размясціліся ў палацы былога памешчыка. Яслі наведвала 12 дзяцей, іх даглядала калгасніца Вера Дука.
Ад рэалізацыі сваёй прадукцыі калгас атрымліваў добры даход. Так, за продаж агуркоў гаспадарка да 9 жніўня 1940 г. атрымала 3,5 тысячы рублёў, за здачу малака дзяржаве каля 5 тыс. рублёў, значны даход даваў продаж рыбы, якая гадавалася ў васьмі сажалках. Калгаснікі сельгасарцелі імя 17 Верасня за першы год калгаснага жыцця пабудавалі гумно, канюшню, навес для інвентара і машын, кузню, стварылі жывёлагадоўчыя фермы, рыбную гаспадарку.
1 жніўня 1940 г. “Чырвоная Звязда” пісала: “Мір. Жніво жыта па раёну ў асноўным закончана. Калгаснікі і сяляне-аднаасобнікі прыступілі да ўборкі яравых збожжавых і лёну. Зжата 10867 га, ільну – 983. Калгас імя Кірава Турэцкага с/с зжаў 187 га зерневых, што складае 80% плана. Заканчваюць жніво зерневых Ярэміцкі і Мірскі с/с. Калгасы і працоўныя сяляне здаюць лепшае зерне дзяржаве ў лік абавязковых паставак. Калгас “1 Мая” Сімакаўскага с/с здаў дзяржаве 875 кг жыта. Працоўныя сяляне Прылуцкага с/с здалі дзяржаве 6503 кг. Усяго па раёну здадзена звыш 17 тон хлеба”.
Працяг будзе…
Святлана КОШУР
Фота з фондаў Карэліцкага раённага краязнаўчага музея