Любимый муж, физкультура и побольше овощей. О секретах активного долголетия рассказывает кореличчанка Елена Жученко

Алене Пятроўне ЖУЧЭНКА з г.п. Карэлічы сёлета споўнілася восемдзесят гадоў. Нягледзячы на сталы ўзрост, яна вядзе актыўны лад жыцця. Як ёй гэта ўдаецца, журналіст раённай газеты  «Полымя» пацікавілася падчас сустрэчы.

— Алена Пятроўна, у чым Ваш  сакрэт даўгалецця?

— У сям’і. З мужам Віктарам Васільевічам пражылі 59 гадоў у згодзе і ўзаемаразуменні. Выхавалі 3 дзяцей, дачакаліся 6 унукаў і 3 праўнукаў. Яны знайшлі сябе ў жыцці. Я працавала  завучам у Карэліцкай дзіцячай музычнай школе. Лад у сям’і і любімая праца — усё гэта дапамагала ўпэўнена ісці па жыцці, адчуваць сябе шчаслівай, дажыць да сталага ўзросту.

— Напэўна, у Вас ёсць свой рэжым дня і асаблівае харчаванне.

— Пастаянна ўстаю ў сем гадзін раніцы, раблю зарадку. Рыхтую сняданак, звычайна ем аўсяную кашу на льняным масле (дарэчы, ужываю страву некалькі разоў на дзень малымі порцыямі). Затым а палове дзесятай іду ў гурток вязання пры Карэліцким Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе  праводжу дзве гадзіны.

На абед  рыхтую, як гаворыцца, першае, другое, трэцяе. Вару боршч, расольнік, іншыя супы. На другое — мясныя вырабы на пару з зелянінай, рыбу, гарбузовую кашу. П’ю кампот, гарбату, каву. Вечарам найчасцей ужываю малочныя супы, кефір.

На працягу дня  вяжу, чытаю, разгадваю крыжаванкі. Гэта добрая зарадка для розуму, каб захаваць яснасць розуму і памяць.

— Што дае асабіста Вам наведванне Карэліцкага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва?

— Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва наведваю даўно, з дня яго адкрыцця. Мы вяжам сурвэткі, тапачкі, шкарпэткі. Там часта арганізоўваюцца выставы нашых вырабаў. Хаджу штодзённа: ёсць справа для рук, ды зносіны з людзьмі даюць магчымасць абмяняцца навінамі. Хочацца выказаць словы ўдзячнасці загадчыцы дзённага аддзялення для састарэлых грамадзян Карэліцкага ЦСАН Вользе Сяргееўне Жук і нашаму кіраўніку Людміле Вячаславаўне Хвеська.

— Любіце чытаць?

— Люблю чытаць класіку. Перачытваю Чэхава, Ясеніна. Паэзію люблю за адносіны да Радзімы, за светлае пачуццё кахання, што вельмі неабходна нам сёння. З асалодай чытаю творы мясцовых паэтаў, з задавальненнем наведваю творчыя сустрэчы ў Карэліцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы.

— А якому са сваіх захапленняў аддаяце перавагу?

— Вязанню, бо пакуль займаюся любімай справай, атрымліваю вялікую асалоду. Прыходзіць спакой для душы, а гэта так важна ў сталым узросце. І разам з тым душу перапаўняе радасць, бо ты ствараеш сваімі рукамі нешта прыгожае. Затым гэтую рэч можна падарыць сябру ці знаёмаму. Лічу, што гэта добры падарунак.

— Якая, на Вашу думку, самая вышэйшая каштоўнасць у жыцці?

— Вядома, здароўе. Калі яно ёсць, то ёсць і стымул у жыцці. А яшчэ чалавек павінен верыць у святое,  гэта дае ўраўнаважанасць, добразычлівасць, спакой.

— Хто Ваш найлепшы сябар і дарадца ў жыцці?

— Муж, хаця дрэннага  слова не скажу пра дзяцей і ўнукаў, бо пастаянна наведваюцца і тэлефануюць. З мужам мы разам з ранку да вечара, ён сваёй справай займаецца, а я сваёй. У нас шмат агульных інтарэсаў, заўжды адзін аднаго падтрымліваем.

— Што б Вы пажадалі маладым?

— Жыць у любові ды згодзе, дапамагаць адзін аднаму, і шмат цярпення — гэта тое, што датычыць сям’і і блізкіх. А яшчэ  шмат працаваць, бо праца — самае галоўнае ў жыцці. Ніколі яе не трэба баяцца, яна ўзвышае чалавека і робіць выканаўцу багатым і шчаслівым.

 

Гутарыла Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКА