На Кореличчине прошёл митинг-реквием в честь главного праздника страны — Дня Независимости Республики Беларусь (+видео)

Семдзясят шэсць гадоў мінула з таго часу, як сціхла рэха вайны на нашай зямлі. За гэты час вырасла не адно пакаленне людзей, якія аднавілі разбураную вайной гаспадарку, паднялі з руінаў гарады і вёскі, дабіліся прызнання Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржавы. Трэцяга ліпеня мы не толькі адзначаем галоўнае свята краіны, але і чарговы раз узгадваем тых, хто нягледзячы на ўсе цяжкасці і лішэнні ваеннага часу падарыў нам галоўнае – свабоду.

 

З самай раніцы мемарыяльны комплекс “Зорка” ў райцэнтры сабраў дзясяткі нераўнадушных да лёсу роднага краю людзей. Менавіта тут адбыўся традыцыйны мітынг-рэквіем пад назвай “Беларусь – імя Перамогі”.

Са словамі віншавання да гасцей свята звярнуўся старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзій Шатуеў, які падкрэсліў, што для нашага народа Дзень Незалежнасці – гэта сімвал святой памяці: “Трэцяга ліпеня ўвасабляе ў сабе такія паняцці, як вызваленне, перамога і незалежнасць. Больш за тры гады Беларусь гарэла ў пекле Вялікай Айчыннай вайны, дзе нашы дзядулі і бабулі мужна адстойвалі будучае сваіх нашчадкаў. Вытрымаўшы жудасныя іспыты таго часу, беларускі народ застаўся няскораным, моцным духам і адданым роднай зямлі, таму мы з вамі не маем права забыцца на гэтыя подзвігі.”

Падчас выступлення старшыня райвыканкама адзначыў важнасць аднаўлення сельскай гаспадаркі, прамысловасці і іншых сфер жыцця, якія былі разбураны падчас ваеннага ліхалецця. Асаблівую ўвагу Генадзій Шатуеў надаў Карэліччыне, якая з году ў год займае лідзіруючыя пазіцыі на абласным і рэспубліканскім узроўнях, і павіншаваў тых, хто сваёй працай стварае нашаму краю гучнае і ганаровае імя.

Павіншавала ўдзельнікаў мітынга і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны  начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА ГА “Беларускі саюз жанчын” Іна Санчук: “Дзень Незалежнасці – гэта свята нашага гонару, радасці і мужнасці. Дата трэцяга ліпеня ўвайшла ў гісторыю краіны яскравай старонкай гераізму франтавікоў, працаўнікоў тылу, а таксама партызан і падпольшчыкаў. Яны вызвалілі краіну ад нямецка-фашысцкіх захопікаў і тым самым адваявалі свабоду для беларускага народа.

Паважаныя карэліччане і жыхары раёна, ад усёй душы хачу пажадаць вам здароўя, кахання і павагі ад родных і блізкіх людзей. Хай сённяшняе свята прынясе ў кожны дом выдатны настрой, шчасце, дабрабыт і спакой у вашыя сэрцы».

Сімвалічна, што на працягу мітынгу за ўсім, што адбывалася на мемарыяле, назіраў бусел, які ціхенька і маўкліва размясціўся на вяршыні помніка. І ні гучная музыка, ні нават стрэлы яго не спужалі – ці не гэта сімвал свабоды, сапраўднага мірнага жыцця, зямлі пад белымі крыламі?..

Прыйшоўшыя на мемарыял жыхары Карэліччыны расказалі свае сямейныя гісторыі, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной:

Таіса ЛАМАН,
галоўны бухгалтар ААТ “Карэлічы-Лён”:

– Мой родны дзядзька пайшоў на фронт у 1941 годзе і літаральна праз шэсць месяцаў прапаў без вестак… На працягу сямідзесяці гадоў мы нічога пра яго не ведалі, і толькі калі ў краіне з’явілася база загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, даведаліся: ён пахаваны ў Польшчы, пад Гданьскам. У хуткім часе мы спадзяёмся наведаць яго магілу.

Паліна КУПРАС,
вучаніца 10 класа ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы”:

– У 1941 годзе мой прадзядуля, ураджэнец вёскі Палужжа Рыгор Васільевіч Купрас, адправіўся на фронт. Ваяваў у Прусіі,  але, на жаль, прапаў без вестак каля горада Кёнігсберг. Таму Дзень Незалежнасці для меня – гэта асаблівае свята, сімвал памяці і гонару за кожнага, хто не баючыся смерці ішоў ваяваць за нашу свабоду.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара, відэа Іны ЛЕЙКА