Кореличчина вчера и сегодня: спортивные традиции, проверенные временем

Ці сябруюць карэліччане са спортам? Якім яго відам аддаюць перавагу? Дзе ў раёне выхоўваюць будучых чэмпіёнаў? Хто за апошнія гады ўславіў наш раён на спартыўнай арэне? На гэтыя і іншыя пытанні трымае адказ загадчык сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Мікалай БАРЭЙКА.

– Карэліччына заўжды адрознівалася спартыўным ладам жыцця, – адразу заўважае наш суразмоўца. – Памятаю, яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў не тое, што ў райцэнтры, практычна ў кожным калгасе была свая футбольная каманда, а яшчэ валейбольная і баскетбольная, спраўна функцыянавалі калектывы фізкультуры. І сёння мы захавалі і развілі гэтыя традыцыі. Фізічнай культурай і спортам у раёне займаецца, згодна з лічбамі за 2019 год, 3811 чалавек, што складае 19,7% ад агульнай колькасці жыхароў раёна. У нас на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах дзейнічаюць 19 калектываў фізкультуры, 10 з іх – у сельскай мясцовасці. Насычаная праграма і спартыўна-масавых мерапрыемстваў для ўсіх узростаў. Штогод іх праводзіцца больш за 60, дзе прымаюць удзел парадку 6,5 тысяч чалавек. Нязменным інтарэсам спартсменаў і балельшчыкаў карыстаюцца чэмпіянаты і кубкі раёна па футболе, міні-футболе, валейболе і гандболе.

З нашых агульных перамог за апошнія гады прыемна ўзгадаць, што невялікі Карэліцкі раён у абласным аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы сярод раёнаў другой групы заняў трэцяе месца.

Значны ўклад у капілку дасягненняў Карэліччыны ўнеслі юныя хакеісты: каманда юнакоў старэйшай узроставай групы заняла на абласных спаборніцтвах на прыз клуба “Залатая шайба” другое месца, гульцы малодшай узроставай групы – трэцяе месца. Абласная спартакіяда “Каласок” прынесла камандзе карэліцкіх юнакоў бронзу па валейболе і футболе. Першае месца ў спартакіядзе сельскіх жыхароў заваявалі каманды раёна па гіравым спорце і лёгкай атлетыцы, другое месца – мужчынская каманда па футболе.

Добра выступілі карэліччане і на міжнародных спаборніцтвах. Арцём Логіш у 2018 годзе вярнуўся з бронзай з чэмпіянату Еўропы па лёгкаатлетычным кросе, за што яму прысвоена званне майстра спорту міжнароднага класа, а стыпендыят Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Аляксей Алфёраў, выхаванец нашага таленавітага трэнера Івана Дзёмушкіна, заваяваў трэцяе месца на маладзёжным Чэмпіянаце свету па боксе. Ірына Мокат стала чэмпіёнкай Беларусі па гандболе ў 2019 і 2020 гадах. Такіх жа вынікаў сёлета дасягнула Ірына Гесць. Як бачыце, нам ёсць кім і чым ганарыцца.

– А калі казаць пра поспехі спартыўнай сферы ў цэлым па рэспубліцы?

– Адказ просты: яны – уражваючыя. Калі я прыйшоў на працу ў 1996 годзе, па краіне было толькі дзесьці 5 крытых лядовых пляцовак, зараз іх – больш за 30. Яшчэ адна нагода для гонару – тое, што ў Беларусі праходзяць самыя прэстыжныя міжнародныя спаборніцтвы. Паглядзіце на спартыўныя жамчужыны нашай сталіцы – стадыён “Дынама”, “Мінск-Арэну”, “Чыжоўка-Арэну”. І гэта не толькі маё меркаванне ці маіх беларускіх калег. Самую высокую ацэнку нашым дасягненням далі замежныя спартсмены і госці падчас Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе, ІІ Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе.

Шыкоўна выглядаюць на фоне Мінска і рэгіёны, напрыклад, стадыён у Бабруйску ці футбольныя манежы і лядовыя палацы ў буйных населеных пунктах. Выдатна, што сёння ў розных кутках Беларусі нашы людзі з задавальненнем і камфортам займаюцца спортам на пляцоўках з сінтэтычным пакрыццём. Дзве такія ёсць і ў Карэлічах – на стадыёне “Юнацтва” і на базе сярэдняй школы № 2 райцэнтра. Яшчэ адно дасягненне апошніх гадоў – фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, якія прапануюць шырокі спектр паслуг і магчымасцяў актыўна праводзіць вольны час. Дарэчы, адзін з іх – “Лідар” – адкрыўся сёлета па-суседску з намі ў Навагрудку.

Адназначна ў Беларусі развіццю спорту і папулярызацыі актыўнага і здаровага ладу жыцця надаецца самая шырокая ўвага. У рэспубліцы робіцца ўсё для таго, каб кожнае дзіця мела магчымасць стаць чэмпіёнам. Нездарма, нашы спартсмены скараюць самыя высокія алімпы на міжнародных змаганнях і ставяць рэкорды. І, увогуле, кожны беларус можа жыць цікава і спартыўна.

– Тым больш, ёсць прафесіяналы, якія дапамогуць любому хутка ўвайсці ў форму. Хто гэтыя людзі на Карэліччыне?

– Мы ганарымся нашымі спецыялістамі, многія з якіх – ураджэнцы Карэліцкага краю. Сёння ў нашай сферы працуе 41 чалавек: 26 – ва ўстановах адукацыі, 8 трэнераў і кіраўнікоў – у ДЮСШ Карэліцкага раёна, 4 работнікі – у Карэліцкім раённым ФСК. Гэта ўнікальныя людзі, якія дапамагаюць рыхтаваць для нашай краіны спартсменаў высокага класа. Толькі з пачатку 2000-х гадоў больш за 20 карэліччан сталі майстрамі спорту, а 7 чалавек – нават міжнароднага класа. Нямала імёнаў нашых землякоў можна знайсці ў спісачных складах нацыянальных зборных Беларусі.

– Адпаведна ўзнікае пытанне, дзе на Карэліччыне знаходзіцца кузня будучых чэмпіёнаў?

– За падрыхтоўку спартыўнага рэзерву адказвае ДЮСШ Карэліцкага раёна, дзе функцыянуюць тры аддзяленні (гандбол, лёгкая і цяжкая атлетыка) на базе 10 навучальных устаноў. У 2015 годзе наша школа прайшла атэстацыю і захавала статус спецыялізаванай вучэбна-спартыўнай установы.

Зараз у ДЮСШ займаецца 271 чалавек. Трэнерскі калектыў установы працуе не толькі на годнае прадстаўленне нашага раёна на спаборніцтвах розных узроўняў, але таксама на пошук і перадачу перспектыўных навучэнцаў у вышэйшае звяно падрыхтоўкі. Гаворка ідзе пра вучылішчы алімпійскага рэзерву, школы вышэйшага спартыўнага майстэрства і каманды майстроў па гульнявых відах спорту.

Абазначым асобныя вынікі дзейнасці ДЮСШ за перыяд з 2016 па 2020 гады. За ўказаны час 14 выхаванцаў былі ўключаныя ў спісачныя склады нацыянальных зборных каманд Беларусі па відах спорту, 8 з якіх у 2020 годзе (па гандболе – 4, па цяжкай атлетыцы – 3, па лёгкай – 1). У вучылішчы алімпійскага рэзерву накіравана 12 чалавек, на сёння там навучаецца трое карэліччан. У Гродзенскім абласным комплексным цэнтры алімпійскага рэзерву праходзяць падрыхтоўку трое нашых спартсменаў. Выканалі нарматывы на майстра спорту міжнароднага класа 2 чалавекі, майстра спорту – 2, кандыдата ў майстры спорту – 14, спартыўны нарматыў 1 разрада – 5

Таксама з 2016 па 2018 гады ДЮСШ рэгулярна станавілася сярэбраным прызёрам абласной спартакіяды школьнікаў па відах спорту ў 3 групе.

Цяпер разгледзім дадзены перыяд праз прызму поспехаў асобных аддзяленняў. Пачнём з цяжкай атлетыкі. У 2017 годзе нашы дзяўчаты Ірына Бурак і Кацярына Галушка ўдзельнічалі ў першынстве Еўропы. Не так даўно Дзмітрый Бязмен адолеў нарматыў майстра спорту, а Максім Кохан – кандыдата ў майстры спорту па паўэрліфтынгу. За поспехамі ўсіх названых і яшчэ дзясяткаў іншых цяжкаатлетаў раёна стаіць наш трэнер-выкладчык Святаслаў Палуян. Дарэчы, з 2016 па 2020 гады выхаванцы аддзялення цяжкай атлетыкі ў асабістым заліку станавіліся двойчы пераможцамі такіх рэспубліканскіх спаборніцтваў, як спартакіяда школьнікаў, першынства і Алімпійскія дні моладзі нашай краіны. Таксама яны неаднаразовыя прызёры Кубка Беларусі. Такому добраму стану спраў спрыяе і той факт, што, пачынаючы з 2016 года, у нас, на базе Турэцкага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа, праходзіць першынства Карэліцкага раёна па цяжкай атлетыцы сярод школьнікаў у праграме круглагадовай спартакіяды школьнікаў.

Многім дзяўчатам у вялікі гандбол рэспубліканскага маштабу дала пуцёўку трэнер-выкладчык нашай спартыўнай школы Тамара Прохар. Сярод іх – сённяшнія чэмпіёнкі Беларусі Ірына Мокат і Наталля Гесць. Апроч таго, з 2016 па 2020 гады выхаванцы нашага аддзялення гандбола ў складзе зборных каманд Гродзенскай вобласці двойчы станавіліся пераможцамі спартакіяды школьнікаў і першынства Беларусі, адзін раз – рэспубліканскай спартакіяды ДЮСШ, чэмпіёнамі Х Балтыйскіх юнацкіх гульняў, прызёрамі Алімпійскіх дзён моладзі. Мы надаём значную ўвагу дадзенаму віду спорту. У 2016-2017 гадах на базе абедзвюх школ райцэнтра створаны два спецыялізаваныя спартыўныя класы па гандболе, дзе займаюцца 24 навучэнца.

Пераходзім да дасягненняў лёгкай атлетыкі. Тут радуе стабільна паспяховымі выступленнямі на рэспубліканскіх і міжнародных кросах ды марафонах яшчэ адзін выхаванец ДЮСШ Арцём Логіш. Таксама апошнія гады нашы юныя лёгкаатлеты нядрэнна паказваюць сябе ў складзе зборнай Гродзеншчыны на спартакіядзе школьнікаў Беларусі.

– Вядома, галоўнае ў спорце – жаданне займацца ім. Але не менш важна, дзе і ў якіх умовах.

– Таму на Карэліччыне ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы надаецца вялікая ўвага. Усяго па раёне ў нас 84 спартыўныя збудаванні: стадыён “Юнацтва” ў Карэлічах, 12 спартыўных залаў, 44 спартыўныя пляцоўкі, 8 футбольных палёў, 16 прыстасаваных памяшканняў і трэнажорных залаў, 4 стралковыя ціры. У зімовы перыяд карэліччан чакаюць 3 хакейныя каробкі, а таксама ва ўстановах адукацыі – каткі і лыжныя трасы. І гэта толькі старт, бо ёсць сур’ёзныя ідэі і планы, у тым ліку па рамонтах і рэканструкцыях аб’ектаў, ды падтрымка мясцовых уладаў, як зрабіць спартыўнае жыццё ў раёне больш разнастайным.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота з архіва “Полымя” і адкрытых інтэрнэт-крыніц