Газета «Звязда» распавядае, як у Карэліцкім раёне аднаўляюцца нацыянальныя строі і стравы
Два гады таму майстры Карэліцкага дома рамёстваў аднавілі нацыянальны строй раёна, які бытаваў тут у канцы XІX — пачатку XX стагоддзя. Летась касцюм стаў лаўрэатам ІІ ступені на абласным конкурсе аўтэнтычных строяў падчас рэгіянальнага фестывалю традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны», а сёлета ўдзельнічаў у свяце «Александрыя збірае сяброў».
Год на касцюм
Аднаўленне строяў — задача, якая стаіць перад усімі аддзеламі рамеснай дзейнасці Гродзенскай вобласці, аднак Карэліччына ў гэтым плане была адна з першых. Не ва ўсіх рэгіёнах яшчэ вернуты з небыцця абодва самабытныя строі: мужчынскі і жаночы.
Стварэнне сапраўднага нацыянальнага касцюма — карпатлівая і доўгая праца: вывучэнне гістарычнага вобраза, пошук матэрыялаў, далікатная ручная вышыўка ды шыццё… Нацыянальны строй Карэліцкага раёна рабілі, бадай што, год. Адноўлены строй — цалкам ручная работа. Над вышыўкай толькі адной кашулі не адзін месяц трэба пасядзець.
Наталля ГАРОДНІК, дырэктар Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, расказвае:
— Пачынаючы работу, мы зрабілі запыт у Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і атрымалі адказ, што на Карэліччыне ў тыя часы (да 1939 года Карэлічы і Карэліцкі раён былі ў складзе Навагрудскага ваяводствва) бытаваў навагрудскі строй як традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення Панямоння. Такую ж адзежу насілі і ў Слонімскім ды Лідскім раёнах Гродзенскай вобласці. У XX стагоддзі адбылася пераацэнка каштоўнасцяў, што адбілася і на строі. Змяніліся ўяўленні пра ідэальныя формы касцюма, змяніліся і ўмовы яго стварэння. Саматужная, ручная праца паступова саступіла месца стварэнню прадметаў з выкарыстаннем швейных машын.
Чобаты ў спадчыну
Ствараючы строй, майстры арыентаваліся на традыцыйныя касцюмы мясцовасці, якія знаходзяцца ў Карэліцкім краязнаўчым музеі.
Прадметы адноўленага мужчынскага касцюма — кашуля, пояс, капялюш і лапці. Кашуля зроблена з ільняной тканіны з лаўсанам, упрыгожана вышыўкай крыжыкам (абшэўкі (манжэты), каўнер, борт). Пояс — ручнога ткання са спалучэннем нітак у трохкаляровай гаме: чырвоны, валошкавы (васільковы) і жоўты.
— У мужчынскім касцюме абавязкова прысутнічаў пояс, бо мужчыну без яго называлі «распаясаны», — растлумачыла Наталля Гароднік. — Выраз «распаясаўся» ў старажытных славян азначаў страчанае чалавечае аблічча. Лічылася, што чалавек адвярнуўся ад сваіх продкаў і багоў, паводзіць сябе непаважліва да навакольных, неабдумана, сваімі дзеяннямі ставіць сябе і іншых у небяспеку.
Асноўны галаўны ўбор мужчыны ў першай палове XX стагоддзя — саламяны капялюш, які насілі і мужыкі, і паны. Абуваліся сяляне Карэліцкага раёна ў «хадакі» (скураныя лапці) і «шаркуны» (саламяныя лапці).
— Паступова ім на змену прыйшлі скураныя боты (чобаты), якія звычайна былі чорнага або рудога колеру. Сяляне вельмі беражліва ставіліся да абутку: як правіла, боты служылі ім усё жыццё і нават яшчэ не зусім зношаныя пераходзілі нашчадкам, — расказвае дырэктар.
Фартух ад нячыстай сілы
Наталля ГАРОДНІК паказвае тканіну, закупленую на хустку для вырабу асенне-зімовага строю Карэліччыны.
Для жаночага касцюма характэрныя кашуля, спадніца, фартух і пастрыга. Жаночая кашуля таксама выраблялася з ільняной тканіны і мела больш насычаную вышыўку крыжыкам на рукавах і борце.
— Спадніцу стваралі з тканага палатна дамашняй воўны. Шырыня палатна касцюма з музея кажа нам пра тое, што яно было выраблена на нетрадыцыйных кроснах. Палатно пашытае ўручную падвойным швом, — звярнула ўвагу майстар.
Дапаўняецца жаночы касцюм фартухом, упрыгожаным вышыўкай гладдзю з выкарыстаннем чырвоных і чорных нітак. Фартух зведаў рэканструкцыю — ён дапоўнены фабрычнымі карункамі і злучаны з асноўным палатном мярэжкай. На ім праглядваюцца геаметрычныя фігуры ў выглядзе трохвугольніка, які сімвалізуе мужчынскі і жаночы пачаткі і лічыўся абярэгам жанчыны ад нячыстай сілы.
— Галаўны ўбор жанчыны даваеннага часу — пастрыга (намётка), якую пачынаючы з 30-х гадоў XX стагоддзя паступова выцеснілі хусткі, таму што на выраб пастрыгі патрабавалася вялікая колькасць тканіны, — дадала Наталля Гароднік.
Традыцыйны беларускі касцюм захоўвае сваю значнасць і сёння ў якасці сцэнічнага, этнічнага сімвала. Матывы і арнамент выкарыстоўваюцца пры вырабе сучаснага адзення, у якім па-ранейшаму відаць уласцівы беларускаму народу высокі мастацкі густ, упэўнены карэліцкія майстры.
Фартух да жаночага традыцыйнага карэліцкага строю — цалкам ручная работа.
Да юбілею Карэліцкага раёна, які адбудзецца ў лістападзе, майстры рыхтуюць калекцыю вопраткі восень—зіма. Вядома, не сучасную, а ўсё такую ж аўтэнтычную і самабытную. Усе элементы для новага строю — портак, мужчынскага і жаночага асення-зімовага паліто, цёплай хусткі — ужо распрацаваны, куплена тканіна. Аднаўленне строю — справа, дарэчы, не толькі карпатлівая, але і дарагая, бо ўсе тканіны для аўтэнтычнага касцюма павінны быць натуральныя.
Смачна есці!
Традыцыйная кухня Карэліччыны цікавая і самабытная. Стравы, якія дайшлі да нас з глыбіні стагоддзяў, сведчаць аб рацыянальнасці, эканамічнасці і разнастайнасці харчавання нашых продкаў, пераканана загадчык аддзела рамесніцкай дзейнасці «Карэліцкі дом рамёстваў» Юлія БАЯРЭНКА:
— Стравы Карэліччыны, без сумневу, наш самы галоўны скарб. Падчас складанай даследчай работы мы вынайшлі самабытныя і ўнікальныя ў сваім родзе стравы, якіх вы не сустрэнеце амаль ні ў адным з іншых раёнаў нашай вобласці. Бадай што самая старадаўняя страва — кісель, які гатуецца з аўсяных шматкоў. Падаюць яго халодным з мёдам, грыбамі, засмажанай цыбуляй, ягадамі. Нашы продкі лічылі яго сакральнай стравай — містычнай, ірацыянальнай, боскай, якая мае схаваны сэнс. Кісель ужывалі і ў пост з квашанай капустай, і на каляды, і на памінкі. Ведалі і пра амаладжальныя ўласцівасці аўсянкі. Гатавалі яе вельмі часта.
- «Хрэнавуха» — традыцыйны беларускі напой, якім і грэліся, і лячыліся. Выраблялі яго з гарэлкі, хрэну і мёду. А калі замест гарэлкі выкарыстоўвалі ваду, такі напой маглі ўжываць і дзеці.
- «Мазгі ў яйках» — страва, у якой і назва дзіўная, і смак незабыўны. Каб згатаваць яе, спатрэбіцца 300 грамаў мазгоў (свіных або цялячых), 5 яек, 1 цыбуліна, 2 сталовыя лыжкі алею, соль, зеляніна. Змесціва яек трэба акуратна дастаць са шкарлупіны, саму яе старанна прамыць і прасушыць. Мазгі прамыць, падсмажыць з соллю, здробненай цыбуляй, расцёртымі яйкамі. Атрыманым фаршам запоўніць шкарлупіну, зверху пакласці смятану і зеляніну.
- «Язык у вуху» — яшчэ адзін арыгінальны рэцэпт. Для гэтай стравы выкарыстоўваюць свіныя язык і вуха, якія неабходна добра вымачыць, прасушыць, затым шчыльна засунуць язык у вуха і перавязаць моцнай ніткай. Пакласці ў кіпячую ваду, дадаць соль, перац гарошкам, лаўровы ліст. Варыць тры гадзіны, астудзіць, падаваць з хрэнам.
Вельмі папулярная страва на Карэліччыне — «бліны па-цырынску». Каб згатаваць іх, спатрэбяцца 4 шклянкі мукі, 1,5 шклянкі малака, 1 сталовая лыжка цукру, 30 грамаў дражджэй, 2 яйкі, 2 сталовыя лыжкі алею, вада.
Дрожджы развесці ў цёплай вадзе (некалькі лыжак), усыпаць муку, дадаць 3 шклянкі вады, перамяшаць і пакінуць на ноч. Раніцай спарыць малако і адразу ж уліць у цеста, дадаць яйкі, соль, цукар, алей, добра перамяшаць і даць падысці каля паўгадзіны.
Выпякаць на добра разагрэтай і змазанай патэльні. Гатовыя бліны скласці напалам і яшчэ раз напалам, паліць смятанай, мёдам, топленым маслам і прагрэць у печы альбо духоўцы паўгадзіны.
Выдатных страў з нацыянальнай адметнасцю ў Карэліцкім раёне, вядома, значна больш. Нездарма ж яны атрымалі першае месца ў намінацыі «Найлепшае прыгатаванне традыцыйнай стравы» на фестывалі «Скарбы Гродзеншчыны». А каб больш даведацца ды пачаставацца, варта прыязджаць у раён на мясцовыя святы. Я гэта дакладна ведаю.
Ірына СІДАРОК
Фота аўтара і з архіва Карэліцкага цэнтра культуры і народнай творчасці