“Мы за незалежнасць, мір і спакой!” Карэліччане прынялі ўдзел у мітынгу на плошчы Леніна ў Гродне (+відэа)
22 жніўня на плошчы Леніна ў Гродне адбыўся мітынг у падтрымку міру, бяспекі і спакою.
Жыхары Карэліцкага раёна таксама прыехалі ў Гродна, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Нашы землякі з гонарам пранеслі праз цэнтр горада вялікае палотнішча нацыянальнага сцяга Беларусі. У паветры луналі сцягі “Белай Русі”, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, карэліччане трымалі ў руках плакаты з надпісамі: “Мы за Беларусь!”, “Захаваем мір разам!”, “Любім Беларусь!”.
Жыхарка Карэліч Зінаіда Ардзюк не хавае эмоцый:
— Я сёння прыехала ў Гродна, каб падтрымаць той курс, якім рухаецца наша краіна. Уся мая сям’я галасавала за Аляксандра Лукашэнку. Свой голас я аддала ў першы ж дзень датэрміновага галасавання, прыйшла за 20 хвілін да адкрыцця ўчастка. Наша краіна мірная і незалежная. Мае дзеці і ўнукі могуць у любы час сутак спакойна гуляць па вуліцах, а беларусы самі гаспадары свайго лёсу.
Кацярына Жамойда, культарганізатар Жухавіцкага СДК:
— Я тут, на плошчы, бо я за мір і справядлівасць у нашай краіне. Мой прыезд сюды азначае, што я падтрымліваю дзеючую ўладу. Мы спакойна жывём у нашай Беларусі, атрымліваем бясплатнае медыцынскае абслугоўванне і адукацыю. Лічу, што кожны з нас можа рэалізавацца. Для гэтага патрэбны праца і намаганні, бо без іх нічога не атрымаецца.
Дзмітрый Махіна, дырэктар КСУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”:
— Маладое пакаленне добра ведае і засвоіла ўрокі Вялікай Айчыннай вайны. Памятаем падзеі ва Украіне і расказваем пра гэта сваім дзецям. Беларусь павінна застацца незалежнай і мірнай, такой, якой мы яе любім. І сёння мы, працаўнікі, даказваем гэтую любоў на справе: на полі і ферме, бальніцы і школе, спартыўнай арэне і канцэртнай пляцоўцы.
Дзмітрый Арцюх, дырэктар Карэліцкага раённага краязнаўчага музея:
— Мы, беларусы, здаўна міралюбівы народ: мы захоўваем традыцыі, і многія канфесіі жывуць у міры і згодзе пад нашым блакітным небам. Менавіта нам, маладым, прымнажаць тое лепшае, што зроблена ў нашай краіне. А прымнажаць трэба стваральнай працай і дабром, якое кожны з нас павінен несці ў сваім сэрцы.
Спявак з Карэліч Аляксандр Чарапанаў падтрымаў агульны настрой, панаваўшы на плошчы Леніна, словамі з песні: “Я люблю Беларусь!”
Служба інфармацыі “Полымя”