Кореличский район — на второй позиции в области по результатам кормозаготовительной кампании текущего года
Не так даўно зерняўборачныя камбайны пакінулі хлебную ніву Карэліччыны. Ім на змену прыйшла глебаапрацоўчая і пасяўная тэхніка, якая абвясціла аб пачатку маштабнай пасяўной кампаніі азімых культур.
Па словах начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Анатолія Коршуна, на палях раёна актыўна вядзецца ўборка саломы зерневых і зернебабовых культур. На раніцу 25 жніўня гаспадаркамі раёна ўбрана 15452 га, што складае 78% ад запланаваных плошчаў. Засталося ўбраць 4435 га, з якіх на 1340 га салома запрасавана ў рулонах, на 3095 га яна знаходзіцца ў валках.
На Карэліччыне працягваецца падрыхтоўка глебы пад сяўбу азімых культур. На ўчарашнюю раніцу аграрыямі раёна ўзарана 5863 га, што складае 37% ад запланаваных 15985 га. Тэмп у дадзеным відзе работ задаюць аграрыі СВК “Маяк-Заполле” і СВК “Свіцязянка-2003”, дзе пад сяўбу азімых культур узарана 55% і 52% адпаведна.
– Азімы рапс – рэнтабельная культура, таму сёлета вырашылі павялічыць пасяўныя плошчы пад алейную культуру з леташніх 2620 га да 3280 га, – адзначае Анатолій Коршун. – У цэлым гаспадаркі раёна ўкладаюцца ў аптымальныя тэрміны сяўбы. На раніцу 25 жніўня аграрыямі раёна пасеяна 2162 га, альбо 66% ад плану.
Не забываюць працаўнікі раёна і пра корманарыхтоўчую кампанію, якая стартавала ў маі бягучага года, прайшла праз усё лета і часткова захопіць асеннія месяцы. Некаторыя сельгаспрадпрыемствы раёна прыступілі да нарыхтоўкі сіласу. Сярод іх КСУП “Царука”, “Малюшычы” і “Лукі-Агра”. Па словах начальніка райсельгасхарчу, кукуруза на асобных участках моцна пацярпела ад засушлівага надвор’я. Ад адсутнасці вільгаці лісты і сцябліны царыцы палёў пачалі высыхаць, губляючы зялёную масу. Таму ў гаспадарках раёна было прынята рашэнне выбарачна прыступіць да нарыхтоўкі сіласу.
Карэліцкі раён працягвае ўтрымліваць званне абласнога лідара корманарыхтоўчай кампаніі. Па колькасці нарыхтаваных кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы Карэліччына з паказчыкам 16,5 адзінак – на другім месцы на Гродзеншчыне. Карэліцкі раён саступае толькі Воранаўскаму, працаўнікі якога назапасілі 17,03 кармавыя адзінкі. Дарэчы, карэліцкія аграрыі значна палепшылі вынік мінулага года, дадаўшы да яго дзве кармавыя адзінкі на ўмоўную галаву жывёлы.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара