Работники Кореличского РУП ЖКХ делают Кореличчину уютной и красивой
Вясна – традыцыйная пара навядзення чысціні і парадку, калі рукі так і цягнуцца да пэндзліка, грабляў, рыдлёўкі і іншага інструмента, каб зрабіць Карэліччыну ўтульнай і прыгожай. Менавіта гэтым вясеннімі днямі актыўна займаюцца работнікі Карэліцкага РУП ЖКГ.
Адной з першых б’юці-тэрапію па-карэліцку адчула жалезабетонная агароджа на вуліцах 8 Сакавіка, Арцюха, Савецкай, 17 Верасня, у скверы Арцюха, якая набыла адноўлены выгляд пасля афарбоўкі. Напярэдадні 9 Мая работнікі ЖКГ добраўпарадкоўваюць тэрыторыю мемарыяльнага комплексу “Зорка” ў Карэлічах. Да таго ж да Дня Перамогі намаганнямі брыгады па азеляненні кветнікі райцэнтра зазіхацяць буйствам фарбаў.
Добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі на вуліцах Прытыцкага і Савецкай работнікі Карэліцкага РУП ЖКГ распачалі ў лістападзе мінулага года. Дзякуючы мяккаму надвор’ю работы зімой не прыпыняліся, а з наступленнем вясны толькі актывізаваліся.
– На бягучым тыдні будаўнічая брыгада ЖКГ укладвала тратуарную плітку і ўстанаўлівала бардзюры на вуліцы Савецкай, — расказвае майстар будаўнічага ўчастка Карэліцкага РУП ЖКГ Міхаіл Расюкевіч. – Усяго на аб’екце будзе пакладзена каля 220 квадратных метраў тратуарнай пліткі. У хуткім часе на дваровай тэрыторыі з’явіцца новае асфальтавае пакрыццё, а таксама дзве пашыраныя аўтастаянкі для транспарту жыхароў дома. У выніку работ па добраўпарадкаванні на кожнай аўтастаянцы значна павялічыцца колькасць парковачных месцаў.
Не засталіся ў баку ад вясенніх б’юці-працэдур дарогі райцэнтра. Адноўленая дарожная разметка сёння радуе вока карэліччан. У аўторак, 21 красавіка, брыгада Навагрудскага ўчастка КУП “Спецыялізаванае мантажна-эксплуатацыйнае прадпрыемства” Гродзенскага аблвыканкама, з якой Карэліцкі РУП ЖКГ заключыў дагавор, прыступіла да работы.
Усяго ў Карэлічах і Міры будзе нанесена каля 2000 квадратных метраў дарожнай разметкі. Безумоўна, гэта работа не аднаго дня. Але можна не сумнявацца: да Дня Перамогі ўсе дарогі райцэнтра набудуць адноўлены знешні выгляд.
Штодзень разметачная машына Line Lazer 3900 наносіць каля 250 квадратных метраў разметкі. Аднак тэмпы работы значна залежаць ад яе віду. Па словах экіпажа Навагрудскага ўчастка, работа са штучнымі няроўнасцямі і піктаграмамі, пры якой выкарыстоўваецца не толькі белая, але жоўтая і чырвоная фарбы, займае больш часу. Восевую разметку на дарогі райцэнтра нанясе разметачная машына “Чмель”.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара