Механизаторы КСУП «Луки-Агро» первые на Кореличчине справились с обмолотом озимого рапса и приступили к жатве
Тры “Палессі”, тры “Джон-Дзіры”, “Лексіён” і дзевяць машын на адвозцы зерня… У сераду, 22 ліпеня, менавіта такі арсенал збожжаўборачнай тэхнікі быў задзейнічаны на полі азімай пшаніцы каля вёскі Крышылоўшчына. Жніво ў КСУП “Лукі-Агра” ў самым разгары. Аграрыі гаспадаркі, якія першымі на Карэліччыне прыступілі да ўборкі рапсу і зерневых культур, выкарыстоўваюць кожную пагодлівую хвіліну, каб абмалаціць спелыя зярняты збажыны.
Уборку азімага рапсу лукскія механізатары пачалі ў канцы мінулага тыдня. 220 га алейнай культуры ўбралі за 5 дзён, узяўшы 36,1 цэнтнера на круг і намалаціўшы 795 тон зярнят.
– Ураджайнасцю азімага рапсу засталіся задаволены. Летась мелі 33 ц/га, – расказвае намеснік дырэктара КСУП “Лукі-Агра” па раслінаводстве Анатолій Анікій. – Калі б не дэфіцыт вільгаці, маглі б сабраць большы ўраджай. Але надвор’е прадыктавала свае ўмовы: зімой не было снегу, вясной і ў пачатку лета – дажджоў. Таму азімы рапс пацярпеў ад засухі. Зразумела, марыць аб завоблачных намалотах можна, але лепш быць удзячным за той ураджай, які атрымалі.
Хлебная ніва гаспадаркі – без малога 1900 га. Азімы зерневы клін займае 1100 га. На 800 га пасеяна азімая пшаніца. Астатнія 300 га займае азімае трэцікале. На раніцу 24 ліпеня ўраджайнасць збожжавых культур складае 54,5 ц/га.
– Першачарговая наша задача – выканаць дзяржзаказ у 1200 тон. З ёй амаль справіліся, – дзеліцца Анатолій Анікій. – Практычна ўсе збожжавыя палеткі гатовы да ўборкі. Дзе-нідзе ў лагчынах зерневыя яшчэ даспяваюць. На зернесушыльны комплекс збожжа прывозіцца з вільготнасцю 12-17%. Яго амаль не дасушваем, толькі праводзім пярвічную апрацоўку і адпраўляем у залік дзяржзаказу.
Пакідаю збожжавыя палеткі КСУП “Лукі-Агра” пад раўнамерны гул камбайнаў, адчуўшы асалоду ад салодкага водару спелай збажыны. Узяўшы добры тэмп у пачатку ўборачнай кампаніі, лукскія механізатары маюць намер захаваць яго да канца жніва. Застаецца пажадаць аграрыям раёна пагодлівых і сонечных дзён.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара