22 июня — День всенародной памяти жертв Великой Отечественной войны. Житель сожженной деревни Синявская Слобода Николай Павлюковский: «Вёску спалілі, людзей пабілі»
Успаміны Мікалая Феафанавіча Паўлюкоўскага, жыхара вёскі Сіняўская Слабада, якую фашысты спалілі датла ў верасні 1942 года.
— 78 гадоў прайшло, а ў мяне перад вачыма карціна: гарыць наша вёска, дым чорны сцелецца, страшна, — пачынае свой аповед Мікалай Паўлюкоўскі. Мы сядзім на лаўцы пад стогадовай ліпай, ствол якой і да гэтага часу не загаіў раны ад страшнага пажару. У кроне старога дрэва ціўкаюць птушкі, а па вёсцы разносіцца мірны клёкат буслоў: нават не верыцца, якая трагедыя адбылася тут у 42-м.
— У верасні таго года я пахадзіў у школу, можа, з тыдзень, як адбылося страшнае. Карнікі ішлі ў нашу вёску, а па дарозе сутыкнуліся з партызанамі. Злосныя, уварваліся ў Сіняўку, выгналі ўсіх мужчын на вуліцу і паклалі на зямлю тварам уніз. Адна хата ўжо гарэла, а немцы сказалі: “Глядзіце, як гарыць хата заўзятых партызан. І з вамі тое ж будзе, калі будзеце лясным бандытам дапамагаць”.
Мікалай Паўлюкоўскі з сябрам падчас службы на флоце
Неўзабаве праз Сіняўку пацягнуліся людзі з суседняй вёскі ў бок Ярэміч. Бацькі здагадаліся: фашысты будуць паліць партызанскія вёскі — Антанёва і нашу, Сіняўку. Мы сабралі самае неабходнае і пайшлі да радні ў Вобрыну. Пераначавалі, а на другі дзень мы з татам пайшлі на загуменне, бачым — пажар страшны палыхае, гарыць наша Сіняўка! У той дзень нацысты загубілі 11 мірных жыхароў. У Вобрыне мы знайшлі пустую хатку і так жылі да зімы.
Мікалай Феафанавіч успамінае, як аднойчы праз вёску з грукатам прайшлі фашысты ў напрамку Лядак. А на наступны дзень у акно Паўлюкоўскіх пастукаў бацькаў брат Аляксей, які быў у партызанах: “Уцякайце хутчэй! Немцы спалілі Лядкі, а партызанскія сем’і пабілі”. Так у Лядках не стала 77 вяскоўцаў. Зноў людзі схапілі дзяцей і трохі харчоў і адправіліся ў дарогу. Стаіліся ў лесе за вёскай Антанёва, там ужо былі ўцалелыя жыхары Лядак. У адной лясной хацінцы некалькі тыдняў жылі каля трох дзясяткаў уцекачоў. Між тым тата Мікалая, Феафан, кожны дзень хадзіў у Сіняўку, на пажарышча, капаў зямлянку. У ёй і пражылі Паўлюкоўскія рэшту 42-га і 43-і год. Неўзабаве бацька паставіў невялікую хатку, у якую сям’я з радасцю перабралася.
Але шчасце, успамінае Мікалай Феафанавіч, было нядоўгім. Партызанскі рух мацнеў, нямецкія захопнікі адчувалі, што такая доўгачаканая перамога выслізгвае з рук. Таму акупанты прымаюць рашэнне правесці блакаду, каб выкурыць народных мсціўцаў з лясоў. Зморам, доўгімі баямі і акружэннем карнікі імкнуліся аслабіць партызан. Баючыся расправы ворагаў, у лес бегла і мірнае насельніцтва.
— Летам 43-га да нас прыехалі двое маіх дзядзькоў-партызан, Аляксей і Валодзя, і кажуць: «Уцякайце, будзе блакада!» Мы зноў сабраліся і рушылі за Чорную, у дрыгву.
Зайшлі ў балота метраў на 200, знайшлі купіну і селі. 7 дзён сядзелі-дрыжалі, чулі нямецкую гутарку, стрэлы. Да нас яны блізка не падыходзілі, баяліся, відаць, патануць, а вось другія людзі расказвалі, што ім прыходзілася з галавой у дрыгву хавацца і дыхаць праз трасцінкі. Што елі? Суніцы збіралі ды сухары ў балотнай вадзе размочвалі. Так вось было…
Калі праз тыдзень вярнуліся ў Сіняўскую Слабаду, убачылі, што немцы спалілі жыта, што стаяла ў снапах, толькі пры кустах некалькі мэндлікаў уцалела.
Нягледзячы на тое, што зыход вайны быў зразумелым і фашысцкія сілы слабелі з кожным днём, карнікі ўсё ж здзейснілі яшчэ адну спробу блакады ўлетку 43-га. І зноў Паўлюкоўскіх разам з аднавяскоўцамі выратавала балота.
— Як мы радаваліся 9 мая 1945 года! Крычалі, спявалі! Перамога! Танцы зладзілі, моладзі столькі прыйшло, — успамінае Мікалай Феафанавіч.
Далей мірнае жыццё пацякло сваёй чарадой. Мікалай пасля заканчэння школы папрацаваў загадчыкам хаты-чытальні ў роднай вёсцы, а потым пайшоў у армію. З 1956 па 1958 гады служыў на флоце, спачатку на Паўночным, а потым, пасля хваробы, на Чарнаморскім. А далей, усё як у людзей — ажаніўся, стаў студэнтам. Закончыўшы філалагічны факультэт БДУ імя Леніна, 25 гадоў аддаў працы ў Пагарэлкаўскай школе.
— Дзве дачкі ў мяне, адна ў Піцеры, другая ў Пскове, трое ўнукаў, праўнучка падрастае, — цешыцца Мікалай Феафанавіч. — Яны да мяне часта ездзілі, а цяпер гэты каранавірус не пускае. Але што ён нам: мы вайну перажылі — перажывём і вірус!
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара, з асабістага архіва М. Паўлюкоўскага і адкрытых інтэрнэт-крыніц