В церкви св. Анны в деревне Загорье установили памятную доску с именами воинов-земляков, сражавшихся на фронтах Великой Отечественной войны

У вёсцы Загор’е на вясковых могілках узвышаецца царква св. Ганны. Святое месца захоўвае шмат гісторый. Тут жыве памяць аб розных пакаленнях тутэйшых жыхароў і аб тых падзеях, што выпалі на іх лёс.

Прыкладна месяц таму ў храме з’явілася асаблівая памятная мармуровая дошка. Злева на ёй пералічаны воіны-жыхары вёскі Загор’е, якія не вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны. Усяго – 29 чалавек. Каля імя кожнага – год, калі нарадзіўся і загінуў ды месца пахавання на чужыне. Змешчаны тут і тыя, побач з якімі выбіта “прапаў без вестак”. Справа – спіс мясцовых жыхароў, якія змагаліся за Айчыну і вярнуліся дахаты. Тут – 55 прозвішчаў ды гады жыцця салдат. Аналагічны спіс загінулых і прапаўшых без вестак воінаў з Загор’я ёсць і на сцяне ля памінальнага стала.

Мікалай Ламан

Не адзін тыдзень давялося правесці ў архівах і даследчых пошуках прафесару, доктару біялагічных навук, акадэміку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалаю Ламану, каб памяць аб мужных земляках была такім чынам увекавечана ў храме. Дарэчы, ёсць на памятнай дошцы і бацька вучонага – Афанасій Ламан, які трапіў на фронт у 1944 годзе, а ў родную вёску Загор’е вярнуўся толькі ў 1946 годзе аж з Маньчжурыі. За баявы шлях і мужнасць Афанасій Варфаламеевіч узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За перамогу над Германіяй”, “За перамогу над Японіяй”.

Між тым, не толькі з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны звязана сям’я Мікалая Ламана, але і з гісторыяй самой царквы св. Ганны. Напрыканцы ХІХ стагоддзя яго прадзед Якуб быў старастам гэтага храма. І 12 гадоў таму Мікалай Афанасьевіч зрабіў асаблівы падарунак святому месцу: высадзіў па перыметры могілак 115 хвой.

Вольга Ходар, айцец Андрэй Абрамовіч, матушка Кацярына

Такімі цікавымі звесткамі з намі дзеліцца прыхаджанка царквы св. Ганны і жыхарка вёскі Загор’е Вольга Ходар. І працягвае аповед:

– Гісторыя царквы св. Ганны бярэ адлік у 1861 годзе. Менавіта тады яе ўзвялі з дрэва на ахвяры мясцовых жыхароў. У савецкі перыяд храм чакала забыццё. І толькі ў першай палове 1990-х гадоў, ізноў сіламі тутэйшых вернікаў, у царкву вярнулася жыццё. Прайшоў яшчэ некаторы час, настаў 2015 год, і святое месца, дзякуючы дапамозе мецэнатаў, пачало адраджацца з новай сілай. Толькі цяпер царква паўстала з цэглы, з вітражамі, мазаікамі, скульптурай святой міратворыцы, непаўторным іканастасам і абразамі, сярод якіх ёсць прывезеныя з замежжа, у тым ліку з Афона. Асаблівасцю нашай святыні з’яўляецца тое, што ў 2017 годзе ў яе сцяну ўмуравалі камень з Іерусаліма ад Гроба Гасподня. Такі ёсць у Беларусі толькі яшчэ ў адным храме. З гэтай нагоды ў Загор’е апошнім часам прыязджаюць паломнікі. А на даху царквы змешчаны сонечныя батарэі, таму ўначы наш храм і шлях да яго так хораша асвечаныя і бачныя здалёк. Сапраўды, гэтае месца нібы маяк жывой веры, і я ўсім сэрцам яго люблю. Тут адпачываю душой і знаходжу сілы. Да таго ж, на могілках пахаваны мае родныя, таму гэтая зямля для мяне святая.

Так выглядаў храм у 2007 годзе. Фота А. Дыбоўскага

З Загорскай царквой святарскі лёс звёў настаяцеля царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў аграгарадку Турэц іерэя Андрэя Абрамовіча ў 2018 годзе. З першых імгненняў сустрэчы з храмам ён адразу адчуў намоленасць і моц гэтага месца.

– Тут усё напоўнена Божай ласкай. Нават калі ў царкве няма набажэнстваў, часам я прыязджаю сюды за глыбокім спакоем і сакральнай цішынёй, атрымліваю асалоду ад сціплай і ўзрушлівай прыгажосці загорскіх краявідаў. Варта больш распавесці і пра абразы, якія сустракаюць вернікаў у царкве. На шматлікіх з іх мы бачым выявы Багародзіцы, у тым ліку Уладзімірскай, Казанскай, Пачаеўскай. Ёсць у нашым храме і спіс з Жыровіцкай іконы Божай Маці. Нагадаю, сёлета хрысціянскі свет адзначае 550-годдзе здабыцця гэтага цудатворнага абраза і 500-годдзе з дня заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра. Калі ж звернем увагу на іканастас, то і там убачым Багародзіцу разам з яе маці і бабуляй Ісуса Хрыста святой Ганнай, у гонар якой, нагадаю, названа наша царква. А над уваходам у храм з вышыні на вернікаў разам з анёламі пазірае святая вялікапакутніца Марына. Дарагі для нас яшчэ адзін абраз – святой праведнай Сафіі Слуцкай з яе мошчамі. З гэтай іконай летась я аб’ехаў Турэц і ваколіцы, каб беларуская святая атуліла клопатам і малітвай нашы землі і людзей. І, вядома, асаблівае месца ў царкве займае куток з памятнай дошкай з імёнамі воінаў з Загор’я. Яны ў гады Вялікай Айчыннай вайны змагаліся за святую справу – за свабоду Радзімы і за яе светлую будучыню, каб іх нашчадкі жылі ў міры і спакоі на сваёй зямлі. І вялікі гонар, што ў нашым храме жыве памяць аб подзвігу нашых землякоў.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара