Праздничная программа “Славим имя твое, Беларусь!” собрала кореличчан на стадионе “Юность”
8 жніўня стадыён “Юнацтва” ў Карэлічах стаў пляцоўкай для святочнай праграмы “Славім імя тваё, Беларусь!”.
Жыхары і госці Карэліцкага раёна сабраліся разам, каб суботнім вечарам адпачыць душой і паслухаць знаёмыя і любімыя песні ў выкананні мясцовых артыстаў. І калі старэйшае пакаленне больш бавіла час у глядацкім сектары, падпавяла і апладзіравала, то моладзь і дзеці забаўляліся на разнастайных інтэрактыўных пляцоўках.
Так, фотазона “Скарбы сялянскай хаты”, якую прадставіў Карэліцкі раённы краязнаўчы музей, вабіла не толькі аматараў зрабіць памятнае сэлфі, але і тых, хто цікавіцца гісторыяй свайго краю.
— Сёння ў нашай імправізаванай сялянскай хатцы мы прадставілі тры цікавых экспанаты: праваслаўную ікону пачатку 20 стагоддзя і жаночы і мужчынскі строі 19 стагоддзя, якія насілі жыхары Карэліцкага раёна, — расказвае дырэктар Карэліцкага раённага краязнаўчага музея Дзмітрый Арцюх. — Людзі з задавальненнем робяць сэлфі каля нашай фотазоны, дзеці забягаюць унутр, ім цікава, як раней жылі іх прабабулі.
Побач з сялянскай хаткай майстар раённага Дома рамёстваў Вольга Крышэнь праводзіць майстар-клас па ткацтву паясоў. Сёння жанчына прынесла з сабой невялічкія драўляныя вілкі, на якія спрытна навівае ніткі, і неўзабаве ў яе руках з’яўляецца аснова поясу.
Святлана Дубчонак з Красненскага СДК дэманструе на свяце свае саламяныя цуды: вазу з кветкамі для ўпрыгожвання інтэр’ера, святочны жаночы капялюш, які можа ўпрыгожыць любую паненку.
— Сёння на свяце я малюю дзеткам на тварах розныя ўзоры, ім гэта вельмі падабаецца, — гаворыць жанчына.
Пляцоўку для самых маленькіх гасцей свята зладзіла Карэліцкая раённая бібліятэка. Тут дзеці малююць, збіраюць пазлы, гушкаюцца на арэлях і гуляюць ў спартыўныя гульні.
Карэліччанін Сяргей Сташчанюк прыйшоў на свята з жонкай Таццянай і дзвюма дочкамі Ксеніяй і Анютай. Мужчына гаворыць, што арганізатары пастараліся зрабіць усё, каб свята атрымалася.
Наумовіч Дзіяна прыйшла падтрымаць дачку, якая спявала на сцэне:
— Дакачакаліся, пакуль дачка выступіць, а цяпер вось гуляем, адпачываем.
Мая з дачкой Надзеяй прыехалі пагасцяваць у Карэлічы з Мінска:
— Цікава паслухаць і паглядзець выступленне мясцовых артыстаў. І для дзяцей шмат што прыдумана. Маёй Надзеі арганізатары падарылі паветраны шарык. Абавязкова паслухаем увесь канцэрт, бо атмасфера цудоўная.
Шмат шчырых слоў давялося пачуць ад прыйшоўшых на свята, але яшчэ больш пажаданняў роднай Беларусі госці пакінулі на папяровым сэрцы з беларускім арнаментам, сярод якіх чырвонай ніткай праходзілі: «Дабрабыт, мір і чыстае неба».
ФОТАІМГНЕННІ СВЯТА
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара