Выпускница средней школы № 1 Анастасия Кузьмич — об олимпиаде по белорусскому языку и своей любви к анатомии
Маладая, прыгожая, разумная. Гэтымі словамі можна апісаць шмат дзяўчат нашай любай Карэліччыны, але сёння мы раскажам пра адну з іх – выпускніцу ДУА “Сярэдняя школа № 1” г.п. Карэлічы Анастасію Кузьміч, якая сёлета была занесена на раённую Дошку пашаны.
Усяго праз тыдзень яшчэ сённяшняя школьніца стане абітурыенткай, а праз некалькі месяцаў – увогуле паўналетняй студэнткай-першакурсніцай. Зараз жа Насця актыўна рыхтуецца да цэнтралізаванага тэсціравання, каб запаветныя балы далі ёй магчымасць набыць прафесію мары.
– Быў перыяд, калі я актыўна хацела звязаць жыццё з журналістыкай, – дзеліцца колішнімі планамі дзяўчына. – Недзе да дзявятага класа я спрабавала пісаць вершы, імкнулася як мага больш даведацца пра гэту сферу дзейнасці. Потым думала паступаць на перакладчыка, але ў выніку прыйшла да таго, каб стаць фармацэўтам… Справа ў тым, што ў дзявятым класе на ўроках біялогіі мы пачалі праходзіць анатомію чалавека, і мяне гэта так уразіла, што ў выніку прадмет стаў займаць увогуле ўсе мае думкі, і гэта цудоўна (усміхаецца).
Дарэчы, на належным узроўні ў выпускніцы ідуць не толькі хімія і біялогія, але і беларуская мова, у алімпіядах па якой дзяўчына часта бярэ ўдзел. Спачатку была перамога на школьным і раённым этапе, а потым – ганаровае другое месца на абласным, якое ў выніку дало магчымасць паспрабаваць свае веды на рэспубліцы.
– Трэба прызнаць, заданні на алімпіядзе былі досыць цікавыя. Напрыклад, у адным з іх аўтары прасілі завяршыць байку, якая не ўваходзіць у школьную праграму, – узгадвае выпускніца. – Гэта значыць, што спачатку трэба было зразумець, што сваім творам хацеў сказаць пісьменнік, а ўжо потым непасрэдна яе дапісаць… Ці справілася? Вядома! (усміхаецца)
Поспех, на думку Анастасіі Кузьміч, залежыць ад двух складальнікаў: настаўніка, які выкладае той ці іншы прадмет, і максімальнай падрыхтоўкі, якая па магчымасці павінна займаць увесь вольны час. Цяжка? Яшчэ як. Але калі ў цябе ёсць мэта, ты проста абавязаны ўвасобіць яе ў жыццё. Яшчэ адзін сакрэт, які дапамагае дзяўчыне займаць вядучыя пазіцыі ў жыцці, – гэта дух суперніцтва, які загартоўвае і матывуе яшчэ больш. Як прызнаецца школьніца, свайму поспеху на абласным этапе алімпіяды па беларускай мове яна абавязана менавіта яму…
Калі ў Насці выдаецца больш-менш вольная хвіліна, яна чытае. Лермантаў, Булгакаў, Багдановіч – у спісе любімых аўтараў значацца як пісьменнікі класічнага жанру, так і прадстаўнікі сучаснай замежнай літаратуры. Напрыклад, апошняя прачытаная кніга, якая здзівіла дзяўчыну, – “Парфумер” нямецкага аўтара Патрыка Зюскінда. Цікава, што нягледзячы на тое, што Насця – актыўны карыстальнік сучасных тэхналогій, яна аддае перавагу папяровым, а не электронным кнігам, якія, на яе думку, не могуць прынесці такую асалоду, як звычайныя. З нагоды таго, што матуля працуе ў бібліятэцы, школьніца бярэ іх праз абанемент або набывае ў кніжных крамах.
– Разам з урокамі хіміі, біялогіі, рускай і беларускай моў мне вельмі падабаецца і літаратура. Справа ў тым, што калі ты чытаеш адна, табе няма з кім абмеркаваць герояў твора, іх дзеянні і ўчынкі. А на ўроках літаратуры такая магчымасць ёсць. Гэта ж так цікава – паслухаць іншы пункт гледжання, дзесьці пагадзіцца, а дзесьці ўвогуле паспрабаваць пераканаць чалавека, прывёўшы канкрэтныя доказы і аргументы.
У апошнія дні мая сціплая і прыгожая Насця Кузьміч рыхтуецца да экзаменаў, актыўна вывучае дадатковую літаратуру і чакае моманту, калі пераступіць парог другой у жыцці, не менш важнай, альма-матар. А мы, у сваю чаргу, жадаем юнаму таленту Карэліччыны не забывацца на свае карані і помніць тых, хто на працягу адзінаццаці гадоў вёў яе да поспеху, – сваіх настаўнікаў.
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара