Здравствуй, взрослая жизнь! Большой фоторепортаж с выпускного в СШ №2 райцентра
Не забудуць сваё развітанне з навучальнай установай і рабяты з сярэдняй школы №2 г.п. Карэлічы. Нягледзячы на пандэмію і шматлікія абмежаванні, у іх усё роўна атрымалася сапраўднае свята, з узнагародамі, віншаваннямі, смехам, слязьмі радасці і, вядома, школьным вальсам.
Таксама хлопчыкаў і дзяўчынак чакаў сюрпрыз. Акрамя заслужаных узнагарод з рук начальніка ўпраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірыны Асташэвіч і дырэктара школы Вікенція Браніцкага, моладзь атрымала памятныя сюрпрызы ад бацькоў і свае першыя работы: сачыненні і кантрольныя – ад тых, хто сустрэў сённяшніх выпускнікоў малымі першаклашкамі, ад іх першых настаўнікаў.
У гаманлівай чародцы выпускнікоў у прыгожай школьнай форме, з белымі бантамі стаіць уладальніца залатога медаля Дар’я Пансевіч:
– Я хачу падзякаваць усім настаўнікам, якія прынеслі ў наша жыццё веды, столькі гадоў змагаліся за нас, падтрымлівалі кожнага вучня. Яны для нас не проста настаўнікі, яны для нас сябры, бо шмат гадоў казалі значныя словы. З імі можна было пагаварыць пра тое, што хвалюе – і нас супакойвалі. Вядома, у мяне ёсць любімы настаўнік, але я ўдзячная ўсёй школе. Нягледзячы на тое, што мяне вельмі шмат разоў клікалі ў іншыя ўстановы адукацыі, я не перайшла, таму што тут, у роднай альма-матэр, застаецца частка сэрца, жыцця. Я ведаю, што маё студэнцкае жыццё будзе вясёлым. Я спадзяюся, што яно стане прамежкавым звяном паміж школай і паспяховым жыццём. Раскрываць таямніцы будучай прафесіі я пакуль не хачу, але праз пяць гадоў я спадзяюся стаць паспяховым чалавекам, добрым спецыялістам, які ўмее шанаваць кожную хвіліну свайго жыцця.
– Для мяне, як для кіраўніка калектыву ДУА «СШ №2 г.п. Карэлічы», 2019-2020 навучальны год склаўся з дасягненняў і няўдач усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу: педагогаў, навучэнцаў, бацькоў, – гаворыць Вікенцій Браніцкі. – Пачатак навучальнага года парадаваў завяршэннем капітальнага рамонту харчаблока, кабінетаў хіміі, біялогіі, інфарматыкі, уладкаваннем безбар’ернага асяроддзя. Па выніках раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды навучэнцамі ўстановы адукацыі заваявана 15 дыпломаў. Выпускніца Дар’я Пансевіч – удзельніца абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, за дасягнутыя вынікі ўзнагароджана граматай Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Калектыў фізічнай культуры ў аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю спартыўна-масавай работы сярод устаноў адукацыі заняў першае месца. У 16-м выпуску Зборніка навуковых артыкулаў вучняў «Першы крок у навуку» апублікаваны навуковы артыкул па англійскай мове вучаніцы 10 класа Веранікі Кот, у 17-ым выпуску – навуковы артыкул па гісторыі вучаніцы 9 «А» класа Віялеты Лісоўскай. У цэлым, за гэты год нашы юныя таленты заваявалі масу ўзнагарод, пералічыць якія проста немагчыма. І самае важнае, што ўспамінаецца ў першую чаргу толькі добрае.
Лізавета АЙКЯН
Фота аўтара
Больш фота ў нашай групе ВКонтакте