Как в Кореличском районе идет подготовка к летнему оздоровительному сезону?
Лета не за гарамі. А значыць самы час пацікавіцца ва ўпраўленні адукацыі Карэліцкага райвыканкама, як ідзе падрыхтоўка да летняга аздараўленчага сезона 2020 года.
У Карэліцкім раёне летам плануецца аздаравіць 970 дзяцей, з іх 435 – у лагерах з дзённым знаходжаннем і 535 – з кругласутачным. Адпачынак будзе арганізаваны для 7 дзяцей з інваліднасцю і 45 дзяцей-сірот і застаўшыхся без апекі бацькоў. Такім чынам, ахоп аздараўленнем юных карэліччан сёлета павінен павялічыцца ў параўнанні з мінулым годам з 53,7 да 59,2%.
Дзяцей чакаюць 16 лагераў з дзённым знаходжаннем на базе ўстаноў адукацыі, 4 лагеры працы і адпачынку, 2 лагеры з кругласутачным знаходжаннем ва ўстановах, што знаходзяцца ў экалагічна чыстай мясцовасці (на базе Красненскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа і Жухавіцкай сярэдняй школы), а таксама 7 перасоўных палатачных лагераў з асобнымі маршрутамі руху. Дзіцячы аздараўленчы лагер “Вясёлка” будзе працаваць працягам 4 змен.
Выхаванцы ДЮСШ Карэліцкага раёна змогуць набрацца сіл у двух перасоўных палатачных лагерах спартыўна-аздараўленчага профілю, а таксама падчас чацвёртай спартыўна-аздараўленчай змены ў лагеры “Вясёлка”.
Будзе працягнута практыка арганізацыі лагера з дзённым знаходжаннем для дзяцей з інваліднасцю на базе ЦКРНіР Карэліцкага раёна.
На падрыхтоўку да аздараўленчага сезона выдзелена з раённага бюджэту 25 тысяч рублёў. Плануецца набыццё кухоннага посуду, аднаразовых халатаў, спартыўнага інвентару. На дадзены момант у лагеры “Вясёлка” ідуць рамонтна-будаўнічыя работы і добраўпарадкаванне тэрыторыі.
Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ
Фота Аксаны ЯНУШ