Председатель Кореличской районной комиссии по выборам Игорь Лазаревич отвечает на вопросы избирателей
Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты праходзіць у Беларусі да 19 чэрвеня ўключна. Прэтэндэнтам на пасаду Кіраўніка дзяржавы трэба заручыцца як мінімум 100 тысячамі подпісаў выбаршчыкаў. У многіх выбаршчыкаў на гэтым этапе ўзнікае нямала пытанняў. Старшыня Карэліцкай раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Лазарэвіч адказвае на самыя частыя з іх.
Хто можа пакідаць подпісы за вылучэнне кандыдатаў?
Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якім у бягучым годзе да дня або ў дзень унясення подпісу споўнілася 18 гадоў.
Што павінна быць у зборшчыкаў подпісаў?
Падпісацца можна як на вулічных пікетах, так і ў выпадку, калі зборшчыкі прыходзяць да вас дадому.
У зборшчыка подпісаў павінна быць выдадзенае Цэнтральнай камісіяй пасведчанне, а таксама дакумент, які сведчыць асобу, і падпісныя лісты.
У гэтую кампанію да зборшчыкаў ёсць яшчэ адно патрабаванне: наяўнасць сродкаў індывідуальнай абароны — масак і пальчатак.
Што павінна быць указана ў падпісным лісце?
У падпісным лісце павінны быць указаны прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, месца жыхарства, серыя і нумар пашпарта грамадзяніна або рэквiзiты іншага дакумента, вызначанага Цэнтральнай камісіяй (ваеннага білета для ваеннаслужачых, даведкі органаў унутраных спраў — для тых, хто страціў пашпарт).
Дату і подпіс вы павінны паставіць уласнаручна.
Ці можна падпісацца за некалькіх прэтэндэнтаў?
Дзеючае заканадаўства дазваляе пакідаць подпіс у падтрымку вылучэння кандыдатамі адразу некалькіх прэтэндэнтаў — пры жаданні вы можаце падтрымаць усіх 15 чалавек.
Аднак у падтрымку вылучэння аднаго прэтэндэнта можна падпісацца толькі адзін раз.
Як можна даведацца праграму прэтэндэнта ў прэзідэнты?
На этапе збору подпісаў публікаваць праграму забаронена. Адзінае, што вам могуць расказаць зборшчыкі — біяграфію патэнцыйнага кандыдата. Іншая інфармацыя (планы на выпадак абрання і іншае) могуць быць расцэнены як незаконная агітацыя.
Калі падпісаўся за прэтэндэнта, ці павінен прагаласаваць за яго?
Не. Падпісацца вы можаце за любую колькасць патэнцыйных кандыдатаў. За каго ў выніку галасаваць, вы можаце вырашаць незалежна ад прынятага на этапе збору подпісаў рашэння.
Калі можна будзе даведацца, ці зарэгістравалі кандыдата?
Не пазней 19 чэрвеня ініцыятыўныя групы павінны будуць здаць падпісныя лісты для праверкі. Затым, калі ў прэтэндэнта будзе больш за 100 тысяч сапраўдных подпісаў і будуць выкананы іншыя патрабаванні заканадаўства, ён будзе зарэгістраваны кандыдатам. Адбудзецца гэта з 5 па 14 ліпеня ўключна.
Пасля рэгістрацыі кандыдатаў пачнецца агітацыя, тады можна будзе даведацца аб праграмах кандыдатаў. Самі выбары пройдуць 9 жніўня.
Падрыхтавала Іна ЛЕЙКА