Карэліччанка Галіна Калтунова: «Каранавірус паўплываў на наша светаўсведамленне, мы сталі другімі…»

Нечаканая пандэмія каранавіруса COVID-19 унесла свае адмоўныя карэктывы ў наша жыццё: значна апусцелі вуліцы, не звіняць дзіцячыя галасы ў бязлюдных дварах, не гучыць радаснае «горка» за вясельнымі сталамі, у сэрцах міжволі пасялілася трывога. Перыяд няпросты, складаны ў плане і фізічнага, і псіхалагічнага стану. Ён патрабуе ад нас з вамі згуртаванасці, цярплівасці, разумення, адказнасці і бездакорнага выканання рэкамендацый медыкаў дзеля ўласнай бяспекі.

На жаль, часта прыходзіцца ўпэўнівацца ў адваротным, наведваючы па патрэбе магазін, пошту, аптэку. Многія ігнаруюць патрабаванні прытрымоўвацца рэкамендуемай дыстанцыі, знаходзячыся ў памяшканнях адміністрацыйных устаноў, на вуліцы, у грамадскіх месцах. На просьбу адысціся на неабходныя 1,5-2 метры, бывае, абураюцца: «Надаелі ўжо з гэтымі метрамі». Мала хто карыстаецца аднаразовымі маскамі, пальчаткамі.

Хтосьці, прачытаўшы гэтыя радкі, засупярэчыць: «Дык не было ж загаду насіць іх усім». Адразу зазначу: афіцыяльны загад — не панацэя ад хваробы. Выратавальным кругам з’яўляецца адзіная ўстаноўка, адзінае правіла: аб уласным здароўі павінен клапаціцца кожны чалавек, не напружваючы астатніх. Сваёй абыякавасцю мы дапамагаем вірусу, даём яму магчымасць існаваць сярод нас. Наша раўнадушнасць ускладняе працу медыкаў, якія суткамі, як на перадавой, знаходзяцца ў бальніцы, змагаюцца за чыёсьці жыццё, ахвяруючы сваім. Таму мы не маем права падвяргаць іх рызыцы, як і аптэкараў, сацыяльных работнікаў, прадаўцоў, наш абавязак — дапамагаць ім у складаных умовах пандэміі, а гэта значыць — сканцэнтравацца, праявіць высокую самадысцыпліну, не спадзявацца на памылковае «авось».

Каранавірус, хочам мы гэтага ці не, паўплываў на наша светаўсведамленне, мы сталі другімі, мы па-іншаму ацэньваем каштоўнасць звыклых раней рэчаў. Аказваецца, няма большага шчасця, чым мець магчымасць наведаць родных у вёсцы ці горадзе; збіраць і праводзіць дзяцей у школу; абняцца пры сустрэчы з блізкімі людзьмі; чакаць гасцей у дзень нараджэння; хадзіць у бібліятэку, наведваць святочныя мерапрыемствы; бачыць жанчын, сабраўшыхся на лавачках ля пад’ездаў дамоў; назіраць за гульнямі дзяцей у дварах; чуць галасы мужчын-даміношнікаў, што збіраліся вечарамі за столікам пад бярозкай; забегчы на хвілінку да сяброўкі і піць духмяную каву ва ўтульнай кухні, гаворачы аб усім на свеце… І як хочацца, каб хутчэй вярнуўся той ранейшы час, звыклы і такі шчаслівы! Без пандэміі, без страху… Ён несумненна вернецца, і гэта ў многім залежыць ад нас.

Галіна КАЛТУНОВА