Создать уникальный бронированный автомобиль и открыть приют для бездомных животных. Кореличские четвероклассники Надежда Кошур и Алексей Горбик делятся своими мечтами

У сярэдняй школе №1 г.п. Карэлічы ўсе добра ведаюць вучняў 4 “А” класа як цікаўных і старанных даследчыкаў. Нездарма адразу двое з іх – Надзея Кошур і Аляксей Горбік – сёлета трапілі на раённую Дошку пашаны.

Як знайсці шлях да дзіцяці, раскрыць яго здольнасці і распаліць у ім прагу да ведаў, добра разумее класны кіраўнік 4 “А” класа Марыя Хіневіч. Яе педагагічны сакрэт – у шчырай любові да сваіх маленькіх геніяў:

– У нашым класе ўсе дзеткі разумныя, з імі заўжды прыемна працаваць. Калі я ім нешта прапаноўваю, то адразу бачу, як загараюцца вочы ў маіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Пачынаючы з першага класа, такія лёгкія на пад’ём і Надзея з Аляксеем. Праўда, у кожнага з іх быў свой шлях да навукова-даследчых работ. Першай на яго стала Надзея. І так актыўна, што за ёй уцягнуўся ўвесь клас, у тым ліку і Аляксей.

На пытанне “чаму менавіта гэты напрамак стаў папулярным сярод дзяцей, а, напрыклад, не тэатр ці спорт?” Марыя Мікалаеўна мае правераны прафесійным вопытам адказ:

– Дзеці не нараджаюцца адразу вучонымі ці даследчыкамі. Іх важна да гэтага прывесці. І чым больш намаганняў укладваюць дарослыя ў развіццё дзіцяці, тым яму ў будучым лягчэй зразумець сябе і рэалізаваць свае магчымасці. Дзеля гэтага я як педагог раю займацца даследаваннямі. Бо ў час іх правядзення дзеці вучацца ставіць мэты і задачы, знаходзіць інфармацыю, працаваць з літаратурай і рознымі крыніцамі, наладжваць кантакты са спецыялістамі, арганізацыямі і ўстановамі, праводзіць анкетаванне, аналізаваць дадзеныя, рабіць высновы і, нарэшце, прэзентаваць сваю работу.

Надзея і Аляксей згодныя з настаўніцай. Праўда, прызнаюцца, што напачатку вельмі хваляваліся. Але, кажуць, заўжды адчувалі падтрымку Марыі Мікалаеўны, бацькоў і аднакласнікаў, таму ўсё і атрымалася. Наперабой распавядаюць пра тое, якая гэта радасць – зрабіць першыя маленькія адкрыцці і падзяліцца імі з іншымі.

– Адразу з’яўляецца азарт, хочацца больш займацца даследаваннямі, бо мяне цікавіць шмат яшчэ чаго, – відаць, што ў Аляксея на прыкмеце ўжо ёсць некалькі новых тэм. Хоць і пра мінулыя хлопчык не забывае. Летась ён напісаў грунтоўную працу “Пад белымі крыламі” пра буслоў. З той пары пярнатыя сябры сталі часткай яго жыцця. Хлопчык пільна назірае за птушкамі і час ад часу ўносіць карэктывы ў створаную ім жа бусліную карту райцэнтра. Хапае часу Аляксею і на яшчэ адзін любімы занятак. З сотняў дэталяў хлопчык збірае замкі, машыны, караблі, самалёты, падводныя лодкі. Блізкі яму па духу і свет гаджэтаў, камп’ютарных праграм ды сучасных тэхналогій. Нездарма ў будучым Аляксей не выключае магчымасць стварыць сапраўдны браніраваны аўтамабіль, аналагаў якому не будзе ў свеце. Увогуле, Аляксей надзвычай самастойны і дарослы не па гадах, а яшчэ спартыўны – з задавальненнем катаецца на веласіпедзе і пры неабходнасці можа паказаць некалькі прыёмаў з каратэ.

Надзея таксама, апроч даследаванняў на тэму баршчэўніка Сасноўскага, любіць маляваць, чытаць кніжкі пра прыроду, дэкламаваць вершы, танцаваць, граць на цымбалах, вышываць ды вязаць. Захапленняў у дзяўчынкі шмат. Таму пасля школы яна спяшаецца на заняткі ў Карэліцкую дзіцячую школу мастацтваў і раённы ЦТДіМ. А дома дапамагае матулі ў хатніх справах і прыглядае за малодшым брацікам. Яшчэ Надзея клапоціцца пра навакольнае асяроддзе, а падчас конкурсу-агляду строю і песні можна камандаваць цэлым атрадам. Адрознівае дзяўчынку і вялікае сэрца. Яна, як кажа класны кіраўнік, усіх шкадуе і, каму можа, стараецца дапамагчы. Таму мара ў Надзеі асаблівая. Яна хоча адкрыць прытулак для бяздомных жывёл, бо “сумна і балюча бачыць, што людзі выкідваюць катоў і сабак, як рэчы”.

– Такія дзеці, як вечныя рухавікі, натхняюць на далейшую працу, – напрыканцы сустрэчы заўважае Марыя Мікалаеўна. – І я ўпэўнена, што ў Надзеі з Аляксеем у іх жыцці гэта далёка не апошняя Дошка пашаны.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара