Срок выдачи пропусков на ЦТ продлен до 25 июня
Тэрмін выдачы пропускаў на ЦТ абітурыентам, якія ў вызначаныя тэрміны запоўнілі электронную анкету і аплацілі рэгістрацыйны ўзнос за ўдзел у ЦТ, але не змаглі іх забраць па прычыне хваробы або вымушанай самаізаляцыі, падоўжаны да 25 чэрвеня. Пра гэта паведаміла намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Наталля Вайцяховіч.
Таксама замест абітурыента пропуск можа атрымаць яго прадстаўнік пры наяўнасці дакумента, які пацвярджае ўважлівую прычыну, па якой сам абітурыент не змог гэта зрабіць. Натарыяльна завераная даверанасць для гэтага не патрабуецца.
Пры правядзенні ЦТ будуць выконвацца ўсе неабходныя санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні.
«Мы дакладна ведаем, што ЦТ – экзамен з высокімі стаўкамі. Таму заўсёды асаблівая ўвага надавалася падбору аўдыторыі для таго, каб абітурыентам было камфортна працаваць над тэстам. У гэтым годзе патрабаванні сталі больш жорсткімі, – падкрэсліла Наталля Вайцяховіч. – Яны тычацца ў першую чаргу рассаджвання абітурыентаў – з захаваннем дыстанцыравання не менш за 1 метр. Гэта, вядома, запатрабавала задзейнічаць досыць вялікую колькасць дадатковых аўдыторый. Акрамя таго, у кожным памяшканніі павінна быць праведзена стараннае прыбіранне з выкарыстаннем дэзіфектантаў. Абавязковая таксама наяўнасць антысептыкаў: каля ўваходу ў пункт тэсціравання, каля ўваходу ў экзаменацыйную аўдыторыю і непасрэдна ў аўдыторыі».
Арганізатары ЦТ будуць працаваць у масках і пальчатках. «Мы вітаем, калі і абітурыенты будуць таксама выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай абароны. Калі па нейкай прычыне абітурыент забыўся пра іх, але жадае імі скарыстацца, у кожным пункце будзе створаны рэзерв», – адзначыла намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.
Наталля Вайцяховіч звярнула ўвагу, што, як і ў ранейшыя гады, прапускны рэжым абітурыентаў у пункт правядзення тэсціравання будзе ажыццяўляцца па дакументах, якія сведчаць асобу: размова ідзе пра пашпарт, від на жыхарства ці пасведчанне бежанца. «Варта заўважыць, што кожны год некаторыя абітурыенты спрабуюць патрапіць на экзамен, выкарыстоўваючы пасведчанне кіроўцы ці іншыя дакументы. Яшчэ раз паўтару: усе астатнія дакументы, акрамя трох пералічаных, не з’яўляюцца дакументамі, па якіх можна трапіць на ЦТ», – дадала яна.
Таксама Наталля Вайцяховіч назвала ўважлівыя прычыны для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні:
«Ёсць так званы адкрыты пералік прычын, якія з’яўляюцца падставай для допуску абітурыента да здачы ЦТ у рэзервовыя дні. Лістом Міністэрства адукацыі канкрэтызаваны гэтыя прычыны. У пералік уважлівых нароўні з хваробай патрапіла і знаходжанне абітурыента на самаізаляцыі, – праінфармавала Наталля Вайцяховіч. – Пры гэтым да здачы ў рэзервовыя дні дапускаюцца толькі тыя абітурыенты, якія зарэгістраваліся на ЦТ у вызначаныя тэрміны (з 2 мая па 1 чэрвеня), але па ўважлівай прычыне не змаглі на ім прысутнічаць. Тэрміны рэгістрацыі абітурыентаў для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні – з 12 па 17 ліпеня».
Сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання ў пунктах яго правядзення абітурыентам пачнуць выдаваць з 24 ліпеня, а тым, хто здаваў ЦТ у рэзервовыя дні, – з 29 ліпеня.
Па матэрыялах газеты “Звязда”