На заседании райисполкома проанализировали, как в Кореличском районе идет подготовка к новому отопительному периоду

Здаецца, зусім нядаўна завяршыўся ацяпляльны сезон, і ўсе мы з нецярпеннем чакаем лета. Між тым спецыялісты ўжо думаюць пра надыход зімы. Як гаворыцца, рыхтуюць сані летам. Таму на чарговым пасяджэнні Карэліцкага райвыканкама разгледзелі, якім быў мінулы ацяпляльны сезон і як ідзе падрыхтоўка да новага.

   Праца ў рэжыме эканоміі

Прайшоўшы ацяпляльны перыяд адзначаны безаварыйнай работай усіх цеплакрыніц, адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі і архітэктуры Карэліцкага райвыканкама Васілій Александроў. У раёне зарэгістравана 30 цеплакрыніц і 111 спажыўцоў цеплавой энергіі.

Да падрыхтоўкі ацяпляльнага сезону 2019-2020 гадоў у раёне падышлі грунтоўна. Так, па вуліцах Гагарына і Гастэлы ў Карэлічах і Зорнай у Вялікіх Жухавічах перакладзена 2 кіламетры цеплавых сетак. У г.п. Мір па вуліцы Сташэўскай, 2 і ў Карэлічах па вул. Прытыцкага, 3, 5, 7 правялі ўцяпленне сцен жылога дома. Як след падрыхтаваны аб’екты вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі, створаны трывалы запас паліва. Да зімы рыхтаваліся сцены і дахі дамоў, сістэмы ацяплення, электраабсталяванне, лесвічныя пляцоўкі і балконы.

У раёне адбываецца паступовая замена ўстарэлых і маральна, і тэхнічна целасетак на папярэдне-ізаляваныя трубы.  Па меркаванні спецыялістаў, выкарыстанне ПІ-труб абумоўлена не толькі кардынальным зніжэннем цепластрат, але і рэзкім павышэннем надзейнасці цеплатрас за кошт больш высокай якасці гідраізаляцыі. Яскравы прыклад: калі старыя цепласеткі губляюць прыкладна 20% цяпла, то ПІ-трубы — толькі 10-11%. У Карэліцкім раёне грошы лічыць умеюць, таму з амаль 39 тысяч кіламетраў цепласетак больш за 35 тысяч км — гэта ПІ-трубаправоды. Толькі пачынаючы з 2016 года ў раёне ўдалося зэканоміць больш за 900 Гкал цеплавой энергіі. Па словах Васілія Александрова, на працягу 2020 і 2021 гадоў у раёне поўнасцю заменяць старыя трубы на новыя цеплаправоды. Безумоўна, гэта павінна станоўча адбіцца і на кашальку цепласпажыўцоў.

Паступова на Карэліччыне адыходзяць ад выкарыстання прыроднага газу для ацяплення. Спецыялісты тлумачаць: больш выгадна выкарыстоўваць мясцовыя віды паліва, асабліва дравесную шчапу. Напрыклад, у 2019 годзе ў раёне для вытворчасці цяпла паліўная шчапа і дровы  выкарыстоўваліся на 75%, а прыродны газ толькі на 25%. Эканомія відавочная: адна гігакалорыя цеплавой энергіі на газе каштуе 97 рублёў, на шчапе — толькі 72 руб.

Для эканоміі электраэнергіі на Карэліччыне таксама праводзіцца шэраг рацыянальных захадаў. У першую чаргу гэта пераход на энергаэфектыўнае спажыванне: помпавае абсталяванне, катлы, лямпы вулічнага асвятлення замяняюць на сучасныя  і яны працуюць у рэжыме эканоміі. Так, неэканамічныя катлы з нізкім каэфіцыентам карыснага дзеяння заменены но новыя ў Турцы і Міры. Энергазберагальныя вулічныя ліхтары працуюць у Міры і Карэлічах. Не менш важны крок — устаноўка рэгулятараў цяпла. Павярнуў ручку — і батарэі сталі цяплейшымі або халаднейшымі. Па словах Васілія Александрова, у раёне такімі рэгулятарамі абсталяваны ўсе жылыя дамы, дзе для гэтага меліся тэхнічныя магчымасці.

Плануецца мадэрнізацыя

Для падрыхтоўкі да новага ацяпляльнага сезону карэліцкім камунальнікам трэба вырашыць шмат задач. Асноўныя з іх гэта замена 2 кіламетраў цепласетак па вуліцах 8 Сакавіка, Гагарына, 26А, 28А, Паркавая, зав. Савецкі і ДУА “Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы”, а таксама капітальны рамонт катла на кацельні па вул. Гагарына ў Карэлічах. Для таго, каб зіма прайшла нармальна, будзе створаны трывала запас паліва, падрыхтаваны вадаправодна-каналізацыйная гаспадарка і жыллёвы фонд.

Раённае кіраўніцтва сканцэнтравала ўвагу адміністрацыі жылкамунгаса на тым, што асноўныя віды работ неабходна правесці да 20 жніўня. Упраўленне капітальнага будаўніцва Навагрудскага раёна павінна да 1 жніўня завяршыць работы па рэканструкцыі наружных сетак ад кацельні Мірскага спіртзавода да Мірскай гарпасялковай бальніцы і Мірскага прафтэхкаледжа. ДРБУ №158 неабходна стварыць запасы супрацьігалалёдных матэрыялаў і падрыхтаваць снегаўборачную тэхніку да эксплуатацыі ў зімовы перыяд. Адпаведныя профілю заданні вызначаны і іншым арганізацыям раёна.

Адным словам, думаць аб надыходзячай зіме трэба ўжо сёння і не проста думаць, а рыхтавацца да яе.

— Практыка папярэдніх гадоў паказвае, што толькі мэтанакіраваная зладжаная работа па падрыхтоўцы да любога асенне-зімовага перыяду ўсіх удзельнікаў гэтага найважнейшага працэсу прынясе добры вынік. Ёсць поўная падстава меркаваць, што наш раён дастойна ўступіць у новы ацяпляльны сезон і сустрэне зіму ў поўным узбраенні, — сказаў на заканчэнне старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў.

Іна ЛЕЙКА

Фота Аксаны ЯНУШ