Юный кореличчанин Артём Карп: певец, музыкант, эрудит
Арцём Карп – сціплы і прыгожы хлопец, які заўсёды імкнецца надзяляць гэты свет аптымізмам і пазітывам. Калі яго прозвішча занеслі на раённую Дошку пашаны, гонар адчуў не толькі малады чалавек, але бацькі і настаўнікі – людзі, якія выхавалі яшчэ аднаго разумнага і таленавітага жыхара карэліцкай зямлі.
Шаснаццацігадовы Арцём – трэцяе і самае малодшае дзіця ў сям’і. З самага пачатку школьнага жыцця хлопца прываблівала матэматыка, дзякуючы якой ён не раз аказваўся ўдзельнікам раённых алімпіяд. Не ў меншым прыярытэце былі і мовы – руская і англійская, а таксама хімія. Уласна кажучы, менавіта гэтыя прадметы будучы абітурыент абраў для здачы цэнтралізаванага тэсціравання, якое хлопца чакае роўна праз год.
– Час канчаткова вызначыцца з выбарам яшчэ ёсць, таму загадваць не хочацца, – расказвае вучань ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы” Арцём Карп. – Пакуль планую звязаць жыццё з эканомікай, а як там пойдзе, паглядзім (усміхаецца).
Вольны час хлопец праводзіць з карысцю для здароўя: асаблівую любоў у яго выклікае… звычайны веласіпед, на якім падлетак можа катацца суткамі. Дарэчы, навушнікі пры гэтым Арцём не выкарыстоўвае: навошта лішні раз рызыкаваць?..
Акрамя імкнення да ведаў і спорту, юнак цікавіцца творчасцю: некалькі гадоў таму ён скончыў Карэліцкую дзіцячую школу мастацтваў па класе фартэпіяна і вакала. Доўгі час малады чалавек прымаў удзел у вакальнай групе “Арыетта”, ездзіў на шматлікія конкурсы і фестывалі, атрымліваючы ад гэтага асалоду. Цяпер выступы пастаўлены на паўзу: на жаль, каранавірус не дрэмле.
– Наперадзе яшчэ цэлы год, а я ўжо сумую па школе, сябрах, бацьках… Вядома, вось так раптоўна апынуцца ў іншым горадзе, прытым у сталіцы – хвалююча, але я разумею, што гэта проста новы этап, – разважае Арцём. – Калі гаварыць пра вяртанне на малую радзіму, скажу шчыра: не ведаю. З аднаго боку, хочацца працаваць і прыносіць карысць роднаму краю, а з іншага – перспектыў і развіцця. У любым выніку, пажывем – пабачым.
У мінулым годзе ў жыцці юнака здарылася цікавая падзея: ён апынуўся на інтэлектуальным тэлевізійным шоу “Я ведаю!”, дзе заняў трэцяе месца ў трэцім этапе і прайшоў у суперфінал.
– Вядома, самае цяжкае было – гэта даць рады эмоцыям, якія цябе перапаўняюць, – узгадвае малады чалавек. – Цікава, што чацвёрты тур, за якім мы сачылі з іншага пакоя, здаўся мне лягчэйшым, чым той, дзе я спыніў свой удзел. Хто ведае, можа, там бы я прайшоў яшчэ далей… Але ў любым выпадку я не шкадую: гэта быў цудоўны вопыт!
Запіс тэлепраграмы, прызнаецца хлопец, ён не глядзеў. А вось бацькі і сябры падыходзілі і выказвалі прыемныя ўражанні, адчуваючы гонар за сына і свайго сябра.
– Праз дзесяць гадоў я бачу сябе паспяховым чалавекам, які з задавальненнем ходзіць на працу і мае магчымасць дапамагаць бацькам, – падагульняе размову Арцём. – Вельмі хочацца чымсьці іх парадаваць, бо хто яшчэ можа быць радней за іх?..
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара