С благодарностью от детей и молодежи. Юных жителей Кореличей и Жуховичей объединяет память о подвиге героев Великой Отечественной войны

Звонкі дзіцячы смех, агеньчыкі радасці ў вачах хлопчыкаў і дзяўчынак, пацешныя забаўкі і гульні малечы. Усё гэта – шчаслівае дзяцінства, што не ведае слоў “вайна”, “жах”, “боль” ці “страх”. І падрастаючае пакаленне карэліччан памятае і шануе тых, чыё гераічнае і самаахвярнае жыццё ў гады Вялікай Айчыннай вайны стала фундаментам нашага светлага і спакойнага сёння.

Песні Перамогі і словы падзякі гучалі 8 мая ў аграгарадку Жухавічы. Вучні мясцовай сярэдняй школы ад першага да адзінаццатага класаў усклалі кветкі да брацкай магілы, а таксама разам з работнікамі Жухавіцкага Дома культуры ўшанавалі памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання. Тым самым удзельнікі падзеі прыядналіся да рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае. Памятаем кожнага”.

У Карэлічах прадстаўнікі сярэдняй школы №1 – удзельнікі валанцёрскага атрада “Три “П”: помоги, подскажи, послушай” Марыя Талака і Карына Грамыка разам з кіраўніком Аленай Васько – прынеслі землякам цёплыя віншаванні, кветкі, паштоўкі і святочныя сімвалы – чырвона-зялёныя стужкі з яблыневай кветкай. Яны наведалі Марыю Суднік, якую напачатку Вялікай Айчыннай вайны ў трохгадовым узросце прымусова вывезлі ў Германію, дзе яна з роднымі прабыла да лістапада 1945 года. Жанчына была шчыра ўзрадаваная нечаканым візітам, дзялілася ўспамінамі і пажаданнямі ніколі не зведаць горкай долі і няволі на чужыне. Не абмінулі валанцёры і дом Анастасіі Грышынай, якая адправілася на фронт шаснаццацігадовай дзяўчынай і стала сувязной у 691-м батальёне палка авіацыйнага базіравання. Кветкі і пажаданні разам з паштоўкай ад раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” ветэрану Вялікай Айчыннай вайны школьнікі перадалі праз родных.

Адзначым, што такія акцыі і валанцёрскія ініцыятывы ў межах святкавання Дня Перамогі па добрай традыцыі аб’ядноўваюць навучэнцаў устаноў адукацыі па ўсім Карэліцкім раёне.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара