История жизни и смерти последней владелицы Мирского замка из рода Радзивиллов
КНЯЖНЕ С. Д. РАДЗИВИЛ
Твоя безоблачная младость
Цветет пленительной красой;
Ты улыбаешься, как радость,
Ясна и взором, и душой.
Рукой ли белой и послушной
По звонким струнам пробежишь,
Иль стройно в резвости воздушной
Кружишься, вьешься и летишь…
Гэтыя радкі, прысвечаныя Стэфаніі Радзівіл, былі напісаныя яе сучаснікам Іванам Казловым у 1825 годзе. Неабходна адзначыць, што паэт быў абсалютна сляпым, але па апісанні Стэфаніі сваім сябрам Васілём Жукоўскім аўтар змог перадаць непаўторнай прыгажосці вобраз маладой жанчыны. Яе партрэты лічыў за гонар маляваць вядомы мастак Карл Брулоў, а яго брат Аляксандр спраектаваў радавую крыпту, дзе знайшла свой спачын апошняя ўладальніца Мірскага замка з роду Радзівілаў.
Караліна Эмілія Луіза Валерыя Стэфанія Радзівіл нарадзілася 9 снежня 1809 года ў Парыжы. Яе бацькі – Дамінік Іеранім Радзівіл і Тэафілія Мараўская – прадстаўнікі знакамітага роду Радзівілаў.
Бацька быў XI ардынатам Нясвіжскай і Алыцкай ардынацый, але сваім дзецям, непасрэдна сыну Аляксандру, спадчыну не пакінуў, таму што хлопчык быў незаконнанароджаным. У XIX стагоддзі нельга было адразу нарадзіць дзіця, а тады ўступаць у законны шлюб. Бацькі Аляксандра ў адносінах да свайго дзіцяці паступілі некаторым чынам несумленна. Аляксандр нарадзіўся за год да жаніцьбы бацькі і па гэтай прычыне не мог прэтэндаваць на спадчыну. Ардынацыя ж магла перадавацца толькі па мужчынскай лініі, ці, як казаў Ян Радзівіл Барадаты, – “па мячы”.
Пасля доўгіх судовых разглядаў Нясвіжская ардынацыя перайшла прадстаўнікам прускай галіны Радзівілаў, а за дачкой Дамінікай Стэфаніяй засталіся велізарныя ўладанні ў Літве, Жамойці, Беларусі агульнай плошчай больш за мільён гектараў. Гэтыя землі і зрабілі Стэфанію самай багатай нявестай Еўропы.
Але Стэфанія з самага маленства лёс мела незайздросны. Калі Стэфаніі было 4 гады, ад атрыманых раненняў на палях баявых дзеянняў у Парыжы (1813 год) памірае бацька. Маці, Тэафілія Мараўская, мела мянушку “Княгіня мноства мужоў”. Зразумела, што, займаючыся толькі сваім асабістым жыццём, выхаваннем сваёй дачкі Тэафілія займалася неналежным чынам і па гэтай прычыне рускай імператарскай сям’ёй была пазбаўлена правоў апекі над Стэфаніяй.
У пяцігадовым узросце маленькую Стэфанію аддалі на выхаванне ў Кацярынінскі інстытут высакародных дзяўчат у Пецярбург, якім апекавалася імператрыца-маці Марыя Фёдараўна. Яна і родная бабуля Стэфаніі былі стрыечнымі сёстрамі, і, такім чынам, Стэфанія з’яўлялася ўнучатай траюраднай пляменніцай імператрыцы.
У Кацярынінскім інстытуце сапраўднай сяброўкай для Стэфаніі стала Аляксандра Рассет (у шлюбе – Смірнова), дачка французскага эмігранта, які служыў інспектарам Адэскага партовага каранціна. Па ўспамінах Аляксандры Восіпаўны, маці Стэфаніі дзяўчынку не любіла і ахвотна аддала яе ў чужыя рукі. А вось імператрыца Марыя Фёдараўна адносілася да Стэфаніі як да роднай дачкі і старалася будучыню дзяўчынкі зрабіць шчаслівай. Грацыёзная, прыгожая, з высакароднымі парывамі душы, Стэфанія ў Інстытуце навучалася 12 гадоў, была ўзнагароджана за выдатную вучобу і паводзіны залатым медалём, а пасля выпуску стала фрэйлінай пры імператрыцы Марыі Фёдараўне.
Сучаснікі апісваюць не толькі чароўную прыгажосць Стэфаніі, але і яе дабрачыннасць. Амаль 50 рублёў кожны дзень Стэфанія раздавала бедным (а, дарэчы, на пятак можна было добра пад’есці); служанкі атрымоўвалі ад Стэфаніі пасаг, а састарэлыя слугі – поўны пансіён. І гэта з улікам таго, што апекуны Стэфаніі – князь Любецкі і граф Грабоўскі, – яе бязбожна абкрадвалі, даючы толькі 60 тысяч рублёў у год з усіх бязмежных уладанняў.
Фрэйліна Стэфанія Радзівіл была найвялікшым упрыгожваннем балоў і раўтаў Пецярбурга, а аднойчы ў сезоне 1827-1828 гадоў на званым вечары ў Лізаветы Міхайлаўны Хітро выбрала для мазуркі самога Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Лічыцца, што Пушкін быў проста ашаломлены розумам і прыгажосцю Стэфаніі і нават прысвяціў ёй адзін са сваіх вершаў “Паж ці Пятнаццаты год”, датаваны 1830 годам:
…Она строга, властолюбива,
Я сам дивлюсь ее уму —
И ужас как она ревнива;
Зато со всеми горделива
И мне доступна одному.
На самой справе цесных узаемаадносін Стэфанія Радзівіл і Аляксандр Сяргеевіч Пушкін не мелі, але прэтэндэнтаў на руку і сэрца Стэфаніі было дастаткова.
Па жаданні князя Антонія Радзівіла Стэфанія павінна была выйсці замуж за яго сына Фердынанда, які моцна кахаў яе. Стэфанія не прыняла прапанову. Фердынанд моцна перажываў адмову, праз некаторы час захварэў і памёр. Яго апошнімі словамі да Стэфаніі былі: “Бывай, да сустрэчы ў лепшым свеце…”.
Тады імператрыца Марыя Фёдараўна вырашыла, што мужам Стэфаніі павінен стаць адзін з медыятызаваных князёў Германіі. Аднак пры рускім імператарскім двары іх было не так і шмат.
Герцаг Аляксандр Вюртэмбергскі хацеў, каб Стэфанія выйшла замуж за яго сына Аляксандра, але тут ужо апошні не хацеў гэтага шлюбу.
Таксама да Стэфаніі сватаўся закаханы ў яе князь Львоў, які пасля адмовы захварэў на сухоты і хутка памёр. Руку і сэрца прапаноўвалі Стэфаніі такія знакамітыя асобы, як генерал Касцецкі, князь Юсупаў, а таксама Васіль Кутузаў.
З імператарскім флігель-ад’ютантам кавалергардам Львом Пятровічам Вітгенштэйнам Стэфанію пазнаёміла яе сяброўка Аляксандра Рассет. Леў Пятровіч нарадзіўся ў 1799 годзе і быў старэйшым сынам фельдмаршала, героя вайны 1812 года Пятра Хрысціянавіча Вітгенштэйна, які не дапусціў напалеонаўскі паход на Пецярбург і быў адным з нямногіх дзекабрыстаў, памілаваных царом.
Маладыя людзі пазнаёміліся летам 1827 года на Галавінскім летніку імператрыцы Марыі Фёдараўны недалёка ад сталіцы. Княжна Стэфанія звярнула ўвагу на каравульнага афіцэра ў форме Кавалергардскага палка. Першапачаткова іх уземаадносіны асаблівым чынам і не складваліся, бо Леў Пятровіч аказаўся вельмі сціплым у адносінах да Стэфаніі. Нават прапанову аб шлюбе зрабіў не асабіста, а перадаў праз знаёмых. Пасля такой “шыкоўнай” прапановы Леў Вітгенштэйн з’ехаў да бацькоў у Падольскую губернію, а імператрыца Марыя Фёдараўна хвалявалася, каб Стэфанія не адмовіла Льву, бо вельмі паважала Вітгенштэйна-старэйшага.
Аднак праз некаторы час Стэфанія і Леў Пятровіч сталі сустракацца часцей, і ў хуткім часе 16 красавіка 1828 года адбыўся шлюб Стэфаніі Радзівіл і Льва Вітгенштэйна. Вянчаліся маладыя ў каталіцкім касцёле Святой Кацярыны на Неўскім праспекце, а затым пратэстанцкі святар даваў шлюбныя наказы ў Зімовым палацы Пецярбурга.
Хроснай маці Стэфаніі была сама імператрыца Марыя Фёдараўна, а хросным бацькам – малодшы брат Імператара Мікалая I Міхаіл Паўлавіч. Сам Мікалай I не з’явіўся на цырымонію шлюбу з-за ўдзелу графа Пятра Вітгенштэйна ў змове дзекабрыстаў, чым моцна пакрыўдзіў маладых.
Маладая сям’я пражывала ў Пецярбурзе, узяўшы ў арэнду дом графа Гур’ева на Фантанцы. Мэбля ў доме была вядомага майстра Генрыха Гамбса, які па тых часах лічыўся самым модным. Кухарам быў француз, але Стэфанія больш любіла стравы звычайныя і простыя. Калі для замежных паслоў і сакратара французскага пасольства, якія кожны дзень абедалі ў Стэфаніі, падавалі вытанчаныя стравы, то сама яна любіла суп з кіслай капусты, кашу, варэнікі, калдуны, кулябяку, запечаную бульбу з цыбуляй, кампот з брусніц з дабаўленнем лёду. Французскі кухар вельмі засмучаўся, што княгіня не датыкаецца да прыгатаванай ім ежы; вучыўся гатаваць ежу рускай кухні, аднак дасканала так і не авалодаў сакрэтамі прыгатавання простых страў.
У хуткім часе ў лютым 1829 года Стэфанія нарадзіла дачку Марыю Антонію Караліну Стэфанію Вітгенштэйн. Цяжарнасць яе была вельмі незвычайнай. У жанчыны з’явілася вострая неабходнасць есці воск. Ад яе стараліся схаваць усе свечкі з воску, але нават падчас балю Стэфанія не магла ні аб чым іншым думаць, акрамя гэтых свечак. Якраз у гэты перыяд у Стэфаніі дыягнаставалі сухоты, якія па тых часах не шкадавалі ні бедных, ні багатых. Лекары параілі ёй выехаць з халоднага Пецярбурга ў сонечную Італію.
Стэфанія і Леў Вітгенштэйны выехалі ў Рым, пасля пераехалі ў Фларэнцыю, аднак стан здароўя княгіні не палепшыўся. Хвароба толькі прагрэсавала.
У маі 1831 года ў Стэфаніі і Льва Вітгенштэйнаў нарадзіўся сын – Пётр Дамінік Людвіг. Лічыцца, што нараджэнне другога дзіцяці падарвала апошняе здароўе княгіні, і нават пераезд у французскі Эмс не выправіў сітуацыю. І замежны клімат, і высокапрафесійныя ўрачы аказаліся слабымі перад гэтай страшнай хваробай.
Стэфанія разумела, што па стане здароўя ёй больш не ўбачыць сваіх маляўнічых уладанняў і не адпачываць сярод простых людзей пасля пецярбургскіх салонаў. Цікава, але нават у апошнія дні свайго кароткага жыцця княгіня не пакутавала, а толькі кашляла і слабела. Аднойчы вечарам 14 (26) ліпеня 1832 года Стэфанія прыбралася, села побач са сваім мужам Львом, паклала галаву на яго плячо і ціха адышла ў іншы свет.
Стэфаніі Вітгенштэйн, у дзявоцтве Радзівіл, было толькі 22 гады…
На руках у мужа Стэфаніі Льва Вітгенштэйна засталіся малыя дзеці Марыя і Пётр, якія яшчэ не разумелі страты матулі, а таксама ўсе ўладанні жонкі.
У гонар сваёй каханай Стэфаніі Леў Вітгенштэйн у 1834 годзе загадаў збудаваць архітэктару А. П. Брулову ў сваім маёнтку Дружнаселле, што на Гатчыне, адмысловую крыпту над магілай княгіні, якую называюць храмам Святой Стэфаніды. Будынак атрымаўся цудоўным – сонечны колер сценаў, ружовыя водбліскі, быццам кроў на вуснах хворага на сухоты чалавека, разбяны дэкор, гранітныя калоны знутры і звонку.
Той самы паэт Іван Казлоў у 1832 годзе з вялікім сумам напісаў пра заўчасную смерць Стэфаніі ў сваім вершы “Жалоба”:
И вянешь ты во блеске дней,
Лилея, сердцу дорогая!..
Увы!..
Как рано перед ней
Открылась тайна гробовая!..
Любовью, радостью дышать…
И в сень подземную скрываться,
Ей страшно было умирать,
Еще страшнее расставаться…
Увогуле, Мірскі замак цесна звязаны з жанчынамі знакамітых радоў. Далёка не кожная з гэтых жанчын мае лёс, падобны да лёсу Стэфаніі Радзівіл. Але, каб сапраўды адчуць подых гісторыі Мірскага замка, трэба асабіста дакрануцца да велічы яго магутных сцен.
Вольга ДАВІДЗЕНКА,
г. п. Мір
Фота з архіва ўстановы “Музей “Замкавы комплекс “Мір”