Дарья Пансевич и Анастасия Кузьмич из Кореличей сдали централизованное тестирование на 100 баллов
На календары другая палова лета, а гэта значыць, прыйшоў час даведацца, хто з карэліччан узышоў на запаветны п’едэстал па выніках цэнтралізаванага тэсціравання. Іспыт па беларускай мове на доўгачаканую “сотню” ў гэтым годзе здалі семдзесят восем чалавек, у ліку якіх апынулася і выпускніца СШ № 2 г.п. Карэлічы Дар’я Пансевіч. А вось вышэйшы бал па біялогіі сёлета аказаўся падуладны пяцідзесяці пяці абітурыентам, сярод якіх – учарашняя адзінаццацікласніца сярэдняй школы № 1 райцэнтра Анастасія Кузьміч.
– Дзяўчаты, як і калі пачалася ваша падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэсціравання?
Дар’я: – З чацвёртага класа я пачала хадзіць на алімпіяды па беларускай мове, таму гэты час і можна лічыць кропкай адліку. Святлана Генадзьеўна Шчука, з якой я займалася на працягу ўсяго школьнага жыцця, заўважыла маю любоў да мовы і ўзяла пад сваё крыло. З таго часу шматлікія алімпіяды давалі мне магчымасць удакладняць свае веды і развівацца далей, а больш узмоцнена я ўзялася за падрыхтоўку ў выпускным класе, калі запісалася на факультатыў. Дапамогай рэпетытара вырашыла не карыстацца – спадзявалася на багаты вопыт алімпіяд і, як бачыце, не прагадала (усміхаецца).
Анастасія: – Да ЦТ па біялогіі я пачала рыхтавацца ў адзінаццатым класе, але ўжо з дзясятага вучылася на спецыялізаваным профілі, таму было значна прасцей. Акрамя чатырох гадзін біялогіі ў рамках школьнай праграмы, раз на тыдзень мяне чакаў двухгадзінны факультатыў і рэпетытар, ролю якога выконвала Ганна Канстанцінаўна Шклярж. Паколькі ўсе ведаюць, што яна дапамагла не аднаму выпускніку, то і мне хацелася даведацца, што ў яе там за спецметодыка (усміхаецца).
– Ці хапала вам часу на іншыя прадметы, хобі і адпачынак?
Дар’я: – Шчыра кажучы, матэматыцы і англійскай мове я аддавала больш часу, чым беларускай. Наконт гэтага прадмета я нават не хвалявалася: ведала, што калі не сто, то дзевяноста будзе дакладна. А рэпетыцыйнае тэсціраванне гэтую ўпэўненасць толькі ўзмацніла.
Вядома, былі дні, калі жыццё па графіку дом-школа-ўрокі вельмі засмучвала, але я ведала: мне гэта патрэбна, а значыць, я гэта зраблю. Калі гаварыць пра самаахвярнасць на карысць вучобы, то два гады назад мне прыйшлося абмежаваць паездкі да бабулі і заняткі харэаграфіяй, якой я аддала значную частку свайго жыцця. Але былі і шпацыры, і сустрэчы з сябрамі – я перакананая, што цалкам пагружацца ў вучобу нельга, арганізму патрэбен адпачынак.
Анастасія: – У будні я па большай частцы рыхтавала школьныя прадметы, а ўжо на выхадных аддавала перавагу біялогіі, хіміі і алімпіядам, у якіх брала актыўны ўдзел. Прызнацца, былі і цяжкія дні, калі я пераступала хатні парог толькі а пятай гадзіне… Што тычыцца вольнага часу, то яго было няшмат. Мне здавалася, што калі я выйду пагуляць, я нешта недавучу і яно абавязкова апынецца ў бланку заданняў. Таму, як няцяжка здагадацца, у большасці сваёй я сядзела дома. Калі на канікулах магла паглядзець які-небудзь серыял, то гэта лічылася самым вялікім шчасцем на свеце (усміхаецца).
– Як прайшло тэсціраванне? З якімі эмоцыямі выходзілі з аўдыторыі?
Дар’я: – Усё прайшло спакойна. Быў момант, калі я сумнявалася ў правільна выбраным значэнні фразеалагізма, але доўжылася гэта няшмат. Часу на ЦТ мне хапіла, пераправерыць – таксама. Настаўніку адразу не тэлефанавала: мусіць, была ў шоку ад таго, што іспыт-такі скончыўся (усміхаецца).
Анастасія: – Не магу сказаць, што я моцна хвалявалася. Мусіць, пэўную ролю ўсё ж такі адыгралі алімпіяды і рэпетыцыйнае тэсціраванне, якое, дарэчы, на працягу года я таксама здавала на высокія балы. А ЦТ… Прыйшла, напісала і сышла. Праўда, сумнявалася ў адным заданні, таму адразу палезла ў Інтэрнэт, каб даведацца, ці тое я выбрала.
– Што вы адчувалі, калі ўбачылі на экране запаветныя сто балаў? Як адрэагавалі бацькі?
Дар’я: – Першым, хто ўбачыў маю “сотню”, была сяброўка. Па адным выразе яе твару я зразумела, што ўсё добра. Патэлефанавала матулі, агучыла вынік і… пачула, як яна плача. Потым расказала тату, ён таксама пахваліў. Увечары аб маім выніку даведалася настаўніца і, здаецца, увесь пасёлак (смяецца). Зараз да мяне падыходзяць знаёмыя, пытаюцца, ці праўда, а я сціпла адводжу вочы і ціхенька гавару: “Так…”
Анастасія: – Не так страшна было здаваць іспыт, як глядзець вынік… Рукі трэсліся, сэрца калацілася, а потым – трохзначная лічба і мой шок. У першую хвіліну я не верыла, а ўжо ў другую крычала на ўвесь дом (смяецца). Тут жа прыляцеў тата: яму чамусьці падалося, што я ўбачыла павука. А я ў шоку: і плачу, і смяюся, і ўвогуле не ведаю, як рэагаваць… Я настолькі не магла паверыць у сто балаў па біялогіі, што зрабіла скрыншот і на працягу тыдня перыядычна на яго пазірала, каб нарэшце прывыкнуць да звання “стобальніцы”. Ведаю, што гучыць дзіўна, але так яно і было.
– Які прафесійны шлях плануеце абраць і як ацэньваеце шанцы на паступленне?
Дар’я: – Я планую звязаць жыццё з актуальным на сённяшні дзень праграмаваннем і паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі або ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. Аналізуючы прахадныя балы мінулых гадоў, думаю, усё атрымаецца.
Анастасія: – Я мару аб прафесіі фармацэўта, таму вельмі хочацца стаць студэнткай Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. У маім арсенале зараз трыста шэсцьдзясят чатыры балы, таму шанец ёсць. Прынамсі, я зрабіла ўсё магчымае, каб не толькі паступіць, але і апраўдаць чаканні любімага настаўніка, сваіх бацькоў. Дарэчы, яны гавораць, што ганарацца, а гэта для мяне галоўны падарунак.
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара