На Вялікдзень у аграгарадок Турэц! Расказваем, як мы адзначылі Вялікую суботу і сустрэлі Светлае Уваскрасенне Хрыстова ў царкве Пакрова Прасвятой Багародзіцы
У аграгарадку Турэц суботні дзень быў у самым разгары. Бадзёрым крокам да царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы спяшаліся з велікоднымі кошыкамі вернікі. Менавіта сюды адчуць узнёслы дух Светлага Уваскрасення Хрыстова ў святыню з 130-гадовай гісторыяй завіталі і мы.
Але, перш чым перайсці да свята, звернемся да лірыкі і гісторыі. Толькі ўявіце гэта пачуццё, калі набліжаешся да храма ў Турцы, і сэрца ахінае радасць ад сузірання яго Божага хараства. А ледзь пераступаеш парог святыні, аж дух захоплівае, настолькі гэта намоленае і велічнае месца. Як не пазнаёміцца з ім бліжэй?
Якраз да асвячэння велікодных страваў заставаўся яшчэ час, і гасцінны настаяцель храма іерэй Андрэй Абрамовіч прапанаваў расказаць крыху гісторыі пра само мястэчка ды здзейсніць невялікую экскурсію па царкве. Атрымалася так цікава, што я нават забылася пра традыцыйныя журналісцкія пытанні і толькі час ад часу казала “неверагодна!”
Хто бы мог падумаць, што назву “Турэц” звязваюць і з даўнімі магутнымі жывёламі турамі, і са знакамітым князем Турам, і са слаўнымі асілкамі-барцамі, лепшых з якіх, як вы ўжо здагадаліся, таксама клікалі турамі. А сам населены пункт першы раз у пісьмовых крыніцах узгадваецца аж у 1276 годзе. Прычым, стагоддзі таму тутэйшыя землі належылі то Свята-Елісееўскаму Лаўрышаўскаму мужчынскаму манастыру, то графам, то, нарэшце, народу. Часы мяняліся, але тут заўжды мірна суіснавалі прадстаўнікі розных канфесій і нацыянальнасцей.
Не менш захапляльная гісторыя пра тое, як з’явілася ў Турцы праваслаўная святыня. Спачатку ў мястэчку на могілках была драўляная царква. Але мясцовыя вернікі марылі мець храм у камні. У першай палове ХІХ стагоддзя жыхары сабралі сродкі і матэрыялы для будучай святыні. Праўда, каб рэалізаваць задуманае, спатрэбіліся дзесяцігоддзі на ўзгадненне і ўсяго 1,5 гады – на будаўніцтва. Царква адчыніла дзверы для вернікаў у 1888 годзе. З той пары ў храме няспынна ішлі набажэнствы, нават у ваенныя і савецкія часы. Асобных слоў заслугоўвае ўнутранае ўбранне святыні, дзе многае створана ў Санкт-Пецярбургу ў Імператарскай Акадэміі мастацтваў. І, вядома, завітаўшы ў царкву, вернікі здаўна асаблівым чынам ушаноўвалі абраз Маці Божай Хуткапаслушніцы, які ў 1898 годзе спецыяльна для храма ў Турцы напісалі ў манастыры на гары Афон у Грэцыі.
Сёння, кажа настаяцель, да прыхода належыць каля 1000 чалавек. У Турцы і ваколіцах людзі веруючыя і шчырыя, жывуць дружна і па-хрысціянску, заўжды гатовыя дапамагчы адзін аднаму. У гэтым пераконваемся і мы. Бо нечакана павіншаваць са святам маленькіх прыхаджан з нядзельнай школы пры царкве салодкімі падарункамі ад імя гаспадаркі прыйшлі дырэктар КУСП “Чарняхоўскі-Агра” Васілій Ашурок і яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Алена Макар.
Радасна адбылося днём і асвячэнне велікодных страў. Настаяцель храма іерэй Андрэй Абрамовіч павіншаваў прысутных з надыходзячым Вялікаднем і памаліўся за іх здароўе, сем’і і дабрабыт.
Кульмінацыяй свята ў Турцы з суботы на нядзелю стала Усяночная з крэсным ходам вакол царквы, урачыстым велікодным звонам, што разліваўся апоўначы над мястэчкам, ды светлым “Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!”
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара