Кореличчина вчера и сегодня. Формула отечественного образования: преемственность, профессионализм, престиж, перспективность
Адным з неаспрэчных набыткаў нашай краіны з’яўляецца высокі ўзровень адукацыі як у сталіцы і буйных гарадах, так і ў невялікіх населеных пунктах. У чым формула стабільных поспехаў дадзенай сферы, разважае начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына АСТАШЭВІЧ.
– Сваё прафесійнае жыццё Вы цалкам прысвяцілі галіне адукацыі і можаце аб’ектыўна адказаць на пытанне, як яна змянялася і развівалася апошнія дзесяцігоддзі?
– У сістэму адукацыі я прыйшла працаваць пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1991 годзе. Пачынала з настаўніка гісторыі ў адной са школ Брэсцкай вобласці. Але як трыццаць гадоў таму, так і зараз, адзначу, што якасць беларускай адукацыі застаецца нязменна высокай. Наша сфера пры падтрымцы дзяржавы надзвычай дынамічна развіваецца і паспяхова выкарыстоўвае новыя магчымасці, адказвае ўсім патрабаванням часу. Прычым, за добрымі ведамі не абавязкова ехаць у вялікія гарады. Сёння выпускнік сельскай школы на ўступных экзаменах у ВНУ складае годную канкурэнцыю абітурыенту са сталіцы. Бо якасць адукацыі ў Беларусі не залежыць ад месца жыхарства. Асобна варта спыніцца на матэрыяльна-тэхнічнай базе. Каб у тых жа 1990-х гадах нам сказалі, што нават на вёсцы будуць поўнасцю ўкамплектаваныя камп’ютарныя класы ці весціся відэаназіранне, мы бы аднесліся да такіх смелых прагнозаў са скепсісам. А сёння гэта звычайныя рэчы, і штогод у нашай сферы рэалізуецца ўсё больш інавацый, актыўна ідзе інфарматызацыя, укараненне IT-тэхналогій. Змяняецца і воблік устаноў адукацыі. А ўсё таму, што дзяржава ўкладвае ў галіну шмат фінансаў.
Але лепш звернемся да прыклада сістэмы адукацыі раёна. Гаворка ідзе пра даволі разгалінаваную структуру. Яна ўключае ў сябе ўстановы дашкольнай, агульняй сярэдняй, дадатковай і спецыяльнай адукацыі. Таксама адносіцца да нас і Сацыяльна-педагагічны цэнтр Карэліцкага раёна, і дзіцячы аздараўленчы лагер “Вясёлка”. Значную дапамогу работнікам нашай сістэмы аказвае раённы вучэбна-метадычны кабінет.
У раёне дзейнічаюць сярэднія школы (2 у райцэнтры, а таксама ў Міры, Луках і Жухавічах), базавыя школы ў Баранавічах і Аюцавічах, ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа ў Турцы, Красным, Малюшычах, Райцы, Цырыне і Ярэмічах, яслі-сады ў Карэлічах і Міры, Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці ў Карэлічах і дзіцячыя сады ў Луках, Палужжы і Жухавічах. За развіццё творчых талентаў юных карэліччан адказвае раённы Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, спартыўных – ДЮСШ. Да ўстаноў спецадукацыі належыць Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. А прафесію наша моладзь можа набыць у Карэліцкім дзяржаўным будаўнічым прафесійным ліцэі і Мірскім мастацкім прафесійна-тэхнічным каледжы.
У сістэме адукацыі Карэліччыны працуе 855 работнікаў, з іх 399 – педагагічных. Па колькасці дзяцей: дашкольнікаў у нас 597, школьнікаў – 1675, у мастацкім прафесійна-тэхнічным каледжы і будаўнічым прафліцэі адпаведна – 229 і 84 навучэнцы.
Наконт дасягненняў. Апошнія гады для нашай сферы былі адназначна рэзультатыўнымі. Шмат зроблена па забеспячэнні даступнасці і якасці адукацыі, максімальнай занятасці непаўналетніх, стварэнні бяспечных і здароўезберагаючых ўмоў для падрастаючага пакалення, аптымізацыі выдаткаў у галіне і ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Адзначу, што і ў межах рэспубліканскай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка на 2016-2020 гады” мы ішлі на ўзроўні прагнозных паказчыкаў. Так, вынікі добрыя, але ёсць над чым працаваць. А для гэтага мы маем ідэі, накірункі дзейнасці і, галоўнае, рэсурсы і падтрымку ўлады.
– Якімі крытэрыямі ў працы Вы кіруецеся?
– Найперш мы імкнемся да плённага супрацоўніцтва педагогаў і навучэнцаў, стварэння атмасферы даверу і ўзаемапаразумення. Таму мы заўжды ідзём насустрач дзецям і іх бацькам, іх патрэбам і пажаданням. Напрыклад, ва ўстановах дашкольнай адукацыі дзейнічаюць групы кароткачасовага знаходжання, інтэгрыраванай адукацыі і выхавання, санаторныя – для часта і працягла хварэючых дзяцей. Пры неабходнасці дзеці могуць наведваць дзіцячыя садкі па гібкім графіку. Для выхаванцаў з парушэннямі маўлення арганізаваныя пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі і спецгрупы. У цэлым па нашым раёне паказчык эфектыўнасці карэкцыйна-педагагічнай работы мае пазітыўную дынаміку. Калі гаварыць пра арганізацыю спецадукацыі, то на Карэліччыне дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця атрымліваюць як неабходныя веды і навыкі, так і ранюю комплексную дапамогу. На сёння забяспечана круглагадовая праца Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Таксама выконваюцца задачы па павелічэнні долі ўстаноў адукацыі з безбар’ерным асяроддзем. Арганізавана і навучанне на даму.
Увогуле, у адукацыйным працэсе важна знайсці да кожнага дзіцяці індывідуальны падыход. Напрыклад, вучань не паспявае па нейкім прадмеце, тады мы яму прапаноўваем стымулюючыя і падтрымліваючыя заняткі. Ці паўстае пытанне наконт мовы навучання – беларускай альбо рускай. Тут таксама мы выслухоўваем дзіця і яго бацькоў. І як вынік, беларускамоўныя групы і класы ў раёне ёсць як на базе дашкольных устаноў, так і агульнай сярэдняй адукацыі. У прыватнасці, у Карэлічах і Міры.
– Нашы дзеці не толькі добра вучацца, але і маюць шмат іншых цікавых заняткаў. Як яны могуць на Карэліччыне рэалізаваць свае таленты?
– Мы лічым, што юныя карэліччане павінны мець магчымасць развівацца ўсебакова. Важна, каб дзеці праяўлялі сябе не толькі ў вучобе, але і ў навуковай дзейнасці, спорце, творчасці. Ужо ў дзіцячым садку мы зацікаўліваем іх такімі праектамі, як конкурс “Я – даследчык” альбо фестывалем творчасці “Праменьчыкі надзеі”. На ступені агульнай сярэдняй адукацыі імёны нашых школьнікаў гучаць падчас разнастайных конкурсаў даследчага характару, навукова-практычных канферэнцый. Юныя карэліччане актыўныя і ў творчым жыцці: спяваюць, танцуюць, дэкламуюць вершы, малююць, удзельнічаюць у інтэлектуальных гульнях, жартуюць у КВЗ. Толькі ў раённым Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі дзейнічае больш за 85 аб’яднанняў па інтарэсах. Таксама яны атрымліваюць сур’ёзныя перамогі ў спорце: лёгкай і цяжкай атлетыцы, боксе, гандболе. Былыя выхаванцы ДЮСШ і ЦТДіМ сёння прадстаўляюць Беларусь на міжнародных змаганнях. Апроч таго, апошнія гады дзеці атрымліваюць цікавы вопыт, дзякуючы рэалізуемым у школах эксперыментальным і інавацыйным праектам Міністэрства адукацыі. З дзяцінства хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца фармуляваць і сваю грамадзянскую пазіцыю, бо з’яўляюцца членамі дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, удзельнікамі інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа Актыўнага Грамадзяніна”. А з дапамогай валанцёрскіх і цімураўскіх рухаў спасцігаюць агульначалавечыя каштоўнасці і прыносяць дабро бліжнім. Як бачым, жыццё ў дзяцей і моладзі надзвычай насычанае. Прычым, не толькі ў час вучобы, але і на канікулах. Мы надаем вялікую ўвагу аздараўленню падрастаючага пакалення. Для іх дзейнічаюць школьныя і палатачныя лагеры, а летам чакае ДАЛ “Вясёлка”. Маюць дзеці магчымасць і зарабіць. На летніх канікулах мы штогод прапаноўваем нашай моладзі часовую працоўную занятасць, арганізоўваем лагеры працы і адпачынку, студатрады.
– Фундамент сістэмы адукацыі – гэта педагогі. І ў нашым раёне сістэму адукацыі прадстаўляюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы.
– Адназначна. Мы сур’ёзна ставімся да пастаяннага прафесіянальнага ўдасканалення работнікаў сістэмы адукацыі раёна. Яны заўжды ў курсе апошніх тэндэнцый у галіне адукацыі, выкарыстоўваюць эфектыўныя тэхналогіі і методыкі, павышаюць свае кваліфікацыйныя катэгорыі. На тых жа навукова-практычных канферэнцыях наш раён паспяхова прадстаўляюць не толькі вучні, але і педагогі. Гэта сведчыць пра тое, што вопыт сістэмы адукацыі Карэліччыны цікавы на самых высокіх узроўнях. Нездарма, летась менавіта на базе сярэдняй школы г.п. Мір адбыўся рэспубліканскі педагагічны семінар-практыкум. А яслі-дзіцячы сад г.п. Мір сталі пляцоўкай сустрэчы педагогаў з розных куткоў краіны ў межах экалагічнага навучальнага праекта “Зялёныя школы”.
Вопыт і прафесіяналізм настаўнікаў адлюстроўваюцца і на паспяховасці вучняў. За 2019 год па выніковай атэстацыі і рэйтынгу вучэбных дасягненняў мы маем стабільныя паказчыкі. Таксама летась мы назіралі павелічэнне колькасці навучэнцаў, якія скончылі вучэбны год на 5-10 балаў, і адсутнасць дзяцей з нізкім узроўнем ведаў (1-2 балы). Прыемна і тое, што ў невялікім Карэліцкім раёне штогод ёсць прызёры абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, а таксама выпускнікі, якія здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне на 100 балаў (сёлета маем два такіх вынікі – па беларускай мове і біялогіі), ды паступаюць у самыя прэстыжныя ВНУ краіны, некаторыя нават за мяжу.
Такія поспехі – гэта вынік удалага сімбіёзу вопыту і інавацый. Бо нашы педагогі – гэта як спецыялісты са шматгадовым стажам, так і маладыя кадры. Прычым, многія з іх – ураджэнцы карэліцкай зямлі. Дарэчы, штогод нашы выпускнікі бяруць мэтавыя накіраванні, каб пасля ВНУ вярнуцца працаваць на малую радзіму. Мы, у сваю чаргу, не пакідаем без увагі дасягненні нашых педагогаў. Сёння ў раёне дзейнічае сістэма маральнага і матэрыяльнага стымулявання іх працы.
– Сучасная школа – гэта месца ўнікальных магчымасцяў, напрыклад, атрымаць прафесію. Як гэта ажыццяўляецца ў нашым раёне?
– Так. Сапраўды, сёння школа дае не толькі веды, але і з’яўляецца падмуркам для паспяховай прафесійнай будучыні навучэнцаў. Не першы год у раёне нашы дзеці праходзяць профільнае навучанне, знаёмяцца з пэўнымі прадметамі на павышаным узроўні, дадаткова наведваюць факультатыўныя заняткі. На Карэліччыне ёсць і педагагічныя класы, і аграрныя, і прававыя, і спартыўнага профілю. Таксама нашы старшакласнікі з цікавасцю спасцігаюць азы такіх прафесій, як тынкоўшчык, прадавец, памочнік выхавальніка, дэманстратар адзення, разьбяр па дрэве і бяросце, кравец, цясляр.
– Сёння поспех адукацыйнага працэсу ў многім залежыць ад матэрыяльна-тэхнічнай базы. Ці ідуць установы адукацыі Карэліччыны ў нагу з часам?
– Часта мы чуем, што дзіцячы сад альбо школа для дзіцяці павінны стаць другім домам. Каб так адбылося насамрэч, мы шмат робім для таго, каб нашы ўстановы адукацыі мелі належную матэрыяльна-тэхнічную базу. Усё пачынаецца з элементарнага – з забяспечанасці граматна складзенымі і багата ілюстраванымі падручнікамі і дапаможнымі матэрыяламі, віртуальным і візуальным кантэнтам для заняткаў, вучэбным, гульнявым і спартыўным абсталяваннем. Рамонты, тым больш, капітальныя, набыццё тэхнікі, у прыватнасці, камп’ютараў, лінгафоннага абсталявання, інтэрактыўных сэнсарных сістэм, мульцібордаў, – гэта ўжо больш сур’ёзныя задачы, але і тут нашы ўстановы адпавядаюць патрабаванням часу. Паглядзіце, як змянілася пасля нядаўняга рамонту сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы і наколькі прыемна наведваць адкрытыя ў 2016 годзе яслі-сад у г.п. Мір. Прывядзём лічбы: калі ў 2018 годзе агульная сума выдаткаваных сродкаў на рамонтныя работы і на набыццё матэрыяльных каштоўнасцяў склала адпаведна 264 тыс. руб. і 390,7 тыс. руб., то ў 2019-м – 597 тыс. руб. і 530,8 тыс.руб. А колькі фантазіі і сіл укладваецца ў добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторый! Работнікі ўстаноў адукацыі разам з навучэнцамі і бацькамі ствараюць сапраўдныя райскія куткі. Клапоцімся мы і пра збалансаванае ды смачнае харчаванне нашых дзяцей. Прычым, пэўныя катэгорыі навучэнцаў забяспечваюцца ім бясплатна, за лік сродкаў мясцовага бюджэту. Сочым за тым, каб пастаянна ўмацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу харчаблокаў, своечасова замяняць тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне. Таксама раёнам набываюцца транспартныя сродкі (у 2019 годзе – 2 аўтобусы) для падвозу навучэнцаў.
– На Вашу думку, якая галоўная задача сістэмы адукацыі?
– Наша галоўная мэта і адначасова самая вялікая радасць – бачыць, што нашы дзеці вырастаюць асобамі, развітымі інтэлектуальна, духоўна, фізічна, псіхічна і сацыяльна. І сёння ў сістэме адукацыі і ў нашай краіне робіцца ўсё дзеля гэтага.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота з архіва “Полымя”