Любячае сэрца Святара. 5 чэрвеня спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння Слугі Божага ксяндза біскупа Зыгмунта Лазінскага, ураджэнца вёскі Барацін
З біяграфій знакамітых людзей, жыццёвы шлях якіх прайшоў праз Карэліччыну, можна сабраць шматтомнае выданне. Адным з іх было наканавана ўславіць наш край вучонасцю, другім – мужнасцю, іншым – творчасцю, а Слузе Божаму ксяндзу біскупу Зыгмунту Лазінскаму – святасцю. І сёлета мы маем адразу некалькі юбілейных дат, звязаных з гэтым выключнай моцы і глыбіні веры чалавекам: 150 гадоў з дня нараджэння, 125 гадоў з пасвячэння ў святары, 95 гадоў з прызначэння біскупам Пінскай дыяцэзіі.
З маленькай вёскі ў вялікае жыццё
Сёння Барацін – ціхая і ўтульная вёсачка ў Карэліцкім раёне, якая ўдалечыні ад магістраляў раскінулася сярод маляўнічых лясоў і палёў. Аб шляхецкіх часах месца і яго слаўнай гісторыі, што бярэ пачатак аж у 1508 годзе, нагадваюць толькі рэшткі старадаўніх гаспадарчых пабудоў ды вадаёмы, якія некалі ўтваралі цэлую водную сістэму вакол доўгага сядзібнага дома з высокім дахам з мансардай.
З гэтым карэліцкім кутком жыццё звязала на пэўны час шляхецкую сям’ю Лазінскіх. Праўда, іх гісторыя пачынаецца яшчэ ў 1869 годзе ў касцёле святога Арханёла Міхала ў Навагрудку, дзе Людвіка Марыя Чачот выйшла замуж за Уладзіслава Альберта Любіча-Лазінскага. Але менавіта ў Бараціне, у маёнтку Чачотаў, 5 чэрвеня 1870 года з’явіўся на свет іх першынец – Зыгмунт Канстанцый Антоній. Увогуле, сям’я была дружная і вялікая. Пасля Зыгмунта нарадзіліся яшчэ пяць братоў – Вацлаў, Багдан, Караль ды блізняты Станіслаў і Канстанцый – і сястра Марыя.
Хлопчык узрастаў у любові родных, у духу пабожнасці, у атмасферы творчасці, дзе асабліва віталіся музыка і жывапіс. Бацька быў інжынерам, пісьменнікам, суддзёю гміны чатырох скліканняў, хатнім кампазітарам, адміністратарам нерухомасці, паляўнічым, а маці добра грала на фартэпіяна і хораша спявала, яшчэ смачна гатавала і нават страляла з дубальтоўкі. Але больш за розныя мастацтвы, конныя паездкі, чытанне кніг і дзіцячыя забаўкі, Зыгмусю падабаліся літургічныя абрады. Ужо ў маленстве падчас гульні “Сейм у даўнейшай Польшчы” ён уяўляў сябе біскупам.
Бесклапотныя гады дзяцінства мінулі хутка, пасля пачатковай хатняй адукацыі настаў час грунтоўна спасцігаць навукі. І ў 1880 годзе Зыгмунт распачынае вучобу ў V Дзяржаўнай гарадской гімназіі ў Варшаве з гуманітарным ухілам, дзе адразу праяўляюцца яго выдатныя здольнасці. Хлопчык старанна і добра вучыцца, аддаючы перавагу рэлігіязнаўству, матэматыцы, гісторыі, геаграфіі, польскай, нямецкай і французскай мовам. Пры гэтым у коле аднагодкаў ён вызначаецца моцным характарам, шчырасцю і нецярпеннем да ўсялякай няпраўды.
1881 год для Зыгмунта стае асаблівым: ён разам з братам Вацлавам прыступае да Першай Камуніі, а ад свайго дзядзькі, ксяндза Вітальда Чачота, атрымоўвае абразок з надпісам: «Зыгмунце! Верна захоўвай тое, што паабяцаў Пану Езусу ў дзень Першай святой Камуніі». Падзея настолькі кранае дзіцячае сэрца, што потым усё жыццё штогод Зыгмунт Лазінскі яе адзначае.
А, між тым, лёс складваецца так, што вучобу будучы біскуп працягвае ў Пецярбургу пры духоўнай семінарыі, дзе яго дзядзька і духоўны апякун ксёндз Вітальд Чачот быў выкладчыкам. Чатыры гады, будучы гімназістам, Зыгмунт па сваёй волі жыве раскладам семінарыстаў, шмат часу праводзіць у іх атачэнні. Вучобу скончвае з залатым медалём, бацька раіць пайсці яму ва ўніверсітэт, але юнак абірае Пецярбургскую духоўную семінарыю.
Цырымонія аблучынаў, першы крок у жыцці студэнта-семінарыста на шляху да святарства, адбываецца ў 1889 годзе і якраз прыпадае на 8 верасня – свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Зыгмунт удала спалучае вучобу з выданнем штотыднёвіка «Семінарыйны агляд» ды дапамогай сябрам у вучобе. І ўжо праз 2 гады, застаючыся семінарыстам, юнак становіцца студэнтам Пецярбургскай духоўнай акадэміі.
А за год да прыняцця сакрамэнту святарства ён піша: «Пане, я гатовы ісці, куды скажаш. Калі Ты даеш мне выбар — я выбіраю Твой крыж. Але вядзі мяне, Пане, і дай больш адвагі, вучы мяне, як ісці за Тваім крыжам». І 23 чэрвеня 1895 года Зыгмунта пасвячаюць у святары. Наперадзе яго чакае няпросты духоўны шлях, адзначаны шматлікімі выпрабаваннямі. Але Зыгмунт Лазінскі ніколі не здраджвае голасу паклікання. Ён ва ўсялякіх абставінах застаецца мужным і спакойным у цярпеннях, устрыманым і сціплым у жыцці, разважлівым і справядлівым у адносінах з бліжнімі, лагодным і любячым у святарстве.
Ад выкладчыка да заснавальніка семінарый
Пецярбург не адпускае маладога святара. І першыя гады пасля пасвячэння Зыгмунт Лазінскі выкладае тут у духоўных установах Святое Пісанне. Але ён заступаецца за свайго брата ў адным вострым рэлігійным пытанні, за што атрымоўвае паўтары гады зняволення ў Аглонскім дысцыплінарным кляштары ў Латвіі. Пасля выхаду на волю святар накіроўваецца вікарыем у Смаленск, Тулу і Рыгу. Туды родныя прысылаюць яму прадукты і прысмакі, а ён раздае ўсё дзецям і моладзі падчас катэхез. Гэта яшчэ адна вызначальная рыса Зыгмунта Лазінскага – нічога не прагнуць для сябе і дзяліцца апошнім з бліжнім.
Далей душпастырская місія прыводзіць яго на Міншчыну, дзе ён служыць пробашчам. Пасля лёс ізноў звязвае ксяндза з Пецярбургам. Тут ён працягвае выкладанне Святога Пісання, рэдагуе часопіс “Касцёльны веснік”, выязджае на візітацыі да католікаў у Сібір.
У хуткім часе дзеля паглыблення ведаў па Святым Пісанні накіроўваецца на вучобу ў нямецкі Мюнхен, аўстрыйскі Інсбрук, а пасля ў Рым, у Папскі біблейны інстытут. Шмат дае святару падарожжа ў Іерусалім. Даводзіцца яму і каля двух гадоў служыць капеланам у лагеры для інтэрнаваных грамадзян Германіі і Аўстра-Венгрыі.
Настае 1917 год. Папа Бенедыкт XV за высокія дасягненні назначае Зыгмунта Лазінскага біскупам Мінскай дыяцэзіі. Урачыстасці з гэтай нагоды адбываюцца ў 1918 годзе ў Варшаве. У іх бярэ ўдзел Апостальскі Нунцый у Польшчы арцыбіскуп Акіле Рацці – будучы папа Пій ХІ. Новы біскуп дае магчымасць гучаць беларускай мове падчас набажэнстваў у Мінску, а таксама стварае тут духоўную семінарыю. Але праз уціск савецкіх улад яна закрываецца, а семінарысты раз’язджаюцца. Вымушаны хавацца па лясах працягам некалькіх месяцаў і сам Зыгмунт Лазінскі. Гэта моцна падрывае яго здароўе. Але біскуп усё ж вяртаецца ў Мінск, дзе яго арыштоўваюць савецкія ўлады, а пасля адпраўляюць на 11 месяцаў у Маскву ў Бутырскую турму. У зняволенні святар не падае духам і піша рэлігійныя тэксты. Паводле Рыжскай дамовы Зыгмунта Лазінскага вызваляюць. Ён прыбывае ў Польшчу, дзе ў 1921 годзе ад урада атрымлівае ордэн Белага Арла і Крыж Мужных.
1924 год у біяграфіі святара звязаны з Навагрудкам, дзе ён засноўвае духоўную семінарыю. Таксама тут ён асвячае закладны камень пры пабудове памятнага кургана ў гонар Адама Міцкевіча. Але надоўга ў старадаўнім горадзе біскуп не затрымліваецца.
Папа Пій ХІ даручае яму ў 1925 годзе кіраванне новастворанай Пінскай дыяцэзіяй. На гэтай ніве Зыгмунт Лазінскі самааддана служыць і толькі просіць у Бога: “Дазволь мне, Пане, нястомна працаваць і цярпець дзеля Цябе”. Адразу пасля назначэння біскуп стварае ў Пінску семінарыю, дзе вядзе заняткі.
У любові да Бога і бліжняга
Але гэтыя радасныя падзеі ідуць побач са стратамі: у 1920-х гадах паміраюць бацькі святара, што прыносіць яму вялікі боль. І ўсё ж нават у такія цяжкія хвіліны Зыгмунт Лазінскі не дае гору авалодаць сабой, да кожнага ставіцца з бацькоўскім клопатам і ласкай духоўнага айца.
Ён шчодра дзеліцца ведамі, дае моцныя казанні, піша падручнікі, артыкулы і паэтычныя творы. А, дзякуючы “надпрыроднай і пяшчотнай” веры Зыгмунта Лазінскага, на тэрыторыі Беларусі пачынаюць шырока практыкавацца набажэнствы да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, да Маці Божай і да мучаніка з Палесся – святога Андрэя Баболі. Больш таго, у знак любові да Багародзіцы намаганнямі біскупа ў Пінскай духоўнай семінарыі ўзводзіцца капліца Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
Спрыяе Зыгмунт Лазінскі і таму, што ў 1929 годзе ў Навагрудак прыязджаюць першыя дзве сястры-назарэтанкі, прадстаўніцы манаскай супольнасці якіх і сёння служаць у гэтым горадзе.
Асобна варта спыніцца на адносінах біскупа з семінарыстамі, для якіх ён стае прыкладам сапраўднага пастыра, надзеленага “святым агнём руплівасці” і “невымоўнай дабрынёю”. Жыве ён сціпла ў будынку семінарыі, шчыра цікавіцца бытам і клопатамі будучых святароў, любіць пагаварыць з імі па душах і пажартаваць, суправаджае іх у вучобе і на шляху рэалізацыі паклікання.
Для ксяндза біскупа важна ўсё, звязанае з семінарыстамі: харчаванне, сон, адзенне. Ён можа аддаць ім уласнае паліто, дапамагчы перанесці рэчы ці падзяліцца сваёй порцыяй у сталоўцы. Не забывае Зыгмунт Лазінскі і тых клерыкаў, якія застаюцца ў семінарыі на канікулах. Разам з імі ён часта адпраўляецца ў паездкі водным шляхам на маторцы з Пінска ў кляштар у Зарэччы. Яшчэ адно яго цудоўнае пачынанне – “Братняя дапамога” для самых бедных семінарыстаў і святароў з небагатых парафій: яны выконваюць даручэнні, за што атрымоўваюць матэрыяльнае ўзнагароджванне.
У тыя часы рэлігійных рознагалоссяў мае ксёндз біскуп і прыгожую мару, каб на родных землях людзі жылі па законах хрысціянскай любові, у еднасці і павазе, незалежна ад нацыянальнасцяў, абрадаў і вызнанняў. Таму ён ставіцца аднолькава прыязна як для католікаў, так і да прадстаўнікоў іншых рэлігій, шмат робіць для экуменічнага працэсу на беларускіх землях, праводзіць 2 унійныя кангрэсы ў Пінску, а з нагоды 400-годдзя з дня смерці вялікага князя літоўскага Вітаўта – пасяджэнне, дзе чытаюцца рэфераты на беларускай, літоўскай, латышскай, нямецкай, польскай і ўкраінскай мовах. Нездарма кожны семінарыст, як лацінскага, так і ўсходняга абрадаў, з’яўляецца для Зыгмунта Лазінскага скарбам, а яго бласлаўлення ў шпіталях чакаюць пацыенты і каталіцкай, і праваслаўнай веры.
І так кожны дзень свайго жыцця Зыгмунт Лазінскі аддае ўсяго сябе Богу і людзям. А між тым гады зняволенняў і ганенняў даюць пра сябе ведаць праз хваробы і аперацыі. Але нават тады ён не губляе прыроднай жыццярадаснасці. Кажа, што ўсё адбываецца па Божай волі, і да апошняй хвіліны жадае быць карысным для іншых: “Я так моцна любіў вас і так прагнуў аддаць за вас жыццё! Я заўсёды прасіў Пана Езуса, каб паслаў мне шмат цярпенняў за вас…” Таму заклікае маліцца не за сябе, а за чысцовыя душы, і абяцае: “Я быў вам усім… прыяцелем шчырым і адданым… тым больш буду ім у жыцці вечным”. Не стае самаахвярнага святара 26 сакавіка 1932 года а 15.30 у Вялікую Суботу, напярэдадні Нядзелі Уваскрасення Пана. Апошнія яго словы належыць да псалма: “З глыбіні я клічу Цябе, Пане”.
Праз некаторы час пасля смерці Зыгмунта Лазінскага пачынаецца збор неабходных для яго беатыфікацыі (надання асобе за асабліва праведнае жыццё пасмяротнага тытула «блаславёны») дакументаў. Але толькі 2 красавіка 1993 года папа Ян Павел ІІ пацвярджае гераічнасць цнотаў біскупа.
Ад той пары ў дачыненні да Зыгмунта Лазінскага мы кажам “Слуга Божы” і звяртаемся праз яго заступніцтва з малітвай аб патрэбных ласках. Да слова, нямала людзей іх ужо атрымалі. У 1932 годзе праз такую матчыну малітву дзесяцігадовы хлопчык Зыгмунт Лянкевіч з-пад Пінска, які знаходзіўся пры смерці, неспадзявана для ўсіх поўнасцю паправіўся. Аздараўленне ад астмы (на здзіўленне ўрачам аднойчы яна проста знікла) атрымала праз заступніцтва Слугі Божага ў 1935 годзе і сястра Матыльда Дыжэўская.
Пастаянна маліўся да яго таксама кардынал Казімір Свёнтак, дарэчы, выпускнік Пінскай духоўнай семінарыі: “Са мной быў той, да каго я заўсёды мог пайсці з бядою і радасцю, быў мой даўні дарадца і прыяцель – Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі. Вы не ўяўляеце, колькі разоў самым цудоўным чынам біскуп Лазінскі дапамог мне… Гэта магутны заступнік”.
Сапраўды, святасць – гэта не німб над галавой, а калі ад жыцця чалавека нават праз дзесяцігоддзі, а то і стагоддзі, іншым стае святлей і цяплей. Так і Слуга Божы ксёндз біскуп Зыгмунт Лазінскі пакінуў нам сваю бязмежную любоў і нязгаснае святло веры.
Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ
Шчырая падзяка курыі Пінскай дыяцэзіі і асабіста кс. Андрэю Рылку за прадастаўленыя фота і інфармацыю