На участке автодороги Кореличи-Валевка-Новоельня ведется текущий ремонт
Яшчэ ў красавіку бягучага года вадзіцелі, едучы з Карэліч у Палужжа і вяртаючыся назад, з-за выбоінаў і расколінаў асфальту адчувалі сябе дыскамфортна. У цэлым участак дарогі не адпавядаў асноўным параметрам аўтамабільных дарог. Аднак становішча выпраўляецца: сёння на ўчастку аўтадарогі Карэлічы – Валеўка – Наваельня працягласцю 3,2 км вядзецца бягучы рамонт.
– Рамонт участка дарогі ажыццяўляецца ў рамках Дзяржаўнай праграмы развіцця і ўтрымання мясцовых дарог на 2015-2020 гады і ў адпаведнасці з графікам, зацверджаным Карэліцкім райвыканкамам, – адзначае галоўны інжынер Карэліцкага ДРБУ-158 Дзмітрый Макарчык. – Да разбіўкі аўтадарогі на ўчасткі і ўстаноўкі часовых дарожных знакаў работнікі ДРБУ прыступілі 11 мая. 14 мая пачалося добраўпарадкаванне дарожнай вопраткі, якое ўключае ямачны рамонт, фрэзіроўку, выпраўленне профілю дарогі, укладку новага асфальта-бетоннага пакрыцця. Да таго ж плануецца рамонт водапрапускных труб і дарожных знакаў, асфальтаванне з’ездаў, добраўпарадкаванне абочын і прыпыначных пунктаў.
На адным з іх стары аўтапавільён будзе заменены на новы жалезабетонны модуль. Адзін з прыпыначных пунктаў будзе перанесены ў іншае месца на гэтым жа ўчастку дарогі. Усе работы будуць завершаны ў чэрвені бягучага года.
Усяго ў 2020 годзе плануецца адрамантаваць 14,5 км дарожнай вопраткі раёна: на 0,6 км дарожнікі правядуць капітальны рамонт, на 13,9 км – бягучы. З пачатку дарожнага сезона, які стартаваў 1 красавіка, пэўныя аб’ёмы работ ужо выкананы. Так, быў праведзены бягучы рамонт участка аўтадарогі Райца – Цырын – Навасёлкі, на якім дарожнікі аднавілі дарожную вопратку для наступнай паверхневай апрацоўкі, адсыпалі абочыны, замянілі аўтапавільён на прыпыначным пункце, заасфальтавалі з’езды, ачысцілі прыдарожную паласу ад кустоўя.
Не так даўно работнікі ДРБУ-158 завяршылі капітальны рамонт пад’езда да асфальтабетоннага завода “Беразавец”. на ўчастку аўтадарогі Беразавец – Лукі – Далматаўшчына будзе праведзена паверхневая апрацоўка, пасля чаго ўчастак дарогі ўвядзецца ў эксплуатацыю.
У пачатку красавіка ў добраўпарадкаванні карэліцкіх дарог прынялі ўдзел аўтагрэйдары ДРБУ Лідскага, Іўеўскага, Дзятлаўскага і Навагрудскага раёнаў. У выніку такога ўзаемадзеяння значна палепшыўся стан дарог раёна, на якіх былі зрэзаны завышаныя абочыны, на некаторых участках вывезены грунт. Выкананы перапрафіляванне дарог і прачыстка кюветаў.
Значную ўвагу дарожнікі раёна надзяляюць утрыманню дарожнай сеткі раёна: праводзяць ямачны рамонт, абкошваюць абочыны, займаюцца высечкай кустоўя і абрэзкай дрэў на прыдарожнай паласе.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара