В Кореличском районе многодетные семьи используют семейный капитал досрочно. Узнали, на какие нужды

З 2015 года ў краіне дзейнічае праграма, дзякуючы якой бацькі пры нараджэнні або ўсынаўленні трэцяга і наступных дзяцей маюць права на важкую фінансавую падтрымку ад дзяржавы — сямейны капітал. З 1 студзеня бягучага года праграма працягнута яшчэ на 5 гадоў і прадугледжвае датэрміновае распараджэнне дэпазітам. У Карэліцкім раёне такой магчымасцю скарысталіся 18 мнагадзетных сем’яў. Карэспандэнт “Полымя” высветліла, на якія патрэбы.

Сям’я Шэсцель дзякуючы сямейнаму капіталу набыла 3-пакаёвую кватэру

Алена Шэсцель і яе муж Вячаслаў з аграгарадка Жухавічы — бацькі траіх дзяцей. Старэйшаму Мікіце 18 гадоў, ён ужо студэнт, Яне — 14 і Міле чатыры з паловай. Сямейны капітал аформілі ў 2016 годзе на Мілу. Амаль чатыры гады сродкі знаходзіліся на рахунку, але ў пачатку 2020 года пасля расшырэння пераліку выпадкаў, калі можна датэрмінова размарозіць дэпазіт, мнагадзетныя бацькі вырашылі набыць жыллё.

— Мы жывём у трохпакаёвай кватэры, якую нам выдзеліў мясцовы сельгаскааператыў “Жухавічы”, але гэта службовае жыллё. А мне вельмі хацелася мець уласны дах над галавой, які я змагу пакінуць сваім дзецям, — расказвае Алена. — Таму і прынялі рашэнне купіць нерухомасць у нашым аграгарадку. Сумы з дэпазіта роўненька хапіла на трохпакаёўку.

— Я ўдзячная дзяржаве за такую падтрымку, — гаворыць шматдзетная маці. — Самі мы наўрад ці сабралі б такую суму, хаця не лайдакі, маем працу, трымаем гаспадарку. Сямейны капітал — гэта рэальная падтрымка для сям’і.

Зараз Вячаслаў і Алена актыўна рамантуюць набытае жыллё: замянілі электрычнасць і ацяпляльны кацёл, перакрываюць дах. Унутраныя работы рабілі самі, гавораць, чаго не ўмелі, вучыліся праз інтэрнэт. Новы год сям’я плануе сустрэць ужо ў асабістай кватэры.

Сям’я Логіш за сямейны капітал пагасіла крэдыт за дом

Жыхарка Карэліч Ірына Логіш таксама шматдзетная мама. Сыну Максіму тры гады, на яго і аформілі сямейны капітал. У сям’і ёсць яшчэ старэйшыя браты: Паўлу — 14, Івану — 9 і малодшы Жэня, якому 2.

— У красавіку мы падалі дакументы на датэрміновае распараджэнне дэпазітам, — расказвае Ірына. — Доўга чакаць не прыйшлося, грошы былі пералічаны, і мы поўнасцю пагасілі крэдыт на дом.

Пазыку на набыццё дома, па словах жанчыны, узялі 7 гадоў таму ў замежнай валюце, і кожны месяц прыходзілася вяртаць банку кругленькую суму. Цяпер жа дзякуючы сямейнаму капіталу крэдыт поўнасцю пагашаны, а на рахунку яшчэ засталіся горошы. Іх Ірына з мужам плануюць накіраваць на навучанне старэйшага сына.

— Праз год Павел будзе паступаць. Калі не пройдзе на бюджэт, будзем вучыць платна. І тут нам зноў дапаможа сямейны капітал, — задаволена шматдзетная мама. — Безумоўна, гэтыя грошы трэба траціць з розумам і менавіта на патрэбы дзяцей.

Як расказала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш, новая версія праграмы “Сямейны капітал” пачала дзейнічаць з 1 студзеня 2020 года. Сума дэпазіту ўстаноўлена ў памеры 22,5 тысячы беларускіх рублёў (раней — 10 тысяч долараў) і назначаецца з 1 студзеня 2020 года па 31 снежня 2024 года пры нараджэнні трэцяга або наступнага дзіцяці. Правам на атрыманне сямейнага капіталу сям’я можа скарыстацца толькі адзін раз. Гэта значыць, калі ўжо назначаны сямейны капітал па праграме 2015-2019 гадоў, паўторнага шансу ўжо не будзе. З’явілася магчымасць звярнуцца за назначэннем сямейнага капіталу не толькі па месцы жыхарства, але і па месцы знаходжання.

Сродкі могуць быць выкарыстаны на атрыманне платных вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў дзяржаўных установах, медыцынскіх і стаматалагічных паслуг. Але 100% шматдзетных сем’яў Карэліцкага раёна, якія размарозілі дэпазіты, выкарыстоўваюць іх на паляпшэнне жыллёвых умоў. Пры гэтым дэпазіт дазваляецца патраціць як на будаўніцтва, на пагашэнне запазычанасці па яму, так і на выплату крэдыту, які шматдзетная сям’я ўзяла на гэтыя мэты. На рамонт  жылля сямейны капітал траціць нельга.

Бывае, што ў назначэнні сямейнага капіталу адмаўляюць. Такія выпадкі хутчэй выключэнне з правіл, бо шматдзетныя сем’і адказна ставяцца да гэтай працэдуры. Аднак, калі, напрыклад, сям’я падала не ўсе дакументы ці хтосьці з дзяцей або бацькоў не жыве ў Беларусі, сродкі залічаны не будуць. Зразумела, што капітал павінен працаваць у Беларусі і на яе развіццё.

Важна, каб шматдзетныя сем’і памяталі наступнае. На працягу 6 месяцаў з дня нараджэння трэцяга і наступных дзяцей сям’і неабходна падаць у мясцовы выканкам заяву і невялікі пакет дакументаў. Інакш няма звароту — няма капіталу. А яшчэ дэпазіт прадугледжвае разлік у беларускіх рублях, нават калі назначаны ў доларах (па праграме 2015-2019 гадоў): расходавацца ўсё роўна будзе па курсе долара на той момант. Расходаванне адбываецца на безнаяўнай аснове на рахункі дзяржаўных арганізацый і толькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Даведка “Полымя”
У Карэліцкім раёне пражывае 228 шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваецца 734 дзіцяці.
На сённяшні дзень сямейны капітал назначаны 158 шматдзетным сем’ям. Датэрмінова ім скарысталіся 18, і ўсе на паляпшэнне жыллёвых умоў.
Вынікі пяцігадовай праграмы “Сямейны капітал” даказалі яе эфектыўнасць: за 5 гадоў колькасць шматдзетных сем’яў у раёне вырасла на 8,5%. 

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара і Аксаны ЯНУШ