В редакции газеты «Полымя» наградили победителей викторины «75 вопросов к 75-летию Великой Победы»

У рэдакцыі газеты “Полымя” адбылося ўзнагароджанне пераможцаў віктарыны “75 пытанняў да 75-годдзя Вялікай Перамогі”. Сустрэча арганізатараў віктарыны і яе пераможцаў прайшла ў надзвычай цёплай і душэўнай абстаноўцы.
Лепшымі знаўцамі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны сталі вучань 10 класа сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы Арцём Карп, студэнтка 2 курса магістратуры Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, член ГА “БРСМ” Ганна Стэльмах і ветэран працы з Мінска Мікалай Прыгодзіч.
Дыпломаў другой ступені ўдастоены навучэнец першага курса Карэліцкага прафесійна-тэхнічнага ліцэя Арцём Зайко, вучаніца 10 класа Райцаўскай СШ Паліна Саладуха і ветэран працы з Карэліч Баляслаў Навіцкі.
Не ўсе пераможцы віктарыны змаглі прысутнічаць на ўзнагароджанні. Аднак дыпломы і прыемныя падарункі абавязкова знойдуць сваіх уладальнікаў, якія паказалі выдатныя веды ваеннай гісторыі.


Сустрэча пачалася з цёплых слоў арганізатараў інтэлектуальнай віктарыны. Галоўны рэдактар газеты “Полымя”, намеснік старшыні РА РГА «Белая Русь» Іна Лейка, выконваючы абавязкі першага сакратара РК ГА “БРСМ” Аксіння Ждан, метадыст раённага метадычнага кабінета Наталля Ардзюк і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Яфрэмава павіншавалі пераможцаў віктарыны і падзякавалі ім за глыбокую зацікаўленнасць падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.


У сваю чаргу інтэлектуальная моладзь Карэліччыны выказала словы падзякі арганізатарам віктарыны за магчымасць даведацца новыя факты з ваеннай гісторыі.
– Адказваючы на пытанні, я карысталася кнігай “Памяць. Карэліцкі раён”, дзе знайшла невядомыя дагэтуль моманты з гісторыі ваеннай Карэліччыны, – адзначыла студэнтка 2 курса магістратуры Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Ганна Стэльмах. – Мой дзядуля Дзмітрый Грынько быў ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Пад Берлінам ён быў паранены, таму Перамогу сустракаў у шпіталі. Паўгода назад я была на стажыроўцы ў Сібірскім федэральным універсітэце. Даведаўшыся, што я з Беларусі і вучуся ў Брэсце, расійскія студэнты перш за ўсё ўзгадалі пра абаронцаў Брэсцкай крэпасці. У той момант я адчула сапраўдны гонар за гераізм нашых дзядоў і прадзедаў, якія змагаліся за мірнае жыццё нашчадкаў.


Аб правядзенні віктарыны вучань 10 класа сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы Арцём Карп прачытаў на сайце газеты “Полымя”.
– Заўсёды любіў гісторыю, неаднаразова ўдзельнічаў у школьных алімпіядах. Не так даўно прыняў удзел у інтэрактыўнай віктарыне “Гісторыя. Памяць. Будучыня”, – расказаў Арцём Карп. – Пошук адказаў на пытанні віктарыны стаў для мяне выдатнай разумовай размінкай.
Першым правільныя адказы на 75 пытанняў аб Вялікай Айчыннай вайне даслаў у рэдакцыю навучэнец першага курса Карэліцкага прафесійна-тэхнічнага ліцэя Арцём Зайко, які, як і Арцём Карп, зусім нядаўна стаў пераможцам аднаго з тураў раённай віктарыны “Дзе гэта вуліца, дзе гэты дом?”, што ладзіць раённая газета «Полымя».
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара