Кореличчина в зеркале перемен. Рассказываем о важных событиях в районе за последние 5 лет

За апошнія пяць гадоў у раёне адбылося шмат важных падзей. Карэліччына трывала замацавалася ў лідарах аграрнай галіны на Гродзеншчыне. Уведзены ў строй новыя жывёлаводчыя аб’екты, праведзена мадэрнізацыя прамысловых прадпрыемстваў. У аграгарадках і гарадскіх пасёлках развівалася жыллёвае будаўніцтва і інфраструктура.
Сёння настаў час расказаць і паказаць, што змянілася ў раёне за апошнія пяць гадоў.

Сельская гаспадарка

Асноўным накірункам у развіцці эканомікі Карэліччыны з’яўляецца сельская гаспадарка, якая спецыялізуецца на вытворчасці малака і мяса, вырошчванні зерневых і зернебабовых культур, цукровых буракоў, бульбы, рапсу і лёну.

За апошнюю пяцігодку сельская гаспадарка раёна зрабіла значны крок наперад, дасягнула добрых паказчыкаў у раслінаводчай і жывёлагадоўчай галінах. Так, рэалізацыя малака вырасла з 65772 тон да 70839 тон, сярэдні надой на карову – з 5703 кг да 6177 кг. Аб’ёмы вытворчасці цукровых буракоў павялічыліся са 182 тысяч тон да 213. У параўнанні з 2015 годам у 2019 годзе аграрыі Карэліччыны атрымалі амаль удвая больш алеенасення рапсу: агульны вал узрос з 4219 тон да 8090 тон.

У 2015 годзе дасягнуты гістарычны максімум валавага збору збожжавых, які склаў 137864 тоны. Сярэдняя ўраджайнасць зерневых па раёне склала 63,8 ц/га. Хлебаробы СВК “Жухавічы” з кожнага гектара атрымалі 87,1 ц/га, СВК “Маяк-Заполле” – 77,8 ц/га. У 2019 годзе валавы збор зерня склаў 105559 тон.

За апошнія пяць гадоў Карэліцкі раён неаднаразова з’яўляўся пераможцам абласных спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы зерневых і зернебабовых культур. Так, у 2015 і 2019 гадах Карэліччына заняла другое месца на Гродзеншчыне, у 2016 і 2018 годах – трэцяе.

Поспехі жывёлагадоўчай галіны Карэліцкага раёна высока адзначаны на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Па выніках работы за 2015, 2016, 2017 і 2019 гады СВК “Свіцязянка-2003” занесены на Рэспубліканскую Дошку пашаны. У 2015 годзе КСУП “Лукі-Агра” стала пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва ў намінацыі “Гаспадарка высокай культуры земляробства, добраўпарадкавання машынных двароў, жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў”. У 2018 годзе сельгаспрадпрыемства заняло трэцяе месца ў абласным спаборніцтве сярод сельскагаспадарчых арганізацый, якія займаюцца свінагадоўляй.

Высокіх дзяржаўных узнагарод удастоены старшыні і галоўныя спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў раёна. Медалямі “За працоўныя заслугі” ўзнагароджаны старшыні СВК “Свіцязянка-2003” Уладзімір Галавач і СВК “Жухавічы” Дзмітрый Янкоўскі, галоўны заатэхнік СВК “Свіцязянка-2003” Віктар Саўко, а таксама галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Мяцеліца. У 2018 годзе ганаровае званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь” прысвоена Уладзіміру Галавачу, у 2020 годзе – Дзмітрыю Янкоўскаму. У 2017 годзе ордэнам Пашаны ўзнагароджаны загадчык участка № 1 СВК “Маяк-Заполле” Іван Гавака.

За апошнюю пяцігодку на Карэліччыне пабудаваны буйныя жывёлагадоўчыя аб’екты. У 2015 годзе ў КУСП “Чарняхоўскі-Агра” ўведзена ў эксплуатацыю племянная ферма на 250 чыстапародных свінаматак з рэпрадуктарам на 950 асноўных свінаматак. У наступным годзе пачаў працаваць комплекс па вырошчванні і адкорме 27 тысяч парасят у год пры в. Камаровічы СВК “Маяк-Заполле”. У кастрычніку 2018 года завершаны інвестыцыйны праект “Будаўніцтва двух кароўнікаў на 610 месцаў і даільнага блока пры МТФ “Райца-1” СВК “Свіцязянка-2003”. У гэтым жа годзе завершаны бягучы рамонт МТФ “Юравічы” ў СВК “Жухавічы”, а таксама памяшканняў для адкорму свіней на 1000 месцаў на свінакомплексе “Лукі” КСУП “Лукі-Агра”.

Прамысловасць

У 2015 годзе на ААТ “Карэлічы-Лён” завершаны буйны інвестыцыйны праект. Была ўстаноўлена і ўведзена ў эксплуатацыю высокапрадукцыйная лінія па выпрацоўцы доўгага і кароткага валакна бельгійскай фірмы Depoortere магутнасцю перапрацоўкі 10 000 тон ільнотрасты ў год. Рэалізацыя інвестыцыйнага праекта дапамагла прыкметна знізіць затраты на вытворчасць прадукцыі, адкрыць перад прадпрыемствам новыя гарызонты. Доўгае валакно ідзе на вытворчасць натуральных тканін, кароткае выкарыстоўваецца для вырабу ўпаковачнай тканіны, шпагату, вяроўкі. На заводзе таксама вырабляецца шпагат, вяроўка, пакля, паліўныя кастрабрыкеты, ільняное і рапсавае масла, жмых.

На Мірскім філіяле Гродзенскага лікёра-гарэлачнага завода дзейнічае не толькі новы цэх рэктыфікацыі спірту, які працуе на поўную вытворчую магутнасць, але і рэканструяваны цэх канцэнтрату кваснога сусла прадукцыйнасцю да 4,5 т у суткі. У кастрычніку 2016 года тут наладзілі выпуск сепарыраванай барды.

На Варанчанскім філіяле Гродзенскага лікёра-гарэлачнага завода, дзе вырабляюць жытні солад, у 2015 годзе запушчана лінія па разліве шклоамывальнай вадкасці. У 2019 годзе наладзілі выпуск дэзінфікуючага сродку. Прадукцыя абодвух філіялаў рэалізуецца не толькі на ўнутраным рынку, але і адпраўляецца на экспарт.

Унітарнае камунальнае прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва адкрыла віды паслуг, якія карыстаюцца стабільным попытам, асабліва ў сельскага насельніцтва. Арганізавана чыстка і кварцаванне пуха-пер’евых вырабаў з заменай насыпак, праводзіцца абмётка каўроў, працягваецца выпуск уцепленага адзення, падшываных коўдраў з прымяненнем аб’ёмнага ўцяпляльніка, гардзінна-цюлевых вырабаў, пледаў-пакрывал, камплектаў пасцельнай бялізны. Па выніках работы за 2016 год прадпрыемства прызнана пераможцам рэспубліканскага конкурсу сярод камбінатаў бытавога абслугоўвання і ўдастоена Ганаровай граматы Міністэрства гандлю. За выкананне даведзеных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2019 год прадпрыемства занесена на абласную Дошку гонару.

Будаўніцтва

За апошнія 5 гадоў у раёне пабудавана амаль 17 тысяч квадратных метраў жылля, а гэта без малога 130 кватэр. Наваселлі справілі ў 24-кватэрным доме па вуліцы Дружнай у г.п. Мір, 40-кватэрным доме па вуліцы Гастэлы ў Карэлічах, а таксама ў аграгарадках Райца, Жухавічы, Лукі. Сёння ідзе ўзвядзенне 20-кватэрнага дома па вуліцы 8 Сакавіка ў райцэнтры.

У 2017 годзе ўзведзены 100-метровы жалезабетонны мост праз Нёман непадалёк ад вёскі Сіняўская Слабада. Кошт работ склаў 3,2 млн рублёў. Будаўніцтва новай надзейнай пераправы дазволіла жыхарам зарэчных вёсак аператыўна атрымліваць дапамогу ад медыцынскіх работнікаў і выратавальнікаў-пажарных. Для мясцовага сельгаспрадпрыемства “Царука” скараціўся шлях да зямельных угоддзяў.

Дзякуючы таму, што гарадскі пасёлак Мір увайшоў у Дзяржаўную праграму па комплексным добраўпарадкаванні і развіцці, у 2018 годзе капітальна добраўпарадкаваны вуліцы Сташэўскай, Школьная і Зорная, дзе асвоена больш за 800 тысяч рублёў. Мадэрнізавана вулічнае асвятленне, газавая кацельня і каналізацыйная помпавая станцыя на суму 452 тысячы рублёў. Адрамантаваны фасады будынкаў гандлю, бытавога абслугоўвання насельніцтва, сувязі, аўтазаправачнай станцыі. Завершана мадэрнізацыя вуліцы Танкістаў, на якую затрачана больш за 1,5 млн рублёў. Зараз вядуцца работы па будаўніцтве новай станцыі абезжалезвання ў Міры, якія будуць завершаны ў гэтым годзе. Ужо асвоена 346,4 тыс. рублёў.

На фінансаванне аб’ектаў інжынерна-транспартнай інфраструктуры накіравана 141,96 тыс. рублёў, у тым ліку на размеркавальныя сеці ў аграгарадку Лукі — 9,97 тыс. рублёў і праектна-пошукавыя работы па квартале індывідуальнай забудовы “Зорны” ў гарпасёлку Мір — 131,99 тыс. руб.

Дарожным рамонтна-будаўнічым упраўленнем № 158 пасля выканання бягучага рамонту ўведзена ў эксплуатацыю 4,7 км аўтамабільнай дарогі мясцовага значэння Н-6195 Палужжа-Машэвічы.

Ахова здароўя

Масштабныя рамонтныя работы праведзены ў Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы ў 2018-2019 гадах. Бягучы рамонт змяніў воблік трэцяга паверха Карэліцкай паліклінікі. Праведзена замена аконных блокаў і рамонт даху гаспадарчага корпуса райбальніцы. Радуюць вока добраўпарадкаваная тэрыторыя Мірскай гарпасялковай бальніцы і пафарбаваны фасад будынка Карэліцкай райбальніцы.


Набыта нямала навейшага медыцынскага абсталявання. Сёння на ўзбраенні нашых медработнікаў маюцца апарат для інгаляцыйнай анестэзіі для аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі, медыцынскія адсмоктвальнікі для хірургіі і аперацыйнага блока, медыцынскае абсталяванне для педыятрычнага аддзялення, а таксама персанальныя камп’ютары і маніторы пацыента.

У 2019 годзе на базе райбальніцы адкрылася міжраённае аддзяленне гемадыялізу на 6 ложкаў для жыхароў Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў, якім неабходна ныркава-замяшчальная тэрапія. У аддзяленні ўладкаваны дзве дыялізныя залы з шасцю сучаснымі апаратамі “штучная нырка” вядучага сусветнага вытворцы GAMBRА, якія забяспечваюць правядзенне гемадыялізу на сучасным узроўні. Працуе высокаэфектыўная цэнтралізаваная сістэма водаачысткі з падачай вады на апараты. Кошт будаўніцтва склаў амаль 600 тысяч рублёў.

У бягучым годзе завершаны капітальны рамонт харчаблока цэнтральнай раённай бальніцы. Выкананы ўнутраныя аддзелачныя работы, адноўлены сістэма вентыляцыі, ацяплення, вода- і электразабеспячэння, устаноўлена навейшае тэхналагічнае абсталяванне, два ліфта. На правядзенне рамонтных работ і закупку абсталявання затрачана 660 тысяч рублёў.

Праца медыцынскіх работнікаў раёна прызнана на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Так, у 2018 годзе Малюшыцкі ФАП стаў пераможцам рэспубліканскага і абласнога аглядаў якасці і культуры абслугоўвання насельніцтва. Па выніках работы за 2019 год Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца прызнана пераможцам рэспубліканскага агляду якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва.

Сацыяльная абарона

У 2016 годзе ў Карэлічах адкрыты новы будынак цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Пасля капітальнага рамонту будынак фактычна пабудавана нанова, кошт работ склаў 6,9 млрд рублёў. Тут размясціліся 5 аддзяленняў, у тым ліку 2 аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых і інвалідаў. Аснашчаны цэнтр сучасным абсталяваннем, неабходнымі элементамі безбар’ернага асяроддзя. З’явілася тут трэнажорная зала, камп’ютарны клас, рэабілітацыйна-працоўная майстэрня па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве для працоўнай адаптацыі маладых інвалідаў. Таксама адкрыты пакой рэлаксацыі для наведвальнікаў цэнтра, на базе якога працуюць амаль два дзясяткі гурткоў і клубаў па інтарэсах. Новы будынак даў магчымасць не толькі павысіць якасць аказваемых паслуг, але і пашырыць іх пералік.

Працуюць у раёне два стацыянарных пункта абслугоўвання насельніцтва ў Міры і Турцы.

Шырока карыстаецца насельніцтва паслугамі сацыяльных работнікаў. Сёння на надомным абслугоўванні знаходзіцца 431 чалавек. У раёне некалькі гадоў запар працуюць два дамы ўзаемадапамогі і сацыяльнай падтрымкі, дзве прыёмныя і чатыры гасцявыя сям’і, а таксама кватэра самастойнага сумеснага пражывання для чатырох грамадзян сталага ўзросту.

У пенсіянераў, якія па аб’ектыўных прычынах не могуць заставацца на зіму ў сваіх дамах, ёсць магчымасць перазімаваць на медыка-сацыяльных ложках пры Мірскай гарпасялковай бальніцы, Лукскай бальніцы сястрынскага догляду і Жухавіцкім Доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, куды з’язджаюцца людзі з усёй Гродзенскай вобласці.

Адукацыя

У 2016 годзе ў г.п. Мір адкрыўся новы дзіцячы садок на 130 месцаў. Дашкольная ўстанова абуладкавана цёплым басейнам, музычнай, харэаграфічнай і спартыўнай заламі. Функцыянуе 7 групаў, уключаючы ясельную. У медыцынскім блоку дзяцей загартоўваюць і праводзяць мноства прафілактычных працэдур. Асаблівай увагі заслугоўвае трэнажорная зала, абсталяваная яркімі трэнажорамі спецыяльна для дашкалят. Працуе і камп’ютарны клас. Са з’яўленнем новага дзіцячага садка цалкам вырашана пытанне забяспечанасці дзяцей месцамі ў дашкольных установах адукацыі для гарадскога пасёлка Мір і бліжэйшых сельскіх населеных пунктаў.

У 2019 годзе ў сярэдняй школе № 2 г.п. Карэлічы завяршыўся капітальны рамонт сталовай і харчаблока, кабінетаў інфарматыкі, хіміі, біялогіі і матэматыкі. На правядзенне рэканструкцыі затрачана амаль 500 тысяч рублёў па лініі Сусветнага банка рэканструкцыі і развіцця, а таксама абласнога і раённага бюджэтаў.

Сістэма адукацыі Карэліччыны ганарыцца сваімі інтэлектуальна-творчымі дасягненнямі. За апошнія 5 гадоў бал паспяховасці вучняў склаў 7,22 бала. У капілку алімпіяднага руху дабавілася 11 дыпломаў і 5 грамат абласнога этапу, 1 дыплом заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Вынікам даследчай дзейнасці вучняў сталі 4 дыпломы абласнога конкурсу даследчых работ па вучэбных прадметах “Крыштальная Альфа”.

Закончылі школу з залатым медалём 35 выпускнікоў, 49 атрымалі пасведчанне з адзнакай.

Нагрудны знак Міністэрства адукацыі Беларусі “Выдатнік адукацыі” ўручаны дырэктару сярэдняй школы г.п. Мір Т. І. Шаплыка.

Штогадовыя вынікі цэнтралізаванага тэсціравання па 8-10 вучэбных прадметах вышэй абласных паказчыкаў. З 2015 года атрыманы чатыры 100-бальных вынікі па матэматыцы, гісторыі Беларусі, беларускай мове, біялогіі.

У 2016 годзе каманда раёна заняла другое месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах па хакеі на прыз клуба “Залатая шайба” сярод юнакоў старэйшай узроставай групы. Таксама каманды раёна 7 разоў станавіліся прызёрамі абласных спаборніцтваў. На абласных спаборніцтвах па футболе на прыз клуба “Скураны мяч” каманды юнакоў двойчы заваёўвалі прызавыя месцы. У 2019 годзе каманда дзяўчынак упершыню ў гісторыі раёна заняла другое месца.

З 2016 года пераможцамі рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў станавіліся Ілья Карабач (цяжкая атлетыка), Серафім Манкевіч (гандбол), Арцём Орсіч (бокс), прызёрамі — цяжкаатлеты Ангеліна Вільчыцкая, Дзіяна Леановіч, Кацярына Талмачова, Максім Гоцка, баксёры Яўгеній Булдык і Уладзіслаў Марчык.

Культура

У 2019 годзе Жухавіцкі Дом культуры прыняў раённыя Дажынкі ў абноўленым выглядзе. У будынку адрамантаваны дах, глядзельная і танцавальная залы, а таксама памяшканні для работы гурткоў. Яркімі фарбамі зайграў фасад установы.

Ганна Кузьміч — стыпендыятка Спецфонду Прэзідэнта Беларусі


Работнікі сферы культуры дастойна працягваюць традыцыі сваіх папярэднікаў. Так, у раёне 13 творчых калектываў маюць званне “народны”, “абразцовы”.

У 2018 годзе ўдзельніца тэатральнай студыі “Эксперымент” ДУ “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці” Ганна Кузьміч стала стыпендыяткай Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Пачынаючы з 2018 года, творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці прынялі ўдзел у 72 рэспубліканскіх і абласных фестывалях і конкурсах, дзе атрымалі 3 дыпломы “Гран Пры”, 12 спецыяльных дыпломаў, 57 дыпломаў першай ступені, 45 дыпломаў другой ступені, 29 дыпломаў трэцяй ступені.

Папулярнымі ў жыхароў і гасцей раёна сталі Міжнародны фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі бою “Мір-1812”, “Калядны баль”, святы “Ай да, Масленіца!”, “Улассе ў Луках”, “Велікодная радасць”, “Новыя прыгоды з Баламутнем”, “Ярэміцкія маскі запрашаюць”, “Саламянае дэрбі”, “Мядовы Спас”, “Яблычны фэст”, “Лён-фэст”, “Макоша запрашае”, этна-фестываль “Мястэчка”, свята кветак “Colours”.

Бібліятэкары і краязнаўцы раёна традыцыйна супрацоўнічаюць з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дзякуючы такой плённай рабоце раз на 2 гады ў Карэлічах праходзяць гісторыка-краязнаўчыя чытанні. Жыхары аддаленых населеных пунктаў раёна не абдзелены ўвагай: для іх працуе перасоўная бібліятэка.