Начальник управления образования Кореличского райисполкома Ирина Осташевич отвечает на вопросы по аттестации учеников, последним звонкам, выпускным и летнему детскому отдыху

Завяршэнне навучальнага года, выпускныя, летняя аздараўленчая кампанія. Сёлетняя эпідэміялагічная сітуацыя паставіла перад сістэмай адукацыі нямала пытанняў. Спецыялісты аператыўна адрэагавалі на іх і выпрацавалі шэраг актуальных рашэнняў. Як яны адлюструюцца на Карэліцкім раёне, пракаментавала начальнік упраўлення адукацыі райвыканкама Ірына Валер’еўна АСТАШЭВІЧ.

– Тыдзень застаецца да канца навучальнага года. Па якой сістэме сёлета выстаўляюцца выніковыя адзнакі ў школах?

– Адразу падкрэслю, што атэставаны будуць усе школьнікі. Таксама ў Міністэрстве адукацыі адзначылі, што сітуацыя не паддаецца поўнаму рэгламентаванню, бо ў кожнай установе адукацыі могуць існаваць свае нюансы. Таму педагогам пры выстаўленні адзнак варта кіравацца індывідуальным падыходам у дачыненні да кожнага вучня.

Увогуле, варыянтаў дадзенай сітуацыі існуе даволі шмат, але мы разгледзім асноўныя. Пачнем з тых дзяцей, якія наведваюць заняткі ў звычайным рэжыме. Яны атэстуюцца за бягучую чвэрць і за год з улікам іх вучэбных дасягненняў. Школьнікам, якія не наведваюць заняткі і засвойваюць матэрыял згодна рэкамендацыям педагогаў дома самастойна, за IV чвэрць будзе ўнесены запіс “не атэставаны”, а за год выстаўлена адзнака па выніках трох чвэрцяў.

Што датычыцца выпускных экзаменаў, то тут пакуль без зменаў. Яны пройдуць з 1 па 9 чэрвеня згодна з устаноўленым Міністэрствам адукацыі графікам.

У стадыі ўзгаднення знаходзяцца дакументы аб зменах у Пастанову Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь аб вызваленні ад экзаменаў вучняў 9 і 11 класаў, захварэўшых на COVID-19, і тых вучняў, што адносяцца да першай групы кантактаў.

Таксама дадам, што напачатку новага навучальнага 2020-2021 года ў нашай краіне ва ўстановах адукацыі плануецца ўвесці дадатковыя заняткі, каб нагадаць вучням пройдзеныя ў IV чвэрці тэмы і замацаваць па іх веды.

– Ці загучыць для нашых школьнікаў на традыцыйных лінейках апошні званок?

– Урачыстыя мерапрыемствы, звязаныя са святкаваннем завяршэння навучальнага года, ва ўсіх установах адукацыі раёна адменены. У апошні дзень навучальнага года, 30 мая, асобна ў кожным класе пройдуць класныя гадзіны. На іх школьнікам нагадаюць правілы бяспечных паводзін падчас канікул і разгледзяць пытанні занятасці дзяцей у летні перыяд. Пасля чаго ўсе паразыходзяцца па дамах.

Апроч таго, у адпаведнасці з пісьмом Міністэрства адукацыі Беларусі плануецца адмяніць летнюю працоўную практыку для вучняў 5-8 класаў і ваенна-палявыя зборы для 10-класнікаў.

– Адна з самых запамінальных падзей у школьным жыцці – выпускны. У якім фармаце ён пройдзе на гэты раз?

– Як мы ведаем, правядзенне масавых мерапрыемстваў у нашай краіне абмежавана. Таму ў гэтым годзе выпускнікоў пасля здачы экзаменаў чакае не традыцыйнае шырокае святкаванне, а толькі ўручэнне атэстатаў ва ўрачыстай атмасферы і пажадана на свежым паветры без працягу. Мы разумеем, што дзеці з бацькамі доўга рыхтаваліся да гэтай падзеі. Але зараз не час масава святкаваць выпускныя, уладкоўваць салодкія сталы, вечары ці сумесныя выязды на прыроду. Наша агульная задача – прыняць неабходныя меры, каб пры правядзенні дадзенага мерапрыемства былі выкананы ўсе патрабаванні адносна бяспекі навучэнцаў і захавання іх здароўя.

І ўдакладненне наконт урачыстага ўручэння атэстатаў. Яно пройдзе ў школах раёна 10 чэрвеня. Рашэнне аб фармаце правядзення дадзенага мерапрыемства прымаецца кіраўніком установы адукацыі з удзелам бацькоўскага камітэта і па ўзгадненні з упраўленнем адукацыі. Таксама сумесна з органамі ўнутраных спраў будзе забяспечана захаванне правапарадку ў ходзе правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў.

– У цэнтры ўвагі на самых высокіх узроўнях застаецца летняе аздараўленне і адпачынак дзяцей. Што чакае на канікулах юных карэліччан?

– На дадзены момант летняя аздараўленчая кампанія ў нашым раёне пройдзе па наступным графіку. 15 чэрвеня пачнуць працу прышкольныя лагеры. Наш стацыянарны лагер “Вясёлка” адкрыецца 1 ліпеня. Палатачныя лагеры чакаюць дзяцей з 1 жніўня. Але, заўважу, што ў залежнасці ад таго, як складзецца эпідэміялагічная сітуацыя ў будучым, названыя даты могуць быць змененыя.

Падкрэслю, што ў лагеры “Вясёлка” будуць дзейнічаць асаблівыя правілы. Лаканічна іх можна сфармуляваць так: кантроль за тэмпературай дзяцей, абмежаванне іх кантактаў з бацькамі, дадатковая дэзінфекцыя. Некаторыя моманты варта ўдакладніць. Так, у “Вясёлцы” ўвядуць невыязны рэжым як для дзяцей, так і для работнікаў. Бацькоўскія дні адмяняюцца. Родныя змогуць толькі пакідаць перадачы дзецям. Пакоі будуць заселены напалову. У ізалятары ўладкуюць дадатковыя месцы. Рэжым дня, сістэма харчавання і расклад заняткаў арганізуюць такім чынам, каб максімальна размежаваць патокі дзяцей і паміж імі захоўвалася неабходная сацыяльная дыстанцыя. Інтэрвал паміж зменамі складзе не менш трох дзён для правядзення апрацоўкі лагера.

Падводзячы вынік нашай размовы, хочацца запэўніць, што на сёння мы маем дакладныя рэкамендацыі і алгарытмы дзеянняў адносна самых розных сітуацый. І сфера адукацыі паступова, але паспяхова адаптуецца да новых умоў.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота Іны ЛЕЙКА