Ночь, наполненная магией и волшебством. В Кореличах отпраздновали Купалье (фоторепортаж)

Купальская ноч…Чароўная, таямнічая, напоўненая магіяй і дзівосамі. Здаўна яна суправаджалася гульнямі, карагодамі, варажбой і абавязкова пошукамі галоўнай таямніцы купальскай ночы – папараць-кветкі. Не змянілі традыцыйным беларускім абрадам і карэліччане, якія ў купальскую ноч, з 6 на 7 ліпеня, сабраліся каля Карэліцкага маладзёжнага цэнтра культуры, каб адсвяткаваць Купалле.
Упрыгожаная кветкамі і зелянінай пляцоўка, дзяўчаты ў традыцыйным беларускім убранні, песні, забавы, смех і гульні. Паўсюдна адчуваўся нацыянальны каларыт і пазітыўныя эмоцыі гасцей свята, настрой якіх ні ў якім разе не сапсаваў невялікі дождж.
На Купалле ў Карэлічах прыйшлі аматары актыўнага адпачынку, кожны з якіх змог знайсці нешта цікавае для сябе. Рухомыя гульні і купальскія забавы, аквагрым, батут і поп-корн прыйшліся даспадобы юным удзельнікам свята. Дарослыя не ўпускалі магчымасць наведаць выставу-продаж вырабаў майстроў народнай творчасці, пакаштаваць духмяную гарбату з чэрвеньскіх зёлак. Эстрадны канцэрт “Музыка купальскай ночы” не пакінуў раўнадушным ніводнага гледача, зарадзіўшы бадзёрасцю і добрым настроем.

Работнікі раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці падрыхтавалі для гасцей мерапрыемства тэатралізаванае прадстаўленне “Са святам Яна ўсіх вітаем!”. Увесь вечар карэліччан забаўлялі традыцыйныя героі свята – Купалінка і Купаліш, якія дапамаглі гасцям свята успомніць даўнія звычаі і перанесціся ў чароўны свет казак і народных паданняў. Кульмінацыйным момантам свята стала прапанова Купалінкі знайсці папараць-кветку, якая здольна выканаць самыя запаветныя жаданні.

Марына МАНКЕВІЧ з дачкой Міланай, г.п. Карэлічы:
– Мы з задавальненнем наведваем усе мерапрыемствы, якія ладзяцца ў райцэнтры. Вялікую асалоду атрымалі ад канцэртнай праграмы на Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Дачакаліся яе завяршэння, каб прыняць удзел у акцыі “Спяём гімн разам”. Сёння ў нас таксама выдатны настрой. Для гасцей свята падрыхтавана цікавая насычаная праграма. Мілана актыўна ўдзельнічае ва ўсіх конкурсах. І ўжо выйграла прыемныя прызы.


Людміла ГЛАДКАЯ з унучкамі Надзеяй і Машай, г.п. Карэлічы:
– Сапраўды, купальская ноч чароўная і асаблівая. Таму вырашылі не сядзець дома, а наведаць свята і атрымаць зарад пазітыву. Успамінаю сваю маладосць, як мы адзначалі Купалле. Памятаю, як каля купальскага вогнішча збіралася ўся вёска, у якой было дзесьці 120 двароў. У кожнай сям’і было па трое-чацвёра дзяцей. Гулялі да самай раніцы, скакалі праз вогнішча. Было вельмі весела і цікава.

Аксана ЯНУШ

Фото аўтара