В редакции газеты «Полымя» наградили победителей фотоконкурса «Мое весеннее солнышко»

Пераможцы фотаконкурсу “Маё вясновае сонейка” 15 мая падчас узнагароджання асвяцілі рэдакцыю газеты “Полымя” анёльскімі дзіцячымі ўсмешкамі.

Нагадаем, што працягам вясны наша раёнка сумесна з Карэліцкай РА РГА “Белая Русь” і РК ГА “БРСМ” праводзілі конкурс “Мая вясновае сонейка”, на які было даслана 26 заявак.

Першы пераможца вызначыўся, дзякуючы народнаму галасаванню на сайце газеты “Полымя”. Ім стала Лія Мялешка. Выбралі лепшых і арганізатары конкурсу. У выніку ў лік самых вясновых сонейкаў увайшлі Ясенія Іванчык, Валерыя Уціна, Уладзіслаў Адамцэвіч і Ева Мядзведзева.

Узнагароджанне прайшло у цёплай атмасферы з удзелам юных трыумфатараў, іх бацькоў, а таксама прадстаўнікоў газеты “Полымя”, РА РГА “Белая Русь” і першага сакратара РК ГА “БРСМ” Аксінні Ждан.

Дзеці радавалі прысутных сваімі эмоцыямі і шчырасцю.

Вучаніца 4 “Б” класа сярэдняй школы г.п. Карэлічы і жыхарка аграгарадка Краснае Лія Мялешка распавяла пра тое, што даведалася пра свой удзел у конкурсе толькі пасля заканчэння галасавання 10 мая. Проста яе мама Вольга вырашыла зрабіць дачцы сюрпрыз. Дарэчы, галасавалі за дзяўчынку родныя і сябры не толькі ў Беларусі, а таксама ў Германіі і Іспаніі. Лія падзялілася, што дыплом зойме пачэснае месца ў іх доме, а падарунак – прыгажуня-лялька – з першага погляду стала адной з самых любімых цацак дзяўчынкі.

Не мог адарваць вачэй ад свайго робата і выхаванец ясляў-сада № 1 г.п. Карэлічы Уладзіслаў Адамцэвіч. У гэты час яго мама Наталля расказала, што сын расце творчым і цікаўным, а яшчэ рыхтуецца пайсці ў першы клас, таму вучыцца чытаць і пісаць. А цудоўны фотаздымак на конкурс зрабіла бабуля Уладзіслава, для якой унук – самая яркае сонейка.

На пытанне “якая ваша дачушка?” бацькі маленькай карэліцкай прынцэсы – трохгадовай Евы МядзведзевайРаман і Ганна адказалі, што яна – вельмі светлы, пазітыўны, адкрыты і камунікабельны чалавечак. Чым не сапраўднае сонейка?! Гэта і стала нагодай для ўдзелу ў конкурсе. Патрэбны фотаздымак знайшоўся адразу. Аўтарам удалага кадра стала сяброўка сям’і.

Шчаслівая Ясенія Іванчык з Цырына завітала на ўзнагароджанне разам з мамай Ганнай і сястрой Эльвірай. Дзяўчынка была ў захапленні ад падарунка, а яшчэ расказала, што любіць глядзець мульцікі, спяваць і хадзіць у дзіцячы садок.

Карэліччанка Валерыя Уціна разам з мамай Аленай у трэці раз удзельнічаюць у конкурсах газеты “Полымя”. І, нарэшце, заслужаны поспех: іх фотаздымак увайшоў у пяцёрку лепшых на конкурсе “Маё вясновае сонейка”. Быць у цэнтры увагі для Валерыі звыкла. Дзяўчынка часта выступае на сцэне і ўмее трымацца ў кадры. Журы гэта і ацаніла.

Узнагароджанне стала для ўсіх сонечным святам. А наперадзе нас чакае яшчэ багата такіх пазітыўных конкурсаў і прыемных сустрэч.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і Іны ЛЕЙКА