Заместитель председателя Кореличского райисполкома Евгений Чичкан на встрече с жителями Мира: «Вместе мы можем сделать много полезных вещей»

Сустрэча намесніка старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўгена Чычкана, што адбылася 6 ліпеня ў Мірскім гарадскім Доме культуры, запомнілася яе ўдзельнікам цікавым і канструктыўным дыялогам.

Яўген Чычкан падкрэсліў, што Мір з’яўляецца візітоўкай нашага краю і за яго развіццём, у прыватнасці за добраўпарадкаваннем, пільна сочаць як на раённым, так і на абласным узроўнях. На дадзены момант галоўнымі пытаннямі па гарпасёлку з’яўляюцца правядзенне цеплатрасы і арганізацыя водазабеспячэння. Яны канчаткова будуць вырашаны ў бліжэйшыя два гады. Але, адзначыў намеснік старшыні, усе запланаваныяна на сёлета работы, якія былі па аб’ектыўных прычынах адкладзеныя, абавязкова завершацца ў бліжэйшыя месяцы.

Апроч таго, як толькі ў раённым бюджэце будуць неабходныя сродкі, іх накіруюць на рамонты ў бальніцы і школе ў Міры. Таксама, заўважыў Яўген Чычкан, хочацца, каб у мясцовым Доме культуры з’явілася якасная апаратура, а самім гарпасёлку стала менш пытанняў па дарогах.

Адносна агульнараённых тэм намеснік старшыні спыніўся на падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Зараз у многіх школах актыўна ідзе рамонт, а значыць у верасні яны сустрэнуць вучняў і педагогаў у абноўленым выглядзе. Што датычыцца ўстаноў сферы культуры, то тут мясцовым уладам таксама хочацца палепшыць іх матэрыяльна-тэхнічную базу. І першым кандыдатам на рамонт з’яўляецца Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці.

Акцэнт падчас сустрэчы быў зроблены і на сферы аховы здароўя раёна. Сёлетняя сітуацыя з пандэміяй паказала, наколькі важна максімальна забяспечыць усім неабходным медыкаў. Найперш гэта датычыцца абсталявання. У гэтым накірунку ўжо ідзе праца. Апроч таго, ёсць усе шансы, што ў райбальніцы з’явіцца новы аўтамабіль хуткай дапамогі. У цэлым, адзначыў Яўген Чычкан, наша медыцына падчас піка каранавіруса ў раёне спрацавала на даволі высокім узроўні. Прыемна, што жыхары, арганізацыі і прадпрыемствы Карэліччыны таксама не засталіся ў баку і шырока падтрымалі нашых медыкаў. Вядома, вірус нікуды не дзеўся і пра прафілактыку не варта забываць. Але сёння па раёне рэгіструецца ў разы менш выпадкаў інфекцыі, чым літаральна месяц назад, і, што асабліва радуе, вялікая колькасць выздаравеўшых.

Надзвычай зацікавіла прысутных і тэма арганізацыі месцаў адпачынку ў раёне. Паралельна з ёй было агучана пытанне, дзе на Карэліччыне можна ў спякотнае надвор’е паплаваць. Аказалася, што толькі на возеры Юбілейнае ў райцэнтры. Прычына простая: астатнія водныя аб’екты нашага краю не адпавядаюць шэрагу крытэрыяў. Гэта і бяспечнае цячэнне, наяўнасць выратавальнага паста і агароджанай зоны для дзяцей, глыбіня, якасць вады, стан дна і шэраг іншых момантаў. На такі адказ жыхары Міра адрэагавалі з разуменнем і нават прапанавалі ўзяць ініцыятыву ў свае рукі ды самім арганізаваць месца для купання згодна ўсім патрабаванням. Багата слушных думак прагучала і наконт раздзельнага збору смецця, павелічэння перыядычнасці яго вывазу, асабліва восенню, і неабходнасці кантэйнернай пляцоўкі па вуліцы Сташэўскай.

Сур’ёзна абмяркоўваліся пытанні забеспячэння грамадскага парадку і арганізацыі вольнага часу юнакоў і дзяўчат ў Міры. Справа ў тым, што цэнтр гарпасёлка стаў месцам гучных усяночных сустрэч моладзі. Над гэтай праблемай ужо працуюць адпаведныя органы, а значыць парадак будзе наведзены.

“Хачу падзякаваць вам за патрэбныя пытанні, вашу неабыякавасць і актыўную грамадзянскую пазіцыю. Бо толькі ў такім жывым дыялогу і моцнай звязцы мы можам зрабіць багата карысных рэчаў”, – рэзюмаваў Яўген Чычкан.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара