Жуховичские аграрии получили лучшую в районе урожайность озимого рапса (+видео)
У кожным раёне вобласці ёсць перадавыя сельгаспрадпрыемствы, якія паказваюць лепшыя вынікі і становяцца прыкладам для астатніх. Сёлета тон уборачнай кампаніі на Карэліччыне задае СВК “Жухавічы”, механізатары якога атрымалі найвышэйшую ўраджайнасць алейнай культуры – 50,3 ц/га.З ураджайнасцю збажыны на ўзроўні 73 ц/га жухавікія аграрыі таксама ў ліку перадавікоў раёна.
Сёлета ўборка “чорнага золата” і жніво ў СВК “Жухавічы” супалі. Старт уборачнай кампаніі быў дадзены 20 ліпеня, калі камбайны адначасова прыступілі да абмалоту алеенасення і ўборкі зерневых культур.
– Рапс абмалацілі прыкладна за 9 дзён. Сёлетняя ўраджайнасць вышэй леташняй. У 2019 годзе атрымалі 40,8 цэнтнера на круг, у бягучым годзе – 50,3 цэнтнераў, – расказвае галоўны аграном СВК “Жухавічы” Андрэй Бараноўскі. – Гібрыды гатункаў “Рохан”, “Торэс”, “Петрол”, “Анабэла” і “Сафер” далі добрую аддачу. Агульны намалот алейных зярнят склаў 1762 тоны, з якіх 542 тоны здалі ў залік дзяржзаказу. Астатняе алеенасенне пойдзе на рэалізацыю, з якой праблем няма, а пакупнікі прапануюць добрую цану.
Аднак перад тым, як атрымаць добры ўраджай, агранамічная служба гаспадаркі зрабіла ўсё магчымае: была выканана тэхналогія, своечасова ўнесены ўгнаенні. Свою ролю ў атрыманні багатага ўраджаю сыграў самаходны апрысквальнік MAZZOTTI, які гаспадарка набыла ў мінулым годзе. Асноўная перавага сучаснай тэхнікі ў тым, што падчас унясення фунгіцыдных апрацовак ён не збівае суквецці рапсу, спрыяючы павышэнню ўраджайнасці культуры.
– Пасля бясснежнай зімы прадбачылі недахоп вільгаці. Таму ў перыяд вегетацыі раслін актыўна папрацавалі з амінакіслотамі, – дзеліцца галоўны аграном. – Каб паменшыць стрэс, які перанеслі расліны падчас майскіх халадоў і з-за адсутнасці веснавых ападкаў, у кожную падкормку дадавалі амінакіслоты. Гэтыя метады далі жадаемы вынік. Атрыманай ураджайнасцю рапсу на ўзроўні 50,3 ц/га засталіся задаволены.
Аддача хлебнай нівы на жухавіцкіх палетках таксама вышэй леташняй – 73 ц/га супраць 66,5 ц/га. І гэта яшчэ далёка не мяжа. Першапачаткова камбайны пачалі абмалочваць зерневыя культуры на лёгкіх глебах, якія часткова падгарэлі. Наперадзе – лепшыя ўчасткі, якія дадуць добры ўраджай.
Зерневыя каласавыя культуры жухавіцкім хлебаробам неабходна ўбраць з 2050 га, з якіх на 1550 га пасеяны азімыя, а 500 га заняты пад яравую збажыну. Сярод азімых зерневых перавагу аддалі азімаму трэцікале, які пасеялі на 850 га.
– Па-першае, неабходна рэальна ацэньваць свае магчымасці. Мы добра разумеем, што калі ў нас пераважаюць лёгкія глебы, мы хутчэй атрымаем добры ўраджай трэцікале, чым пшаніцы. Таму на яго робім стаўку, – адзначае Андрэй Бараноўскі. – Па-другое, трэцікале – асноўны кампанент пры вытворчасці камбікорму для буйной рагатай жывёлы.
У ход жніва на жухавіцкіх палетках пэўныя карэктывы ўносіць надвор’е. Але да іх аграрыі гаспадаркі прыстасоўваліся. Па словах галоўнага агранома, пасля моцнага дажджу пэўны час камбайны не выходзяць у поле. Але затым пазней затрымліваюцца за работай. Да таго ж ва ўборцы зерневых ёсць свае нюансы, якія звязаны з чаргаваннем культур пры ўборцы. Напрыклад, у абед аграрыі абмалочваюць яравы ячмень. Затым пераходзяць на палі азімых зерневых, якія можна ўбіраць да позняга вечара.
Штодзень 11 камбайнавых экіпажаў шчыруюць на жухавіцкіх палетках, заштурваламі якіх вопытныя работнікі. Падчас жніва заробкі механізатараў напрамую залежаць ад намалотаў, вадзіцеляў на адвозцы зерня – ад дастаўленага на зернесушыльны комплекс збожжа. Да таго ж жухавіцкае кіраўніцтва стварае дадатковую матывацыю для плённай працы работнікаў у выглядзе прэмій. Намалаціў тысячу, паўтары, дзве тысячы тон збожжа – атрымай грашовую прэмію. Тое ж датычыцца вадзіцеляў на адвозцы зерня, работнікаў зернесушыльных комплексаў. Чым не стымул старацца і дасягаць высокіх вынікаў?
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара