27 мая — 120 лет со дня рождения белорусского поэта, переводчика, критика Владимира Жилки. Что связывает поэта с Кореличчиной?
Беларускі паэт, перакладчык, крытык Уладзімір Адамавіч Жылка пражыў кароткае, але насычанае і багатае творчае жыццё, пакінуўшы яркі след ў гісторыі беларускай літаратуры. Пэўны перыяд у біяграфіі паэта звязаны з Карэліччынай.
Уладзімір Жылка нарадзіўся 27 мая 1900 года ў в. Макашы Нясвіжскага раёна ў сялянскай сям’і. Бацька будучага паэта працаваў прадаўцом у манапольнай і царкоўнай крамах. Першую адукацыю Уладзімір Жылка атрымаў у гарадскім вучылішчы ў Міры, пасля чаго разам з бацькамі пераехаў у Мінск.
Падчас Першай сусветнай вайны сям’я паэта была ў бежанцах у Тульскай губерні, дзе Уладзімір Жылка два гады вучыўся ў Багародзіцкім агранамічным вучылішчы. З 1917 г. жыў у Мінску, друкаваўся ў мінскіх выданнях, працаваў аграномам у дзяржаўным маёнтку пад Мінскам (1918-1919 гг.).
Восенню 1920 г. паэт захварэў на сухоты і пераехаў да дзеда ў в. Падлессе Навагрудскага павета. Пасля Рыжскага дагавора застаўся ў Заходняй Беларусі. Працаваў у Вільні ў беларускай кнігарні. Хаваючыся ад пераследу рэжыму генерала Л. Жалігоўскага, выехаў у Коўна, затым у Дзвінск. Вучыўся ў беларускай гімназіі ў Дзвінску, а ў лютым 1923 г. выехаў на вучобу ў Чэхаславакію. Да 1926 г. Уладзімір Жылка жыў у Празе, дзе па стыпендыі чэхаславацкага ўрада вучыўся на гісторыка-філалагічным факультэце Карлава ўніверсітэта.
У 1926 г. паэт вярнуўся на радзіму. Быў літсупрацоўнікам рэдакцыі газеты «Звязда», выкладаў беларускую літаратуру ў Мінскім музычным тэхнікуме. На пачатку 1930 г. Уладзімір Жылка арыштаваны і паводле пастановы пазасудовага органа высланы на 5 гадоў у г. Уржум Кіраўскай вобласці, дзе працаваў загадчыкам гаспадаркі і выкладчыкам літаратуры ў медыцынскім тэхнікуме. Рэабілітаваны ў верасні 1960 г. Судовай калегіяй Вярхоўнага суда БССР.
Выступаць у друку Уладзімір Жылка пачаў у 1920 г. у заходнебеларускіх выданнях «Беларускія ведамасці», «Наша думка», «Наша будучыня», «Новае жыццё». З’яўляецца аўтарам паэмы «Уяўленне» (Вільня, 1923 г.), зборнікаў вершаў «На ростані» (Вільня, 1924 г.), «З палёў Заходняй Беларусі» (Мінск, 1927 г.), «Вершы» (Мінск, 1970 г.), зборніка «Пожні» (вершы, пераклады, крытычныя артыкулы, Мінск, 1986 г.).
Пераклаў «Слова пра Якуба Шэлю» Б. Ясенскага (1932 г.), асобныя творы А. Блока, А. Міцкевіча, Г. Ібсена, Ш. Бадлера, І. Волькера і інш.
Падрыхтавала Аксана ЯНУШ