Рассказываем, как кореличчане проведут большие выходные
Перад вялікімі выхаднымі Міністэрства аховы здароўя Беларусі і Беларуская Праваслаўная Царква заклікаюць беларусаў заставацца дома. Сярод рэкамендацый — сацыяльнае дыстанцыраванне, скарачэнне кантактаў, пазбяганне месцаў масавага скаплення людзей. Як тлумачаць урачы, чалавек можа і не ведаць, ці хворы ён на каранавірус. Не трэба ў гэтыя выхадныя ехаць да бацькоў, наведваць другія рэгіёны ці месцы масавага скаплення людзей і могілкі. Сёння гэта самая вялікая просьба, каб у бліжэйшы тыдзень-другі не атрымаць росту захворваемасці.
Мы пацікавіліся ў карэліччан, а як яны правядуць бліжэйшыя чатыры дні?
Яўген ЧЫЧКАН,
намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама:
– У перыяд вялікіх выхадных і напярэдадні Радаўніцы ў кожнай сям’і, у кожнага чалавека сфармаваўся свой асабісты парадак традыцыйных дзеянняў. Так было і ў мяне. Але неспрыяльная сітуацыя, якая склалася ў сувязі з развіццём каранавіруснай інфекцыі, прымушае шмат што змяніць… Таму для мяне гэтыя выхадныя пройдуць плённа. Я змагу ўдзяліць увагу жонцы і дзецям, пабольш часу правесці на свежым паветры, а таксама зрабіць работу па доме, якая часта адкладваецца «на потым». У астатнім я абсалютна салідарны з пазіцыяй Міністэрства аховы здароўя — мы яшчэ паспеем сустрэцца з роднымі і блізкімі, ушанаваць памяць памерлых. Трэба зразумець, што, грэбуючы ўласным здароўем, мы падвяргаем небяспецы ўсіх блізкіх і знаёмых, з якімі кантактуем, таму пакуль сапраўды лепш застацца дома.
Іна САНЧУК,
начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама:
— Вясна надзвычай багатая на вялікія святы: Вербніца, Вялікдзень, Радаўніца. Спакон веку родныя людзі збіраліся разам, хадзілі адзін да аднаго ў госці. У гэтым годзе пандэмія ўнесла свае карэктывы ў нашы планы. На Радаўніцу, напрыклад, прынята хадзіць на могілкі, каб навесці парадак на пахаваннях продкаў, яшчэ раз успомніць пра іх. Але я лічу, што для ўшанавання памяці не абавязкова чакаць пэўнага дня. У любы час можна і патрэбна наводзіць парадак на могілках, высаджваць там жывыя кветкі, а ў царкве падаваць запіскі аб упакаенні.
Наша сям’я пастаянна падтрымлівае парадак на месцах апошняга спачыну родных, а запіску аб упакаенні ў гэты раз пераслалі на электронную пошту благачыннага Карэліцкай акругі Мікалая Орсы. Маліцца будуць за ўсіх. На могілкі на Радаўніцу не пойдзем: святары асвенцяць усе магілы без выключэння.
Безумоўна, на такія вялікія выхадныя мы прывыклі збірацца разам. Але ў гэтым годзе кожны застанецца дома: бацькі — у вёсцы, дзеці — у Баранавічах. Для нас з мужам практычна нічога не зменіцца: будзем наводзіць парадак каля дома. Я займуся любімай справай: высаджу кветкі. Па вечарах вяжу і, вядома, чытаю. Нядаўна закончыла знаёмства з “Беларускімі народнымі святамі” і пачала не менш цікавую і нашумелую кнігу “Авантуры студыёзуса Вырвіча” Людмілы Рублеўскай.
Ніна ЯФРЭМАВА,
старшыня раённага савета ветэранаў:
– Мы з мужам усе выхадныя прысвецім генеральнай уборцы: ён – на суботніку, а я ў сваёй роднай вёсцы ў Востухава. Побач са мной ніхто не жыве, таму і баяцца, у прынцыпе, нямага чаго… Пасля зімы я яшчэ ў вёсцы не была, таму, думаю, спраў будзе насамрэч шмат. Каб не ехаць туды грамадскім транспартам, я ўжо дамовілася са знаёмым, таму, зноў жа, кантакты будуць мінімізаваны. Пасля вёскі паеду дадому і працягну хатнія справы там: зладжу капітальную ўборку і памыю ўсё, да чаго раней або не даходзілі рукі, або не хапала часу. Увогуле, я лічу, што калі знікаюць адны магчымасці, абавязкова з’яўляюцца іншыя. Таму трэба не сумаваць, а накіраваць свае намаганні ў бяспечнае рэчышча.
Рыта ЯРОЦКАЯ,
мастацкі кіраўнік Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці:
– Я лічу, што ў кожнай сітуацыі трэба шукаць свае плюсы. Напрыклад, самаізаляцыя дае цудоўную магчымасць наведаць родных і разам з імі правесці вольны час. Менавіта я так і планую зрабіць падчас вялікіх выхадных, якія пачнуцца ўжо ў суботу. Мною ўжо падрыхтаваны спіс фільмаў і серыялаў, у бліжэйшы час планую купіць альбо прыгатаваць штосьці смачнае – і, калі ласка, адпачывай сабе цікава і з карысцю для здароўя. Вядома, вясной, калі ўсё квітнее і пахне, хочацца атрымліваць асалоду ад свежага паветра, прагулак і сумеснага адпачынку на вуліцы, але разам з тым я разумею, што здароўе даражэй за ўсё. А вясна гэта не апошняя, таму ўпэўнена: мы яшчэ ўсё навярстаем!